Хобби выходного дня миорчанки Дарьи Милашевич

 Яркая, эфектная, з прыгожым голасам і чароўнай усмешкай. Такой ведаюць салістку Дар’ю Мілашэвіч міёрскія гледачы. Некалькі гадоў таму Даша вырашыла паспрабаваць амплуа вядучай і паспяхова развіваецца ў цікавым для сябе накірунку. Цяпер гэта яе хобі па выхадных.

Навучанне – працэс пастаянны

Ролю вядучай Дар’я разам з сястрой Яўгеніяй перыядычна спрабавала падчас адпачынку з сябрамі і калегамі. Знаходзілі ў інтэрнэце вясёлыя конкурсы і забаўлялі імі кампанію.

– Цяпер – з вышыні новых ведаў і атрыманага вопыту – гэта выклікае ўсмешку, – заўважае Дар’я. – Маё правіла такое: або займацца чымсьці прафесіянальна, або не займацца ўвогуле. Часта ў мяне пытаюцца, ці спяваю на мерапрыемствах, якія вяду. Калі гэта да месца, магу праспяваць некалькі песень ці падтрымаць у караоке. У цэлым жа не спяваю. Гэта патрабуе дадатковай працы: падбіраць рэпертуар, набываць якасныя мінусоўкі. На мой погляд, трэба займацца чымсьці адным, а не распыляцца па некалькіх накірунках.

Пра справу вядучай Дар’я задумалася падчас водпуску па доглядзе дзіцяці. Для многіх маладых матуль гэты перыяд становіцца стартам у новую дзейнасць. Вольнага часу хапала, і Даша пачала дэталёва вывучаць справу, якая выклікала інтарэс. Знайшла цікавага для сябе спікера, знаёмілася з матэрыяламі анлайн, а пасля пашчасціла патрапіць на яго выступленне ў Мінск. Затым быў афлайн майстар-клас у яшчэ аднаго спікера.

– Пастаянна вучуся. Гляджу анлайн-вебінары. Абменьваемся вопытам з іншымі вядучымі ў чатах. Не шкада дзяліцца ідэямі: адзін і той жа конкурс у кожнага атрымліваецца па-свойму. Канешне, вялікая розніца паміж навучаннем анлайн і жывымі майстар-класамі ў прафесіяналаў, калі ўдзельнікі на сабе спрабуюць конкурсы, якія пасля будуць прапаноўваць сваёй аўдыторыі, –  расказвае суразмоўніца. – На мой погляд, прафесіянала адрозніваюць вопыт, сваё бачанне. Што прапанаваць гасцям у той ці іншы момант: вясёлы конкурс, лірычнае адступленне ці проста адпачынак на свежым паветры. Незалежна ад таго, што прапісана ў праграме вядучага, арыенцір у першую чаргу на аўдыторыю, на тое, чаго ёй хочацца. Лічу, што ў мяне атрымліваецца адчуваць аўдыторыю. Часам пасля мерапрыемства здаецца, нібы крылы за спіной вырастаюць. Між тым здараюцца і расчараванні.

Ацэнку даюць аўдыторыя і ўласныя адчуванні

 Упершыню тэорыю на практыцы Дар’я прымяніла на вяселлі ў знаёмай. Тая заўважыла, што больш нікога ў ролі вядучай на сваім свяце не бачыць. Усё атрымалася. Пасля паступіла яшчэ некалькі просьб правесці вяселле. Цяпер Дар’я выступае вядучай на розных урачыстасцях: дзень нараджэння, вяселле, юбілей сямейнага жыцця.

– Сваім патэнцыяльным кліентам раю не спяшацца з выбарам вядучага. Важна, каб паміж намі ўзнікла ўзаемаразуменне. Часам рэкамендую іншых вядучых, – расказвае Дар’я. – Імкнуся загадзя вывучыць аўдыторыю, з якой буду працаваць. Чым больш мне раскажуць пра гасцей, тым прасцей падрыхтаваць праграму на іх густ. Самой жа падабаецца актыўная аўдыторыя, камандныя конкурсы. Сумаваць не даю. Як правіла, падрыхтоўка да мерапрыемства пачынаецца за тыдзень. Для мяне гэта заўсёды цікавы творчы працэс. Чым бліжэй да ўрачыстасці, тым больш нарастае хваляванне, якое паступова спадае ўжо ў працэсе правядзення свята.

Пасля кожнага мерапрыемства вядучая праводзіць самарэфлексію. Што атрымалася, з якім конкурсам не ўгадала, што можна было зрабіць лепш. Гэта таксама частка прафесіянальнага развіцця. Да хэйту Дар’я ставіцца спакойна. Разумее, што мала каму ўдаецца гэтага пазбегнуць. Ацэнку сваёй рабоце дае, зыходзячы з рэакцыі аўдыторыі і ўласных адчуванняў.

Нерашучасць пераадольвае дзеянне

 Быць вядучай для Дар’і Мілашэвіч – адначасова і захапленне, і прыемны актыўны адпачынак, і значная фізічная і псіхалагічная нагрузка, і на цяперашні час неад’емная частка яе выхадных дзён.

Будні праходзяць на металапракатным заводзе, дзе працуе інжынерам-энергетыкам па ўліку энергарэсурсаў. Да справы, зусім не звязанай з творчасцю, Дар’я таксама ставіцца адказна.

– Па жыцці я вельмі нерашучы чалавек, – прызнаецца яна. – Калі ў свой час прапанавалі работу ў Міёрскім раёне газазабеспячэння, дзе працавала да водпуску па доглядзе дзіцяці, а пасля на заводзе, я вельмі сумнявалася. Разам з тым лічу, што ўсё ў жыцці невыпадкова. Пачынаць заўжды страшна, аднак калі штосьці прапаноўваюць, трэба спрабаваць. Момантаў, калі б сур’ёзна памылілася, не здаралася. Заўважыла, што чым больш сябе нагружаеш, тым больш паспяваеш. Да таго ж у мяне ёсць надзейная апора і падтрымка – мае бацькі. Толькі з іх дапамогай я змагла ажыццявіць свае ідэі, у тым ліку і стаць вядучай. Намерана далей развівацца ў гэтым хобі.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял з асабістага архіва Дар’і МІЛАШЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий