Малолетнему узнику фашизма Зинаиде Алексеевне Авсюк идет 91-й год
gazeta 11-04-2025, 16:00 2 423 Навіны / Мая малая Радзіма
Малолетнему узнику фашизма Зинаиде Алексеевне Авсюк идет 91-й год. Ее могло не стать еще в немецкой неволе, когда заболела и долго была без сознания. Судьбой суждена была долгая жизнь. Непростое, с тяжелыми испытаниями и незаживающими душевными ранами.
Малалетняму вязню фашызму Зінаідзе Аляксееўне Аўсюк ідзе 91-ы год. Яе магло не стаць яшчэ ў нямецкай няволі, калі захварэла і доўга была без прытомнасці. Відаць, лёсам наканавана было доўгае жыццё. Няпростае, з цяжкімі выпрабаваннямі і незагойнымі душэўнымі ранамі.
– Усё маё жыццё ў слязах. Нагаравалася, намучылася, – гаворыць Зінаіда Аляксееўна. – Як бы ні было, яшчэ пажыць хочацца.
Апошнія шэсць гадоў Зінаіда Аляксееўна жыве ў сям’і ўнучкі Галіны ва Узмёнах. Сумуе па сваёй хатцы ў Брыжынках, але заставацца там адной ужо няма магчымасці. У такім узросце патрэбны пастаянны догляд, да таго ж цалкам страціла зрок. Пра мясцовыя і падзеі ў свеце даведваецца з расповядаў унучкі і навін па радыё. Часта прыгадвае мінулае. Успаміны цяжкія, бязрадасныя.
Маршрут: Папкоў Луг – Дзюсельдорф
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Зінаідзе было шэсць гадоў. Яна малодшае сёмае дзіця ў сялянскай сям’і з вёскі Папкоў Луг.
– Прыйдуць уначы партызаны. Тату кажуць запрагаць каня, везці ў Юркаўшчыну ў атрад. Павязе, а мы ўсе сядзім плачам. Маці Богу моліцца. Баяліся, каб не расстралялі за сувязь з партызанамі. Прыедзе тата – радуемся, што вярнуўся, – расказвае суразмоўніца.
У кастрычніку 1943 года вёску Папкоў Луг спалілі немцы. Мясцовых жыхароў пагрузілі на падводы і павезлі ў Міёры. Туды ж пагналі ўсю хатнюю жывёлу.
– Мы за кіламетр ад’ехаліся, і наша хата загарэлася, – успамінае Зінаіда Аляксееўна. – Увечары загадалі ісці даіць сваіх кароў і дазволілі малака папіць. Сястра пайшла, але нашых двюх кароў ужо не было. Іх паліцаі сабе забралі. Адну мы адсудзілі, калі з Германіі вярнуліся.
Са сваёй сям’ёй Зінаіда трапіла ў лагер у Дзюсельдорфе. Бацькі, старэйшыя браты і сястра працавалі на заводзе, яна з яшчэ адным братам заставаліся ў лагеры.
– Брат удалы быў, дзірку ў кутку адпароў: вылезе – і пайшоў у горад. То дровы каму складзе, то брыкет, то буханку хлеба прынясе, то картку на хлеб, – расказвае. – Нам малым у лагеры таксама сядзець не давалі. Бункеры палолі, каб травінкі нідзе не было. Падмяталі. А якая сіла была? Але ж рабілі. Прывязуць капусту, бручку – насілі на склад. Я раз не пайшла бункер палоць, галава вельмі балела. Прыйшоў камендант і збіў мяне. Тата вярнуўся, а я сплакаўшыся ўся. Пайшоў за мяне заступіцца, а яму ў адказ: мала ёй, зараз і табе дабаўлю.
