Поздравление миорчанам с Праздником Пасхи

«Resurrectio Domini, spes nostra – змёртвыхпаўстанне Пана, гэта наша надзея» (Аўгустын, Мова 261, 1). 

Дарагія браты і сёстры! 

Велікодная раніца пачынаецца для нас чарговы раз словамі: «Хрыстос уваскрос!» Гэта старажытныя словы, але якія ж заўсёды новыя! Нібы пачутыя першы раз, яны зноў перапаўняюць нашы сэрцы сапраўднай радасцю і ўмацоўваюць хрысціянскую веру і надзею. Уваскрослы Хрыстус, якога сустрэла Марыя Магдалена ў раніцу змёртвыхпаўстання, калі прыйшоў да сваіх вучняў, Ён той самы, які прыходзіць сёння да нас і да ўсяго свету. Мая асабістая радасць, перажыванне святых дзён Мукі і Уваскрэсення Пана, як кропля, што злучаецца з такімі ж іншымі кроплямі хрысціянскай веры па ўсім свеце і ўтварае вялікую раку, што поіць зямлю надзеяй і дае чалавеку надзейны фундамент і сэнс майму існаванню. Пандэмія, эканамічныя крызісы, войны, кожная несправядлівасць, з якой мы сустракаемся, – гэта доказ недасканаласці свету пасля грэхападзення і таго, што чалавек дрэнна карыстаецца створаным Богам светам. Аднак усё гэта не можа перакрэсліць прысутнасці Хрыста. Ён уваскрос! Перамог д’ябла – прычыну ўсялякага зла і з’яўляецца тым, хто працягвае кожнаму з нас руку надзеі.

Няхай сустрэча з Уваскрослым Панам у святочнай літургіі ўмацуе веру кожнага з нас. Няхай словы вучняў з Эмаўс: «Пане, астанься з намі» (Лк 24, 28-29) будуць выразам найглыбейшых жаданняў нашых душаў у гэты асаблівы дзень. Кожны па-свойму, але няхай сёння адчуем радасць, якая ужо дзве тысячы гадоў гучыць у касцёле і рэха якой не змоўкне ніколі.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 

Радасных вам Велікодных святаў жадаюць ксёндз Андрэй КУЛІК і святары Міёрскага дэканату.

 

0 комментариев

Добавить комментарий