"Если работаем, то вместе. Когда отдыхаем, то тоже вместе", - говорит о своей семье миорчанка Марина Кайнарова

 «Калі працуем, то разам. Кожны ведае свае абавязкі і робіць справу па сілах. Калі адпачываем, то таксама разам», – гаворыць пра сваю сям’ю міярчанка Марына Кайнарава. Аднолькава любіць дваіх дарослых сыноў, цешаць душу ўнукі, даглядае пляменніка, для якога знайшлося месца ў сэрцы і ў сям’і. Асабісты вопыт навучыў Марыну Васільеўну прыняццю і клопату.

Сустрэчу Марына Кайнарава прызначыла ў доме малодшага сына Аляксея, што побач з бацькоўскім.

– Цудоўна, што жывём па-суседстве. Патрэбна дапамога – мы побач, – заўважае.

За круглым сталом размясціліся старэйшы сын Васіль, пляменнік Сяргей і трое ўнукаў – другакласнік Раман, пяцігадовы Герман і трохгадовы Леў. Хто малюе, хто пазлы складае. Чакаюць дадому маці з нованароджанай сястрычкай Іларыяй.

– Словамі не перадаць, якое гэта шчасце – унукі, – дзеліцца бабуля. – Сям’я для мяне самае галоўнае. Блізкія – мая апора і падтрымка.

Добра памятае Марына Васільеўна свае эмоцыі, калі ўпершыню стала маці.

– Мне 21 год быў. Гляджу на свайго хлопчыка: здаецца, такое ж немаўля, як і ўсе. І не разумею, што кажа доктар пра сіндром Даўна. У медыцынскай энцыклапедыі знайшла пра гэта чатыры радкі, – дзеліцца суразмоўніца. – Цяпер шмат інфармацыі, у грамадстве змяняюцца адносіны да людзей з асаблівасцямі ў развіцці, дзейнічаюць карэкцыйныя цэнтры і аддзяленні для інвалідаў. Мне давялося самой быць для Васіля і псіхолагам, і дэфектолагам, і шмат яшчэ кім. Напачатку складана прыняць, што тваё дзіця адрозніваецца ад большасці. Трэба навучыцца з гэтым жыць. Прымаць і з разуменнем ставіцца да брата вучыла малодшага сына. Яны разам бавілі час і ўсё дзялілі пароўну.

 Цяпер Васілю 37 гадоў. Ён першы памочнік маці ва ўсіх гаспадарчых справах.

– Сам уборку раблю, кур і трусоў кармлю, градкі палю, бульбу капаю, лісце ўбіраю, – расказвае пра свае клопаты.

 Разам з маці крочыць у аддзяленне рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН. Марына Васільеўна працуе тут спецыялістам па сацыяльнай рабоце. Васіль займаецца ў творчых майстэрнях. Праходзіў адаптацыю да працоўнай дзейнасці па прафесіі майстра зялёнага будаўніцтва. Удзельнічаў у сезонных работах па добраўпарадкаванні ў гарадскім парку «Паўвостраў» і сам зарабляў грошы.

– Актыўны, імкнецца быць лідарам. Адкрыты ў стасунках. Самастойны, гадоў восем таму з валанцёрамі ў Польшчу ездзіў. Вельмі добры, ласкавы, верны, – характарызуе старэйшага сына маці. – Любіць пляменнікаў, і яны адказваюць яму тым жа. Часта бавяць разам час.

Яшчэ Васіль вывучае сталіцы краін, перамалёўвае іх сцягі. Пачаткам захаплення стала атрыманая ў падарунак энцыклапедыя пра краіны свету.

– Сталіца Ірландыі? – тэсціруе сына Марына Васільеўна.

– Дублін, – адразу дае адказ Васіль.

– Латвіі?

– Рыга.

– Кітая?

– Пекін.

– Германіі?

– Берлін.

За нашай размовай назірае Сяргей. Яму 31, у сям’і Кайнаравых восем гадоў. Малады чалавек больш засяроджаны на сваім унутраным свеце, яму патрэбна дапамога ў самаабслугоўванні. На даму з ім займаецца арт-тэрапіяй спецыяліст з тэрытарыяльнага цэнтра.

– Практычна не размаўляе, аднак мы разумеем адзін аднаго. Усміхаецца часам толькі дзецям. Як малым не ўсміхнуцца? – гаворыць Марына Васільеўна. – Сяргей – пляменнік майго былога мужа. У яго такі ж дыягназ, як і ў Васіля. Бацька адмовіўся ад сына, калі той толькі нарадзіўся, маці рана памерла, выхоўвалі дзядуля з бабуляй. Калі іх не стала, на сямейным савеце вырашылі забраць Сяргея да сябе. Ён нам не чужы. Ды і не змагла б аддаць яго ў сацыяльную ўстанову. Для мяне гэта непрымальна.

Сямейныя клопаты патрабуюць нямала сіл. І разам з тым гэта крыніца цяпла і святла. Спраўляцца з цяжкасцямі, са слоў Марыны Васільеўны, ёй дапамагаюць аптымізм і ўпэўненасць у тым, што чорную паласу абавязкова зменіць белая. Матулям, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей, раіць прымаць іх сэрцам, любіць без умоў і лічыць самымі лепшымі. 

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий