Медработники Миорщины подвели итоги работы за 2023 год
gazeta 11-02-2024, 13:25 1 083 Навіны / Год качестваМероприятия государственной программы "Здоровье народа и демографическая безопасность на 2021 – 2025 годы", внедрение современных технологий в организацию лечебно-профилактической деятельности, развитие и укрепление кадрового потенциала. Над этими и другими задачами работала система здравоохранения района в прошлом году. Как справились и на чем акцентировать внимание в этом году, обсудили 8 февраля на медсовете.
Мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2021 – 2025 гады», укараненне сучасных тэхналогій у арганізацыю лячэбна-прафілактычнай дзейнасці, развіццё і ўмацаванне кадравага патэнцыялу. Над гэтымі і іншымі задачамі працавала сістэма аховы здароўя раёна ў мінулым годзе. Як справіліся і на чым акцэнтаваць увагу сёлета, абмеркавалі 8 лютага на медсавеце.
З дзевяці мэтавых паказчыкаў праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» ў 2023 годзе ў раёне выканалі пяць, адзначыла галоўны ўрач Міёрскай ЦРБ Алена Сівая. Да прыкладу, роўны нулю каэфіцыент смяротнасці немаўлят. На 100 % насельніцтва ахоплена работай каманд урачоў агульнай практыкі. Адсутнічае смяротнасць ад туберкулёзу. Разам з тым застаецца высокім каэфіцыент смяротнасці насельніцтва працаздольнага ўзросту: 7,3 пры мэтавым 4,6. Павялічылася колькасць суіцыдаў.
Сярод прычын агульнай смяротнасці пераважаюць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Іх доля амаль 50 %. Прыводзяць яны і да інваліднасці. З 56 чалавек працаздольнага ўзросту, якіх прызналі інвалідамі, сардэчна-сасудзістыя захворванні ў 16-ці. Анкалагічныя праблемы сталі прычынай інваліднасці ў 14 чалавек. Усяго ў 2023-м выявілі 88 выпадкаў анказахворванняў. З іх 21 – у запушчанай стадыі.
На анкацыталагічным абследаванні жанчын акцэнтавала галоўны ўрач увагу акушэрска-гінекалагічнай службы. Таксама неабходна паляпшаць якасць вядзення цяжарных жанчын і пацыентак з хранічнымі гінекалагічнымі захворваннямі, далей развіваць хірургічную анкалогію з пашырэннем лапараскапічных аперацый. За мінулы год іх правялі 18. Як заўважыла Алена Фёдараўна, з кожным годам у раёне змяншаецца колькасць жанчын фертыльнага ўзросту, гэта цягне за сабой зніжэнне нараджальнасці. У 2023-м на Міёршчыне нарадзілася 105 немаўлят. Першыя роды склалі 23 %, другія – 45 %.
Усяго ў раёне пражывае 2 970 дзяцей. З іх 1 809 – школьнікі. Усе прайшлі медыцынскае абследаванне. Найбольш частыя захворванні – зніжэнне зроку, хранічныя хваробы міндалін і адэноідаў, хваробы скуры. Першасна прызнаны інвалідамі восем дзяцей. У ліку прычын псіхічныя расстройствы, прыроджаныя анамаліі, хваробы вока, нервовай і касцёва-мышачнай сістэм. На якасную дыспансерызацыю, своечасовае выяўленне і лячэнне паталогій, санітарна-асветніцкую работу нацэльвала галоўны ўрач педыятрычную службу. Падобныя задачы пастаўлены і перад амбулаторна-паліклінічнай.
У сферы аховы здароўя раёна занята 57 урачоў, 239 сярэдніх медработнікаў і 131 супрацоўнік малодшага медперсаналу. Сёлета прыступяць да работы ўрач-хірург, двое ўрачоў агульнай практыкі, урач псіхіятр-нарколаг. Па мэтавых накіраваннях навучаюцца дзевяць будучых урачоў і восем сярэдніх медработнікаў.
Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. За мінулы год яе папоўнілі два легкавыя аўтамабілі, дзве стаматалагічныя ўстаноўкі, ацяпляльныя катлы для ФАПаў і іншае абсталяванне. Праходзіў бягучы рамонт.
У раёне на дастаткова высокім узроўні аказваюць падтрымку ўстановам аховы здароўя, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук. Так будзе і далей. Выдзелены сродкі на завяршэнне рамонту ў паліклініцы. Па графіку тэрмін да ліпеня, пажадана справіцца раней.
Год якасці пачынаецца з кожнага, заўважыў медыкам старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў. Перакананы, што калі кожны на сваім рабочым месцы будзе якасна спраўляцца з абавязкамі, гэта зменіць сітуацыю да найлепшага. Пакуль жа асобныя лічбы з даклада галоўнага ўрача не радуюць. Сярод іх нізкая нараджальнасць і высокая смяротнасць сярод насельніцтва працаздольнага ўзросту. На сустрэчах у працоўных калектывах кіраўніку раёна задаюць пытанні, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем. Іх будуць вырашаць у рабочым парадку.
Падвядзенне вынікаў работы за год – нагода адзначыць прафесіяналізм і адказнасць медыкаў. Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджана загадчык Чапукоўскага ФАПа Валянціна Пяткевіч, падзяка аб’яўлена інжынеру-электрыку Юрыю Шамшуру. Узнагароды галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама атрымалі медсястра старшая хірургічнага аддзялення Лёля Адамовіч і повар Святлана Іванова. Дзесяць супрацоўнікаў адзначаны граматамі Міёрскай ЦРБ, партрэты васьмярых занесены на Дошку гонару ўстановы.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял аўтара.