Презентация книги писателя-земляка Франца Сивко состоялась в центральной районной библиотеке

"Фабрика Междуречья. От папернидо водопада". Новаякнигаписателя-землякаФранцаСивковышлав этом году в издательстве ВГУ имени П. Машерова.44страницы стильнооформленногоизданиясодержатсобраннуюпо кусочкам историюМеждуреченскоговодопадана реке Вята, где прошло детство автора.ФранцИвановичпрезентовалкраеведческуюработув центральной районной библиотеке.
«Фабрыка Міжрэчча. Ад паперні да вадаспада». Новая кніга пісьменніка-земляка Франца Сіўко выйшла сёлета ў выдавецтве ВДУ імя П. Машэрава. 44 старонкі стыльна аформленага выдання змяшчаюць сабраную па кавалачках гісторыю Міжрэчанскага вадаспада на рацэ Вята, дзе прайшло дзяцінства аўтара. Франц Іванавіч прэзентаваў краязнаўчую працу ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Інтэрнэт-крыніцы па-рознаму называюць вадаспад – Міёрскі, у Суромшчыне, у Прудніках. Гэта не адпавядае сапраўднасці. Вадаспад – Міжрэчанскі, таму што месцейка, дзе ён знаходзіцца, называецца Міжрэчча, падкрэсліў Франц Сіўко. Заўважыў, што сама назва – вадаспад – прыдумка 90-х гадоў. Пайшла яна ад турыстаў, якія сталі прыязджаць сюды на адпачынак з розных куткоў краіны і нават замежжа.

– Для іх гэта вадаспад, а для мяне – помнік гідратэхнічнай культуры і архітэктуры канца 19 – пачатку 20 стагоддзя, – адзначыў Франц Іванавіч. – У нашай свядомасці павінна замацавацца менавіта такое стаўленне. І на ўказальніку павінна быць напісана – «Да Фабрыкі Міжрэчча (вадаспада)». 

Аўтэнтычная назва сучаснага вадаспада – Фабрыка Міжрэчча – значыцца ў дакументальных крыніцах. Напрыклад, у спісе парафіянаў Ідолтаўскага касцёла 1928-1930 гадоў.

Выданню кнігі папярэднічала грунтоўная работа па пошуку і зборы матэрыялаў. Пра Міжрэчча і яго ваколіцы ўзгадвае ўраджэнец Кракава Міраслаў Задора-Цішэўскі ў працы «Мае ўспаміны з Браслаўшчыны. 1918-1939 гг.». Як адзначыў Франц Іванавіч, з гэтай крыніцы ён пачэрпнуў шмат інфармацыі для кнігі. Так, Задора-Цішэўскі фабрыку, што дзейнічала ў Міжрэччы і дзе выраблялі ўпаковачную паперу і кардон, называе паперняй. Такая ж назва прыводзіцца на карце польскага Вайсковага геаграфічнага інстытута 1932 года, з якой бачна, што фабрыка знаходзілася паміж сядзібамі Міжрэчча і Устжэжа. Гэтыя мясціны належалі роду Святаполк-Мірскіх. Хто дакладна пабудаваў паперню, можна толькі меркаваць.

Выданне змяшчае шмат унікальных фотаздымкаў. Многія з іх аўтару даслаў Іван (у дзяцінстве – Янак) Аўсюкевіч, сын інжынера-электрыка Міжрэчанскай гідраэлектрастанцыі, што з’яўлялася пераемніцай паперні і млына. Дарэчы, будынак электрастанцыі займаў толькі трэцюю частку фундамента паперні.

На фота 1972 года можна ўбачыць плаціну яшчэ з мостам і парэнчамі. Франц Іванавіч прыгадвае, што мост гэты быў хісты, але вельмі трывалы, бо трымаўся на жалезных палях. Фота прыкладна 1965 года адлюстроўвае агульны выгляд вытворча-жыллёвага комплексу Фабрыка Міжрэчча: хата, фабрыка, плаціна. Унікальны здымак каля 1973 года – фабрычнае пасяленне з боку вёскі Суромшчына, уверсе на ім хата Станіслава Анашкі, які працаваў на паперні, а яго сын пасля на млыне.

Узгадвае аўтар уладальніцу маёнтка Устжэжа Тэрэсу Козел-Паклеўскую, у якой служыў фурманам яго дзядуля. Як сведчаць успаміны
М. Задора-Цішэўскага, яна была вельмі працавітай жанчынай. Сама пасадзіла і даглядала  некалькі гектараў саду. Рабіла гэта дбайна. Падчас моцных марозаў у 1939 годзе многія сады ў наваколлі павымярзалі, а ва Устжэжы ўцалеў.

Кніга «Фабрыка Міжрэчча. Ад паперні да вадаспада» папоўніла фонды цэнтральнай і сельскіх бібліятэк Міёршчыны. Удзельнікі сустрэчы не прамінулі магчымасці набыць яе для сябе. Выстраілася чарга за аўтографам. У продажы гэтая краязнаўчая праца маецца ў Доме кнігі ў Наваполацку. Яна зацікавіць не толькі выхадцаў з тых мясцін і жыхароў міёрскага краю, але і кожнага, хто хоць аднойчы пабываў на вадаспадзе. Дакладней – на Фабрыцы Міжрэчча.

ДАРЭЧЫ

Напярэдадні прэзентацыі кнігі ў Міёрскай цэнтральнай раённай бібліятэцы Франц Сіўко наведаў Павяцкую СШ імя В. Бабічава. Падрабязна расказаў настаўнікам і вучням пра свае родныя мясціны і пра вадаспад, якім памятае яго з малых гадоў.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий