Интеллектуальный правовой турнир, посвященный Дню Конституции, прошел на Миорщине
gazeta 14-03-2025, 13:22 2 451 Навіны / Адукацыя і выхаванне
Інтэлектуальны прававы турнір, прысвечаны Дню Канстытуцыі, прайшоў у цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яго ўдзельнікі – дзевяцікласнікі СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Каманды 9 А і 9 Б класаў адказвалі на пытанні на веданне палажэнняў асноўнага закона краіны і правоў грамадзян.
Складаўся турнір з размінкі і чатырох тураў. За правільныя адказы каманды атрымлівалі жэтоны.
Калі была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь? Якія мовы маюць статус дзяржаўных? Хто з’яўляецца адзінай крыніцай улады ў нашай дзяржаве? З якога ўзросту грамадзяне краіны валодаюць выбарчым правам? Якія сімвалы з’яўляюцца дзяржаўнымі? Гэтыя і іншыя пытанні першага тура не выклікалі складанасцяў у каманд. На многія сінхронна давалі правільныя адказы. Між тым па выніках размінкі і першага тура выйшла ў лідары каманда 9 Б класа «Беларусы» з 16 баламі. Ігракі з каманды 9 А «Бульбашы» атрымалі 12 балаў.
Другі тур, дзе патрабавалася адгадаць слова па яго значэнні і колькасці літар, згулялі ў нічыю. Адно з пытанняў гучала так: «Гэтае слова ў Канстытуцыі знаходзіцца ў главе аб Прэзідэнце. Аднак можа мець дачыненне да таго, хто Прэзідэнтам не стане». Удзельнікі здагадаліся, што маецца на ўвазе прысяга.
Найбольш ажыўленым атрымаўся трэці тур. Па чарзе ігракі зачытвалі сюжэт літаратурнага твора ў юрыдычнай інтэрпрэтацыі і павінны былі адгадаць яго назву. Напрыклад, «гэта гісторыя аднаго злачынста. Заказчык на глебе асабістай непрыязнасці вымушае свайго падначаленага з асаблівай жорсткасцю знішчыць аднаго з членаў уласнай сям’і. Злачынства не было ўчынена з-за жаласлівасці выканаўцы. Тады злодзей вырашае расправіцца з безабароннай ахвярай сам». Над загадкай давялося паразважаць, і ўрэшце каманда «Беларусы» здагадалася, што размова ідзе пра «Казку пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» Аляксандра Пушкіна. Дарэчы, у якасці правільнага быў бы залічаны адказ «Беласнежка і сем гномаў» братоў Грым.
«Гісторыя двух дзяцей, адно з якіх было скрадзена, адвезена ў іншую краіну, зачаравана і ўтрымлівася пад замком, а другое скіравалася ў поўныя небяспекі прыгоды, каб адшукаць і выратаваць сябра». Па гэтым апісанні адразу пазналі казку Ганса Хрысціяна Андэрсэна «Снежная каралева».
У чацвёртым туры ўвазе ігракоў прадставілі карціны мастакоў, чые сюжэты адлюстроўвалі парушэнні правоў асобы. Трэба было назваць, якія менавіта правы парушаны.
Па выніках інтэлектуальнага прававога турніру з 32 баламі выйшла ў лідары каманда 9 Б класа «Беларусы». «Бульбашы» з 9 А набралі 24 балы і занялі другую пазіцыю.
Падчас мерапрыемства школьнікам яшчэ раз нагадалі, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Асноўным законам краіны, валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай, усе прававыя акты выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з ёй.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.