Миорское альц-кафе "Васильки". Что в меню?
gazeta 28-12-2025, 10:19 5 148 Навіны
Лекцыі на актульныя тэмы, практычныя задачкі для мозга, прыемныя стасункі, пазітыўныя эмоцыі – гэта пастаянныя пункты ў «меню» альц-кафэ «Васількі», што пачало дзейнічаць у аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.
Чтоб провести
отлично время
И хороши были деньки,
Сегодня здесь мы открываем
Кафе с названьем «Васильки»…
Вершаваныя радкі да адкрыцця кафэ з цікавым і карысным інтэрактывам падрыхтавала наведвальніца аддзялення Валянціна Крупенька. Першы занятак сабраў каля двух дзясяткаў удзельнікаў.
Праект «Альц-кафэ «Васількі» – той выпадак, калі сышліся ў адным просьбы наведвальнікаў аддзялення і рэкамендацыі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
– Да рэалізацыі праекта прыступілі ва ўсіх тэрытарыяльных цэнтрах вобласці, – заўважае загадчык аддзялення Ганна Ліскова. – Сустрэчы ў кафэ ўключаюць два асноўныя блокі: выступленні суб’ектаў прафілактыкі і практыкаванні па папярэджанні дэменцыі.
Пра фактары рызыкі, спосабы прафілактыкі і праяўленні дэменцыі распавяла псіхолаг ТЦСАН Надзея Мятла. Адзначыла, што рызыка павялічваецца з узростам, вядзе да гэтага ў тым ліку генетычная схільнасць. Сярод негатыўных фактараў нізкі ўзровень адукацыі, недахоп фізічнай актыўнасці, сацыяльная ізаляцыя, атлусценне, цукровы дыябет, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю.
Пра развіццё дэменцыі сведчаць страта арыентацыі ў прасторы, праблемы з памяццю, навучаннем. Да прыкладу, чалавек некалькі разоў задае адно і тое ж пытанне і забывае толькі што пачуты адказ; не можа зразумець, як карыстацца плітой. Псіхалагічныя прыкметы – неапраўданая трывожнасць, падазронасць, страта цікавасці да жыцця. Напрыклад, чалавек перажывае, ці выключыў з разеткі прас, якім увогуле не карыстаўся; лічыць, што сусе- дзі наўмысна прычыняюць яму шкоду, хаця гэта зусім не так.
Як заўважыла псіхолаг, ад з’яўлення першых прыкмет да прагрэсіравання дэменцыі ў сярэднім праходзіць чатыры – восем гадоў, аднак кожны выпадак – індывідуальны. Працэс незвароты, і асноўная мэта тэрапіі – замарудзіць развіццё і аблегчыць сімптомы.
Для прафілактыкі дэменцыі псіхолаг рэкамендавала комплексны падыход: фізічную актыўнасць, рэжым сна, збалансаванае харчаванне, трэніроўку мозга, пазітыўныя эмоцыі. На апошніх двух пунктах робяць акцэнт на занятках у альц-кафэ.
– Практыкаванні, якія прапануем, могуць падацца дзіцячымі. Аднак калі малым яны патрэбны для развіцця мозгу, то пажылым людзям – для актывізацыі яго работы. Да таго ж такая размінка ўзнімае настрой і дорыць станоўчыя эмоцыі, – падкрэслівае загадчык аддзялення. – Мы і раней практыкавалі заняткі па прафілактыцы дэменцыі, цяпер гэта будзе на пастаяннай аснове. Удзельнікі будуць атрымліваць дамашнія заданні. Кафэ адкрыта для кожнага жыхара раёна ва ўзросце 60+. Чакаем на заняткі ў кожны апошні чацвер месяца, уваход свабодны. Даведкі па тэлефоне 5 28 32.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял аўтара.