Складана ўявіць умовы, у якіх жылі зняволеныя. Спалі па два чалавекі на драўляных двух’ярусных ложках. Харчаванне складалася з 300 грамаў хлеба на суткі, дзе пілавіння больш, чым мукі; супу са шпінатам, у якім плавалі жукі. На Вялікдзень і ў свята Нараджэння Хрыстова «частавалі» пюрэ і падлівай з жаб.
– Людзі елі, а з нас ніхто не еў. У адну міску зліём гэтую падліву, занясём у бачок выліем, – гаворыць Зінаіда Аляксееўна.
У снежні 1944 года лагер разбамбілі. Зінаіда са сваімі роднымі трапілі да гаспадара. У той час яна цяжка хварэла, больш за месяц ляжала без прытомнасці.
– Маці думала, што я не выжыву. Але ачуняла, – расказвае суразмоўніца. – Як палепшала, бульбу на кухні чысціла. Штодня па дванаццаць вёдзер. Чысціць трэба было так, каб шалупачка свяцілася. Маці гатавала ежу, прыбірала ў пакоях. Сястра на агародах працавала. Бацька з братамі – на палетках, на валах ездзілі. Жылі ў палове дома, якую гаспадар адвёў. Тут хоць пад’еўшы былі.
«Лёгкага нічога не бачыла»
У маі 1945-га для Зінаіды Аляксееўны і яе родных распачаўся доўгі шлях дадому. Вызваліўшы зняволеных, амерыканскія салдаты перадалі іх англічанам. Тыя суправаджалі да расійскай граніцы.
– Ехалі ў някрытых машынах. Такія дажды лілі. Аднойчы спыніліся на нейкай паляне, карчоў нанасілі, брат у лес за яловымі лапкамі схадзіў. Распалілі агонь, каб крыху абсушыцца. Пагрэліся і далей паехалі, – успамінае Зінаіда Аляксееўна. – Ужо на рускай тэрыторыі адна машына пайшла пад адкос. 25 чалавек загінулі. У кастрычніку нас прывезлі ў Глыбокае. Далей трэба было дабірацца самім. На падводах пагаджаліся везці толькі за разлік. Нашы нямецкія маркі – на заводзе і гаспадар за працу плацілі – тут нікому не патрэбныя былі. Разлічваліся адзеннем, матэрыялам. Каб даехаць з Шаркаўшчыны ў Міёры, тата аддаў свой касцюм, дзве ваўняныя коўдры, якія нам англічане далі, маці – куртку і спадніцу.
У Папкоў Луг сям’я ўжо не вярнулася. Там чакала толькі попелішча. Крыху пажылі ў сваякоў. Затым даведаліся, што ў Падданах засталася яўрэйская хата. Там перазімавалі. Пасля змайстравалі хлеў.
– У адным канцы карова стаяла, у другім мы жылі. Як выраслі, усе разышліся, – гаворыць суразмоўніца. – Тата 92 гады пражыў, адзін з братоў – 94, маці і сястра некалькі месяцаў да 90 не дажылі. Апошні год мама ў мяне была, даглядала яе.
У мірным жыцці Зінаідзе Аўсюк таксама давялося зведаць нямала пакут. Праз тры тыдні пасля нараджэння першай дачкі трапіў у аварыю муж. Доўга ляжаў у бальніцы з пераломамі абедзвюх ног. У 1976 годзе загінулі ў пажары двое дзетак, у 1992-м не стала дачкі, затым паралізавала мужа, пасля чаго пражыў нядоўга.
Даводзілася шмат працаваць. У калгасе спачатку паляводам, затым дваццаць гадоў цялят на ферме даглядала. Дома пастаянна ў клопатах па гаспадарцы.
– Лёгкага нічога не бачыла. Як стану ўспамінаць, тады плачу, – гаворыць Зінаіда Аляксееўна. – Цяпер жыць не нажыцца. Мы ж напакутаваліся. У холадзе, у голадзе, у страху. Няхай Бог дасць мірнае неба над галоўкамі. Каб людзі больш так не пакутавалі, як нам давялося.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва рэдакцыі.