Пракаменціраваць сітуацыю з падрыхтоўкай навучальных устаноў раёна да новага навучальнага года рэдакцыя папрасіла начальніка аддзела адукацыі В. А. Драбу.
—Школы і дашкольныя ўстановы раёна своечасова пачалі рамонтныя работы і ў асноўным іх завяршылі,—адзначыў Валерый Анатольевіч.—Большасць будынкаў ужо гатова прыняць вучняў. Асабліва старанна займаліся падрыхтоўкай памяшканняў у Новым Пагосце, Сіцькове, Чапуках, Мікалаёве. З дня на дзень будзе закончаны рамонт дзіцячых садоў і адзінай Наўгародскай пачатковай школы-садка. Рабочыя яшчэ займаюцца дахам СШ №2 райцэнтра, які капітальна не рамантавалі на працягу дзесяцігоддзяў. А вось у дзіцячым садку №2 работы на страсе закончаны. Устаноўлены пластыкавыя вокны ў Павяцці, зроблены яны для школы ў Язна, часткова—для Завуцця і Туркова. Работы праводзіліся за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў школ, сум, выдзеленых цэнтрам занятасці насельніцтва, а яшчэ—спонсараў.
Для школ закуплена неабходнае халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне. Шэсць кацельняў у Язненскай, Туркоўскай, Дварнасельскай, Новапагосцкай, Перабродскай і Павяцкай школах перададзены на баланс УП ЖКГ. І цяпер камунальнікі будуць займацца ацяпленнем класаў. Сярод нявырашаных пытанняў—водазабеспячэнне Мілашоўскай базавай школы-сада, якое ў многім залежыць ад УП “Міёрскі”.
—А як школы сёлета будуць забяспечаны кадрамі выкладчыкаў? —У цэлым нашы школы настаўнікамі забяспечаны, вакансій у іх няма. А пры гэтым прыязджаюць 23 выпускнікі вышэйшых педагагічных навучальных устаноў, чакаем выкладчыкаў і з сярэдніх спецыяльных. Апошнія перастаноўкі будуць зроблены ў бліжэйшыя дні.