Миорчанка Ада Геннадьевна Драченко отмечает 80-летие
gazeta 14-08-2024, 11:32 2 016 Навіны / ЮбілейДень рождения у Ады Геннадьевна Драченко 14 августа. Медовый Спас. Сладкой жизнь была не всегда. Ее хлеб-ветеринарное дело. На родной Миорщине прошла ступени профессионального роста от ветврача бывшего колхоза имени Чапаева в Долгиново до начальника районной ветстанции. В этом году бывшему главному ветврачу района исполнилось 80 лет. Юбилейная дата-повод оглянуться на прошлое, порадоваться нынешнему, загадать на будущее.
Дзень нараджэння ў Ады Генадзьеўна Драчэнка 14 жніўня. На Мядовы Спас. Салодкім жыццё было не заўсёды. Яе хлеб – ветэрынарная справа. На роднай Міёршчыне прайшла прыступкі прафесійнага росту ад ветурача колішняга калгаса імя Чапаева ў Даўгінаве да начальніка раённай ветстанцыі. Сёлета былому галоўнаму ветурачу раёна споўнілася 80 гадоў. Юбілейная дата – нагода азірнуцца на мінулае, парадавацца цяперашняму, загадаць на будучае.
Калі дакладней, завуць нашу гераіню Арыада. Аднак дадзенае бацькамі імя застаецца толькі ў дакументах. Па жыцці Адай клічуць.
– А мой дзень нараджэння ў пашпарце няправільна ўказаны – 14 кастрычніка. Так у свой час запісалі, – гаворыць яна.
– Будзе нагода яшчэ раз 80-годдзе адзначыць, – заўважаю суразмоўніцы, і разам смяёмся.
Ада Генадзьеўна чалавек жыццярадасны. Не любіць акцэнтаваць увагу на негатыўных момантах, выбірае добрыя думкі і светлыя ўспаміны.
– Жылі дружна, працавалі шмат. Побач са мной добрыя людзі былі, – так ў двух сказах характарызуе свае працоўныя будні, якія расцягнуліся амаль на сорак гадоў.
Выбар прафесіі ветурача абумовілі абставіны, але Ада Генадзьеўна не лічыць іх выпадковымі. У школьныя гады былі думкі стаць настаўніцай. З часам не раз пераконвалася: ветэрынарыя – яе справа. Менавіта з ветлячэбніцы (цяпер ветстанцыя. – Заўвага аўтара) у Міёрах у 16 гадоў пачала свой працоўны шлях.
– Родам я з Цімошкава. Нас у сям’і чатыры дачкі. З часам усе атрымалі вышэйшую адукацыю, – расказвае суразмоўніца. – Скончыўшы школу ў Туркове ў 1961 годзе, адразу вучыцца далей не магла. Хварэлі бацькі, таму пайшла працаваць. Муж стрыечнай сястры Міхаіл Сенчык на той час узначальваў міёрскую ветлячэбніцу, узяў мяне на работу санітаркай. Жыла ў іх на кватэры ў райцэнтры. Да шасці вечара на працы, затым ішла на заняткі ў вячэрнюю школу рабочай моладзі, дадому апоўначы вярталася.
Праз два гады Ада паступіла ў Віцебскі ветінстытут (цяпер акадэмія ветэрынарнай медыцыны. – Заўвага аўтара). Студэнткай выйшла замуж за хлопца з Гродзеншчыны Юрыя Драчэнку, у хуткім часе ў іх нарадзілася дачушка. У 1968 годзе маладая сямейная пара заатэхніка і ветурача прыехала працаваць на Міёршчыну ў калгас імя Чапаева з цэнтрам у Даўгінаве. Праз год мужа перавялі ў павяцкую гаспадарку «Гігант», тут жа стала галоўным ветурачом Ада Генадзьеўна.
– Галоўная задача ветэрынарнай службы – захаваць пагалоўе і дасягнуць максімальных сутачных прываг. Для гэтага патрабавалася праводзіць комплекс мерапрыемстваў. Сачылі за рацыёнам і ўмовамі ўтрымання жывёлы, праводзілі вакцынацыю, – знаёміць ветурач са спецыфікай сваёй работы, якая падразумявала ненармаваны рабочы дзень, адсутнасць выхадных і водпуск у некалькі дзён.
У тым ліку і паспяховая работа ветэрынарнай службы прывяла калгас «Гігант» па выніках 1976 года на першае месца ў раёне па вытворчасці і рэалізацыі мяса. Паказчыкі ў малочнай галіне былі значна вышэйшымі за сярэднераённыя. У пачатку 1977-га Аду Драчэнка ўзнагародзілі медалём «За працоўную адзнаку».
Адказнасць і працавітасць галоўнага ветурача павяцкай гаспадаркі імпанавалі начальніку райветстанцыі Аляксею Скурату. Менавіта ёй прапанаваў стаць сваім намеснікам. Восенню 1978-га Ада Генадзьеўна з дзецьмі пераехала ў Міёры. На той час ужо не стала мужа, лёс адмерыў ім 13 гадоў разам.
Намеснік галоўнага ўрача, начальнік лабараторыі, галоўны ўрач раёна – на такіх пасадах працавала ў ветстанцыі. На чале з Адай Драчэнка ветэрынарная служба раёна двойчы станавілася адной з найлепшых у вобласці. Калі ў 2000 годзе прыйшоў час заслужанага адпачынку, Ада Генадзьеўна яшчэ тры гады папрацавала ў ветаптэцы, а пасля развіталася з калегамі. І цяпер захоўвае ў дамашнім архіве яркі плакат, з якім яе праводзілі на пенсію.
Шмат добрых слоў і пажаданняў прагучала ў адрас імянінніцы ў яе 80-годдзе. Ад родных, сяброў, былых калег. Паклапацілася пра святочны стол дачка Наталля, якая жыве ў суседнім доме і штодня забягае наведаць маці. Перадаў падарунак сын Ігар з Віцебска. Віншавалі бабулю чацвёра ўнукаў і дзве праўнучкі. Рада Ада Генадзьеўна святочным прывітанням ад сясцёр, з якімі штодня на мабільнай сувязі. На два гады старэйшая Лілія ў Міёрах жыве, Людміла ў Мінску, малодшая Галіна – ёй 74 – у Віцебску. Як заўважае імянінніца, найлепшы падарунак для яе – любоў і ўвага блізкіх людзей. Самой сабе жадае мець добрае самаадчуванне і не дастаўляць залішніх турбот тым, хто побач.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.