После отпуска с удовольствием приступил к работе Николай Кострица из Миорского района

Новый рабочий год начался первого февраля у механизатора ОАО "Попшули" Николая Кострицы. Уже мог бы отдыхать на льготной пенсии, только не представляет себя дома на уютном диване перед телевизором. После отпуска с удовольствием приступил к своим рабочим обязанностям.

 

Новы працоўны год пачаўся першага лютага ў механізатара ААТ «Папшулі» Мікалая Кастрыцы. Ужо мог бы адпачываць на ільготнай пенсіі, толькі не ўяўляе сябе дома на ўтульнай канапе перад тэлевізарам. Пасля водпуску з задавальненнем прыступіў да сваіх рабочых абавязкаў.

Сустрэліся з Мікалаем Мікалаевічам у апошнія дні яго адпачынку. Па ўсім відаць – па рабоце засумаваў.

– Нічым асаблівым не займаўся – пара такая, – быццам апраўдваецца суразмоўнік. – Дроў нарыхтаваў, і на наступны год хопіць. Дома жонка, сын прыехаў.

Вольны час механізатар праводзіць з карысцю. Кажа, тэлевізар рэдка глядзіць, а вось сучасны смартфон сын дапамог асвоіць. Тэлефоны ў яго два: адзін для работы, другі, як заўважае, – для забаў. Ролікі ў TikTok пашыраюць кругагляд і падымаюць настрой. Знаходзіць сярод мноства відэа тыя, што дапамагаюць разабрацца з тэхнікай.

– У мяне трактар барахліў, я думаў, з помпай праблемы. Мужчына расказваў пра падобны выпадак. Справа была ў фарсунках. У мяне якраз запасная была. Памяняў, і сапраўды – усё запрацавала, – радуецца Мікалай Кастрыца і здзіўляецца, што атрымалася наладзіць тэхніку такім чынам.

Падказкі з інтэрнэту бярэ на ўзбраенне, хаця і сам можа кансультаваць калег. За рулём трактара афіцыйна каля сарака гадоў. На самой справе ўдавалася паруліць яшчэ хлапчуком, калі браў з сабой на работу бацька. У родным Завуцці пачынаў сваю працоўную дзейнасць, пасля адслужыў у арміі і ў 1983 годзе вярнуўся ў калгас «Сцяг перамогі». Спрабаваў вадзіць машыну, але трактар аказаўся бліжэй. Хадзіў і за канём, калі зграбаў і вывозіў сена, разганяў і капаў бульбу. Увогуле, не цураўся ніякай работы.

Тут жа, у Завуцці, сустрэў сваю будучую жонку, з якой сёлета адзначаць 40-годдзе сямейнага жыцця. Рыма ўжо на пенсіі, была лабарантам у школе. Мікалай Мікалаевіч на адпачынак не спяшаецца, хоць працоўны стаж ужо з 2019 года дазволіў пайсці на льготную пенсію.

– А дома што сядзець? Лішняя капейка не перашкодзіць, – усміхаецца. – Каму як ні нам, пенсіянерам, працаваць?!

Мікалай Мікалаевіч пакуль не ведае, чым будзе займацца ў бліжэйшы час. Увесь мінулы год шчыраваў на пашы: падвозіў даярак на поле, перацягваў дойкі, дастаўляў статку ваду. Вясной возьмецца баранаваць глебу, транспартаваць зерне і ўгнаенні. Трактар хадавы, а яго гаспадар прагны да работы. Ужо падрыхтаваў тэхніку да тэхагляду, хутка паставіць яе на лінейку гатоўнасці.

МТЗ-82 чацвёртая адзінка на рахунку механізатара, і ўсе яны служылі верай і праўдай. У спраўным стане і асабістыя два трактары, якія набыў для апрацоўкі зямельнага надзелу. Іх дапамагаюць даглядаць сыны. Калісьці бацька прывіў ім любоў да тэхнікі, цяпер яны падтрымліваюць яго інтарэс да новых тэхналогій.

Алена Вароніна.
Фота Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий