У самым канцы мінулага года выйшла ў свет выдадзеная ў Мінску дапоўненая і абноўленая брашура 2007 г. “Зачараванне Міёрскага краю”. Пад эгідай райвыканкама асноўныя матэрыялы для яе падрыхтавалі настаўнік гісторыі СШ №3 В. А. Ермалёнак, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму А. І. Жук, былы кіраўнік прыродаахоўнай арганізацыі “Ельня” П. І. Багалей. Іх рэдагаваў, рыхтаваў і падбіраў здымкі, афармляў выданне А. У. Маладзечкін.
Значны ўклад у брашуру ўнеслі гурткоўцы-краязнаўцы з “Арганаўтаў мінулага”, многія нераўнадушныя мясцовыя людзі і навучэнцы. І гэта зразумела, бо выданне мае на мэце папулярызацыю багатых гісторыка-культурных і турыстычных магчымасцяў Міёршчыны.
Брашура складаецца з раздзелаў “Будні Міёрскага краю”, “Краязнаўства”, “Экалагічны адпачынак”, “Актыўны адпачынак”, “Даведнік адпачываючага”. Ужо гэта сведчыць, што яна разлічана на прыезджых, турыстаў, нават замежных, бо нямала матэрыялаў на англійскай мове. У ёй шмат здымкаў, карт мясцовасцяў, схем турыстычных маршрутаў. Іх дапаўняюць звесткі пра турыстычную інфраструктуру — аграсядзібы, дзіцячы санаторый “Расінка”, базу “Актам” і домік паляўнічых, спартыўныя аб’екты, зоны адпачынку, цікавыя мясціны, маршруты магчымых падарожжаў.
Але не толькі. Брашуру з поўным правам можна назваць маленькім даведнікам пра нашу Міёршчыну. Яна расказвае пра мінулае і сённяшні дзень раёна, славутых людзей, гістарычныя падзеі, помнікі архітэктуры, прыроды, археалогіі. Пра музеі, “Ельню”...
Вядома, можна пераказваць усё, пра што апавядаюць маляўніча аформленыя 54 старонкі на выдатнай мелаванай паперы. Але лепш купіць у кнігарні, каб прачытаць для сябе і захаваць для нашчадкаў, падараваць гасцям.