Миорчанка Алена Ефимова: "Знания нужно постоянно обновлять"
gazeta 9-02-2024, 16:02 1 105 Навіны / Адукацыя і выхаваннеНастаўніца хіміі СШ № 2 імя М. Ізварына Алёна Яфімава часам заўважае вучням, што сама ў школе гэты прадмет не вучыла. На іх здзіўленне ўдакладняе: хімію разумела. Разбіралася без цяжкасцяў, самастойна засвойвала новы матэрыял і дапамагала настаўніцы тлумачыць яго аднакласнікам. Восем гадоў выкладае любімую дысцыпліну дзецям.
– Урокі праходзяць у форме дыялогу. На кожным этапе – праверка дамашняга задання, вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу – ідзе размова з класам. Дзеці ведаюць, што ў любы момант магу задаць пытанне. Ствараю праблемныя сітуацыі, вучням цікава іх вырашаць, – дзеліцца методыкай настаўніца. – Для сямікласнікаў выкарыстоўваю элементы гульні, васьмікласнікаў вучу ствараць міні-праекты – буклеты, прэзентацыі і іншае – на аснове пройдзенага матэрыялу з дапамогай спецыяльных мабільных дадаткаў. Вучні старэйшых класаў на занятках гавораць нават больш за мяне. Практыкую перавернутыя ўрокі, калі дзеці тлумачаць настаўніку новы матэрыял. На занятках працуюць усе. Лайдачыць нікому не дазваляю.
Школьніцай Алёна Яфімава не думала, што пройдзе час і яна зноў вернецца ў клас, толькі ўжо настаўніцай. Педагогі ў роднай Чапукоўскай школе раілі здольнай і захопленай хіміяй вучаніцы паступаць у медыцынскую вну. Аднак гэтая сфера Алёну не вабіла. Стала студэнткай біялагічнага факультэта БДУ, дзе вучылася на спецыяльнасці «Біялогія. Навукова-педагагічная дзейнасць». Уяўляла сябе супрацоўніцай навуковай лабараторыі, але вырашыла паспрабаваць настаўніцкую справу. І яна прыйшлася па душы.
– У 2016 годзе прыйшла працаваць у Дворнасельскую школу. Праз два гады перавялася ў СШ № 2, – расказвае суразмоўніца. – Прапаноўвалі работу ў лабараторыі металапракатнага завода. Але маё – школа. Тут ёсць свае складанасці. Аднак заўсёды падтрымліваюць адміністрацыя і калегі. Вельмі люблю стасункі з дзецьмі, падабаецца дзяліцца з імі ведамі, дапамагаць разбірацца ў матэрыяле. Можа быць, хтосьці будзе ўдзячны мне, як я ўдзячна сваёй настаўніцы хіміі Леакадзіі Іванаўне Цвячкоўскай. І цяпер трымаю з ёй сувязь.
Нямала вучняў Алёны Ігараўны сталі студэнтамі медыцынскіх вну, хтосьці атрымлівае прафесію хіміка-тэхнолага. Сярод сёлетніх выпускнікоў таксама некалькі дзяўчат выбралі медыцыну. Звязаць будучыню з хіміяй вырашыў Яўген Івашкевіч. З абласной алімпіяды, як і ў мінулым годзе, вярнуўся з дыпломам ІІІ ступені. Добрыя вынікі вучні СШ № 2 імя М. Ізварына паказваюць на дыстанцыйных алімпіядах. Сакрэт поспеху ва ўменні настаўніка зацікавіць прадметам і даступна яго растлумачыць, адкуль вынікае жаданне дзіцяці вучыцца і спрабаваць свае сілы на новых узроўнях.
– Хімія цесна звязана з паўсядзённасцю. Калі тлумачыць матэрыял, прыводзячы простыя і даступныя прыклады з жыцця, успрымаць формулы і рашаць задачы вучням будзе прасцей, – заўважае педагог. – Так, пра маларастваральныя ўласцівасці кіслароду можна расказаць на прыкладзе акварыума. Пузыркі, што выходзяць на паверхню, якраз і сведчаць пра тое, што ў вадзе кісларод раствараецца толькі часткова. З дзевяцікласнікамі нядаўна праходзілі нітраты, цяпер самастойна вывучаюць іх утрыманне ў прадуктах харчавання. У канцы чвэрці кожны прадставіць праект па гэтай тэме.
Вучням Алёна Ігараўна імкнецца даць больш, чым патрабуе школьная праграма. Два гады працавала над напаўненнем гугл-класа – адукацыйнай платформы, дзе для кожнага класа створаны асобны кабінет з вучэбнымі матэрыяламі. Дастаткова ўзяць у рукі тэлефон і зайсці ў мабільны дадатак. Дапаўняць платформу новымі матэрыяламі цяпер дапамагаюць старшакласнікі.
З усмешкай настаўніца прыгадвае пра тоўсты сшытак для планаў урокаў, які завяла ў першы год сваёй працы. Тады думала, што гэтыя распрацоўкі аднойчы і назаўсёды. Хутка пераканалася: веды патрабуюць пастаяннага абнаўлення. Займаючыся з дзецьмі, Алёна Яфімава вучыцца сама. На семінарах абласнога інстытута развіцця адукацыі і рэспубліканскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, на курсах міжнароднай адукацыйнай платформы SKLAD. Цікавіць матэрыял, звязаны не толькі з прафесійнай дзейнасцю. Вывучала дызайн, майстэрства фотаздымкі. Мінулым летам прайшла курс «Штучны інтэлект у адукацыі». Затрачаныя на вучобу час і сродкі лічыць перспектыўным укладаннем.
На недахоп вольнага часу настаўніца не скардзіцца. Для яе выкладаць хімію больш, чым прафесія. Гэта частка ладу жыцця. Глядзець кіно без зборніка задач па любімым прадмеце ёй некамфортна. Прызнаецца, нават у водпуску тыдні праз два пачынае сумаваць па ўроках. Летні рэлакс у Алёны Ігараўны пачынаецца пасля таго, як завяршае вандроўку палатачны лагер, які яна ўзначальвае. Адпачываць любіць з сям’ёй на прыродзе і ў падарожжах. На працягу навучальнага года арганізуе экскурсіі для сваіх ужо адзінаццацікласнікаў. У снежні пабывалі ў Гродна, мінулай вясной наведалі Брэсцкую крэпасць. Класны кіраўнік імкнецца пашыраць кругагляд вучняў, з якімі сёлета давядзецца развітацца. Гэта яе першы выпуск.
І родныя, і вучні, і калегі рады за Алёну Ігараўну, якой прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны». Для яе самой гэта высокая ацэнка і прыемная нечаканасць.
– Ад такой навіны зведала лёгкі шок. Яшчэ да канца гэта не ўсведамляю, – прызнаецца яна. – Нават не думала, што маю працу можна так высока ацаніць. Канешне, гэта прыемна, і я вельмі ўдзячна. Такое званне натхняе і абавязвае да новых вынікаў. Хочацца далей развівацца і ісці наперад.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.