Диалоговая площадка, посвященная 30-летию Конституции Республики Беларусь, прошла в Миорах

 О формировании и развитии белорусской Конституции шла речь на диалоговой площадке "Конституция Республики Беларусь-основной закон государства" в центральной районной библиотеке.

 «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны Закон дзяржавы». Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай, прысвечаная 30-годдзю беларускай Канстытуцыі, прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Пра фарміраванне і ўдасканаленне Асноўнага Закона дзяржавы са школьнікамі і працоўнай моладдзю вялі размову прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый.

Вытокі беларускага заканадаўства бяруць пачатак са Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588 гадоў, якія рэгулявалі праваадносіны на нашых землях у 16 – 18 стагоддзях. Непрацяглы час дзейнічала на тэрыторыі сучаснай Беларусі першая ў Еўропе Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая 3 мая 1791 года. У савецкі перыяд у краіне прымалі Канстытуцыю ў 1919, 1927, 1937, 1978 гадах. 15 сакавіка 1994-га была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, у якую тройчы – у 1996, 2004, 2022 гадах – уносілі змяненні і дапаўненні, нагадала асноўныя этапы беларускага канстытуцыйнага развіцця навуковы супрацоўнік гісторыка-этнаграфічнага музея Вольга Пупіна.

Дакумент, які рэгулюе адносіны паміж грамадствам і дзяржавай. Так, па меркаванні намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Жука, можна простай мовай растлумачыць сутнасць Канстытуцыі. Падкрэсліў: выступаючы гарантам правоў і свабод грамадзян, Асноўны Закон дзяржавы патрабуе выканання адпаведных абавязкаў. Да прыкладу, згодна з апошняй рэдакцыяй Канстытуцыі, дзяржава гарантуе захаванне гістарычнай праўды. У сваю чаргу абавязак кожнага грамадзяніна – быць патрыётам, шанаваць подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Беларуская дзяржава адстаяла суверэнітэт і незалежнасць, адзначыў Аляксандр Іванавіч, мы самастойна вызначаем свой шлях унутранай і знешняй палітыкі, самі гаспадарым на сваёй зямлі.

 Падзеі пачатку 90-х гадоў – распад СССР, утварэнне СНД, прыняцце Канстытуцыі незалежнай Беларусі і першыя прэзідэнцкія выбары – добра запомніліся старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыю Драба. Разарваныя эканамічныя і сацыяльна-культурныя сувязі паміж краінамі былога Савецкага Саюза негатыўна адбіліся на дабрабыце кожнай. Як прыгадвае Валерый Анатольевіч, на прэзідэнцкія выбары летам 1994-га беларусы ішлі са спадзяваннямі на найлепшае і для большасці стала блізкай праграма развіцця, якую прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Паступова справы ў краіне наладзіліся. У асабістым архіве старшыня раённага Савета дэпутатаў захоўвае пісьмо, якое падчас адных з прэзідэнцкіх выбараў хтосьці з выбаршчыкаў апусціў у скрыню разам з бюлетэнем. У ім словы ўдзячнасці Прэзідэнту, якога адрасант называе сапраўдным абаронцам Айчыны, годным свайго паста. Гэта адно са сведчанняў народнай падтрымкі.

У якасці экспертаў выступалі на пляцоўцы пракурор раёна Андрэй Вецюгоў, галоўны спецыяліст райвыканкама Марына Закрэўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аксана Ашурка, начальнік аддзела загса Ірына Юхно, дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Па-дзява, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Лысёнак, сакратар ветэранскай арганізацыі Зоя Родзіна. Для іх аўдыторыя падрыхтавала пытанні. Да прыкладу, у Андрэя Вецюгова пацікавіліся ходам расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа. Пастаянна адкрываюцца новыя факты, актуальная інфармацыя размяшчаецца на сайце Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Адно з пытанняў да Ірыны Юхно – наконт змены прозвішча ў дзіцяці. Гэта магчыма пры наяўнасці ўважлівых прычын – напрыклад, немілагучнасць ці складанасць у вымаўленні – а таксама дазволу законных прадстаўнікоў, калі дзіцяці няма шаснаццаці гадоў.

Які дакумент для пацвярджэння асобы – класічны пашпарт або біяметрычны і ID-картку – выбіраюць міярчане, спыталі ў Таццяны Лысёнак. У прыярытэце звычайны пашпарт, дзе разам са звесткамі пра грамадзяніна ўтрымліваецца інфармацыя пра месца яго рэгістрацыі і сямейнае становішча. У біяметрычным указаны толькі поўнае імя ўладальніка, дата яго нараджэння, тэрмін дзеяння дакумента. Астатнія старонкі – для віз. ID-картка дзейнічае на тэрыторыі Беларусі.

 Права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля прапісана ў артыкуле 47 Канстытуцыі. Адзначаецца асаблівы клопат дзяржавы пра ветэранаў вайны і працы, пра інвалідаў, пажылых людзей. Як заўважыла дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак, занятая ў сістэме сацыяльнай абароны з 1990 года, за гэты час зроблены вялікі крок наперад. Сацыяльнай падтрымкай ахоплены ўсе катэгорыі насельніцтва – ад немаўлят да пажылых людзей. Бацькі, у якіх нарадзілася двое і больш дзяцей або выхоўваецца дзіця з інваліднасцю, могуць скарыстацца паслугамі няні. Шматдзетныя сем’і кожны год атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ў падрыхтоўцы да навучальнага года. Адрасную дапамогу аказваюць малазабяспечаным сем’ям. Камфортныя бытавыя і псіхалагічныя ўмовы створаны ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Творчыя заняткі і цікавыя стасункі прапаноўваюць наведвальнікам аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. І гэта далёка не поўны пералік сацыяльных паслуг.

Завяршыла пляцоўку тэматычная віктарына. У ліку падарункаў для актыўных удзельнікаў – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Як было заўважана падчас сустрэчы, змест Асноўнага Закона дзяржавы важна ведаць кожнаму грамадзяніну.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий