Миорчанин Вячеслав Стома вернулся из Афганистана в декабре 1980 года
gazeta 15-02-2025, 09:35 3 093 Навіны / Беларусь памятае
Вячаслаў Стома вярнуўся з Афганістана ў снежні 1980 года. Тая вайна для яго скончылася і назаўсёды засталася ва ўспамінах. Іх выразнасць і яскравасць непадуладныя часу. Воін-інтэрнацыяналіст часта прыгадвае службу ў «гарачай кропцы», адкуль пашчасціла вярнуцца жывым і здаровым. У мірным жыцці знайшоў сваё прызванне ў творчасці: піша карціны, выдаў зборнік напісаных яшчэ ў юнацтве вершаў. Больш за 30 гадоў Вячаслаў Мілецьевіч узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».
«Ехалі горда»
Новы 1980 год Вячаслаў Стома сустракаў салдатам танкавых войск. Пасля паўгода «вучэбкі» ў барысаўскіх Пячах, вядомых сваёй строгай дысцыплінай, накіравалі ў танкавы батальён у Баравуху-3. Адтуль да роднай вёскі Зялёны Лог (раней Хахулькі) на Язненшчыне лічы што рукой падаць. Падчас звальнення часта ўдавалася прыехаць дадому. Вось і на сустрэчу Новага года атрымалася.
– Якраз напярэдадні – 25 снежня 1979 года – пачалі ўводзіць савецкія войскі ў Афганістан. Маці хвалявалася, што і я магу туды трапіць. На гэта адказаў ёй: хто танкістаў будзе браць, дэсантнікі разбяруцца, – прыгадвае Вячаслаў Мілецьевіч.
13 студзеня 1980 года ра-зам з саслужыўцамі ён ужо быў у Афганістане. Спачатку салдатам паведамілі, што накіроўваюцца на вучэнні. І толькі ў цягніку расказалі пра сапраўдны пункт прызначэння. Сем сутак ехалі да горада Тэрмез ва Узбекістане. Адтуль па пантонным мосце праз раку Амудар’я скіраваліся ў Афганістан.
– Ехалі горда, страху не было. Нам казалі, пару месяцаў пабудзем, падтрымаем афганскі народ і назад вернемся. Аднак вайна на дзевяць гадоў расцягнулася, – распавядае воін-інтэрнацыяналіст. – Спачатку цікава было: мазаныя домікі, жанчыны ў паранджы… Нібы ў нейкую ўсходнюю казку трапілі. Ну а пасля ўжо ўсялякае пайшло.
«Слаўка, ты ж загінуў!»
Другі год сваёй армейскай службы Вячаслаў Стома правёў за тысячы кіламетраў ад роднага дома, дзе яго чакалі маці і сястра. Танкавы батальён ахоўваў газавы завод у Шыбаргане, на якім працавалі савецкія спецыялісты. Салдаты размясціліся ў бліндажах. Акрамя аховы ўдзельнічалі ў баявых аперацыях.
– Пастралялі… – гаворыць пра сваё армейскае мінулае суразмоўнік.
Адна з баявых аперацый, у якой удзельнічаў Вячаслаў Мілецьевіч, – пошук брата афганскага правіцеля-дыктатара Хафізулы Аміна. Салдат чуў, як побач праляцела куля. На шчасце, не зачапіла.
Вольным часам Вячаслаў пісаў дадому. Усе лісты праходзілі строгі кантроль, таму распавядаў родным на агульныя тэмы. Расказваў пра надвор’е з тэмпературай удзень 30 – 40 градусаў, а ўначы з невялікім мінусам. Тэмпературны максімум, які застаў за час службы ў Афганістане – +65 градусаў па Цэльсію.
– Да мясцовага клімату хутка прывыклі. Вільготнасць невысокая, таму не так адчуваецца спякота. Паветра горнае, чыстае – дыхаецца лёгка, – расказвае суразмоўнік.
Калі выпадала магчымасць, займаўся фотаздымкай – з сабой быў фотаапаратат – і афармляў дэмбельскі альбом. Пашанцавала пранесці яго праз граніцу, калі звальняўся ў запас.
Зноў парог бацькоўскай хаты Вячаслаў Стома пераступіў 31 снежня 1980-га. «Рукі і ногі цэлыя?» – перш-наперш спытала ў сына маці. «Слаўка, ты ж загінуў!» – з радасным здзіўленнем усклікнулі школьныя сябры, калі прыйшоў на вечар сустрэчы выпускнікоў у Чарневіцкую школу. Аказваецца, у ваколіцы хтосьці пусціў чутку, што Вячаслаў застаўся ў Афгане назаўсёды.
Дыплом настаўніка, душа мастака
Той вечар сустрэчы для Вячаслава Мілецьевіча стаў пралогам яго прафесійнай дзейнасці. Дырэктар школы прапанаваў працаваць выхавацелем у групе падоўжанага дня. Вячаслаў пагадзіўся. Пасля паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута.
– Мастацкая творчасць вабіць з дзяцінства. Малы, се-дзячы на печы без святла, з захапленнем маляваў. Электрычнасць у доме з’явілася, калі мне шэсць гадоў было, – прыгадвае суразмоўнік. – Пасля школы паступаў у сталічны інстытут на архітэктара вучыцца, не здаў экзамен па матэматыцы, з якой ніколі складанасцяў не было. Думаў пасля арміі зноў паспрабаваць, але атрымалася па-іншаму.
Студэнт-завочнік вёў урокі чарчэння, фізкультуры, пэўны час нават выкладаў рускую і замежную мову.
– У педкалектыве 14 мужчын было. Разам узвялі два дамы для настаўнікаў, цір пабудавалі, – распавядае былы педагог. – Тры гады настаўнічаў. Але мне больш хацелася маляваць. У 1983-м пераехаў у Міёры і ўладкаваўся мастаком-афарміцелем у КБА. Там 18 гадоў адпрацаваў, пасля запрасілі ў «Расінку». Ужо 24 гады, як тут заняты.
Умелай рукой Вячаслава Мілецьевіча распісаны сцены санаторыя, аздабляюць інтэр’ер яго маляўнічыя пейзажы. Афармляе стэнды, стварае дэкарацыі для мерапрыемстваў. Засталі мастака-афарміцеля за аздабленнем Дошкі гонару ўстановы.
Усяго творчая калекцыя Вячаслава Стомы складае каля сотні работ. Іх фота размяшчае на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». Раней ладзіў выставы ў гісторыка-этнаграфічным музеі, на свяце горада на паўвостраве. Адна з карцін стала экспанатам абласнога музея воінаў-інтэнацыяналістаў. Ёсць задумка арганізаваць выставу карцін з нагоды юбілею – сёлета воіну-інтэрнацыяналісту спаўняецца 65 гадоў.
Памяць і пашана
Больш за 80 ураджэнцаў Міёршчыны выконвалі інтэрнацыянальны доўг у далёкай краіне. Вячаслаў Стома ведае пра кожнага: з 1993 года ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».
– Пяцёра нашых хлопцаў не вярнуліся з той вайны, 18 пайшлі з жыцця ў мірны час. Кожны год шануем іх памяць на ўрачыстым мітынгу, наведваем месцы іх пахавання, падтрымліваем сувязь з роднымі. Напрыклад, Тамары Іосіфаўне Станкевіч з Забалоцця, чый сын Сяргей загінуў у Афганістане, дапамагаем секчы дровы, – расказвае воін-інтэрнацыяналіст пра справы раённай арганізацыі. – У ліку нашых актывістаў Валерый Мажынскі, Сяргей Мацвееў, Міхаіл Кабёлка, Валерый Тычко, Сяргей Бурак, Іван Юхно, Алег Пацеенак, Васіль Сушко, Уладзімір Далідовіч, Уладзімір Бондар, Уладзімір Пахірка. Прымаем удзел у патрыятычных мерапрыемствах. Кожны год у ліпені праходзіць абласны турзлёт сярод раённых арганізацый воінаў-афганцаў. Сёлета ў Сянно на гэтае спаборніцтва збіраемся. У мінулым годзе ў складзе дэлегацыі ад Міёрскага раёна пабывалі на «Кургане Дружбы».
Цяпер на Міёршчыне пражывае 59 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вячаслаў Мілецьевіч марыць, калі пойдзе на пенсію, кожнага наведаць асабіста. Будзе пра што пагутарыць і што ўзгадаць.
Як заўважае воін-інтэрнацыяналіст, службу ў Афганістане прыгадвае часта. І яна не дае пра сябе забыць. Так, летам 2017-га Вячаслаў Стома атрымаў медаль «За баявыя заслугі». Узнагарода знайшла героя больш за 30 гадоў пасля службы.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з асабістага архіва Вячаслава СТОМЫ.




