У Дзісне завершаны рамонт гасцініцы. 12 красавіка адбылося афіцыйнае яе адкрыццё. Кіраўнік УП ЖКГ У. І. Мяцеліца, старшыня Дзісенскага гарсавета А. А. Качан адзначылі, што цяпер ёсць дзе прымаць гасцей. У гасцініцы 9 нумароў, з якіх 2 люксавыя, ёсць гарачая вада. Адначасова ўстанова можа прыняць 17 чалавек. Двухмесных нумароў чатыры, на тры месцы — два.
— Прыкладна год спатрэбіўся, — расказвае Уладзімір Іванавіч, — каб выканаць неабходныя работы. Займаўся гэтым “Рамонтнік”, штосьці рабілі самі.
У вокнах шклопакеты, усюды ў пакоях сучасныя дзверы, мэбля. На ўсё гэта зрасходавана каля 300 мільёнаў рублёў. Дарэчы, куплялі тавары беларускай вытворчасці. Скажам, тэлевізары “Віцязь” з вялікім вадкакрышталічным экранам, мэбля з Варапаева.
На гасцінічных сценах прыгожыя карціны. Належным чынам абсталяваны пакой для адміністратара. Старшая пакаёвая Ала Пятроўна Цурыкава працуе ў гэтай сферы 5 гадоў, у яе падпарадкаванні Ніна Мікалаеўна Гусак і Ірына Мікалаеўна Ядрэўская. Дзяжурства будзе кругласутачнае.
Што да цэн, то яны памяркоўныя. Нумар “люкс” на суткі каштуе 109850 рублёў. Цана самага таннага — 62590 руб.
Гасцініца чакае наведвальнікаў, прапануе свае паслугі.
Л. НАВАСЕЛЬСКІ.