Футбольные страсти

Футбольныя страсці

 

Футбольные страсти Вось ужо ў чатырнаццаты раз традыцыйны турнір па міні-футболу на прызы ФСК “Атлант” праводзіўся ў Міёрах. Распачаліся гульні ў суботу 21 студзеня, а на наступны дзень прайшлі паўфінал і фінал. Як і ў мінулым годзе, удзельнічала восем каманд: аблвыканкама і “СтокСіці” з Віцебска, мясцовыя ФК “Міёры-1” і “Міёры-2”, “Нафтан” і “Саюз-Нафтан” з Наваполацка, а са сталіцы — “Вігвам” і “Брыганціна”. Першы дзень сустрэч распачаўся а 10 гадзіне і працягнуўся да позняга вечара. На адкрыцці ўдзельнікаў турніру шчыра вітаў старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў.

 

Гульні па кругавой сістэме праходзілі напружана і цікава. Строга за кожным рухам футбалістаў сачылі кампетэнтныя суддзі з Наваполацка, а гэта спецыялісты першай катэгорыі, таму справядлівасць і прафесійнасць былі гарантаваны. У першы дзень вызначыліся мацнейшыя, у ранг якіх, на жаль, міёрскія каманды не трапілі, хаця на мінулым турніры ФК “Міёры-1” быў бронзавым прызёрам.

 

Асаблівая напружанасць адчувалася на наступны дзень, калі сустракаліся мацнейшыя. Не абыйшлося і без пакаранняў — асабліва злосныя парушальнікі атрымлівалі ад суддзі жоўтыя і чырвоныя карткі. У фінале за трэцяе-чацвёртае месцы згулялі “СтокСіці” і “Вігвам”, дзе мінчане здалі пазіцыі віцябчанам і ўступілі ім з лікам 5:7.

 

Напал барацьбы за лідарства паміж камандамі аблвыканкама і “Брыганцінай” перадаваўся і балельшчыкам. Віцябчане ўпарта не хацелі здаваць пазіцыі, у той час як мінчане стараліся перамагчы і настойліва нападалі на сапернікаў. Вось лік амаль выраўняўся — 4:5, заставалася забіць усяго адзін гол да нічыёй, але… Практычна за лічаныя хвіліны да заканчэння матча футбалісты з Мінска нанеслі вырашальныя ўдары — забілі яшчэ тры галы і перамаглі з лікам 8:5.

 

Футбольные страсти Сярод балельшчыкаў прысутнічаў і былы трэнер вядомай футбольнай каманды БАТЭ Юрый Пунтус. Ён сачыў за гульнямі два дні. Вось яго ўражанні ад убачанага і перажытага:

— У Міёрах на турніры ўпершыню. З вялікім задавальненнем назіраў за гульнямі. Хочацца адзначыць добрым словам арганізатараў, бо, праводзячы такога кшталту спаборніцтвы, значны ўнёсак робяць дзеля развіцця футбола. Важна, што ў вашым горадзе добрая традыцыя праводзіць турнір на прызы ФСК “Атлант”, і яна працягваецца. Каманды сустракаліся моцныя, таму і ад гульняў атрымліваў задавальненне. Наконт пераможцаў можна было прадбачыць, што мінчане атрымаюць пальму першынства. Дастойную гульню паказалі і міёрскія каманды. Нават калі яны ўступалі з лікам, то не ўступалі ва ўпартасці і імкненні гуляць. Малайцы, яны не здаваліся проста так.

 

Каманды, якія занялі першае-трэцяе месцы, узнагароджаны кубкамі, граматамі і медалямі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Лепшых ігракоў турніру адзначылі каштоўнымі падарункамі. Футбалісты міёрскіх каманд таксама трапілі ў гэты спіс, а менавіта, Сяргей Сіняўскі і Валерый Мароз з ФК “Міёры-2” і з ФК “Міёры-1” — Алег Сідарэнкаў і Вадзім Каранеўскі.

 

З нагоды дня нараджэння аднаму з галоўных арганізатараў турніру, начальніку аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандру Іванавічу Жуку ад каманды аблвыканкама і міёрскіх каманд уручаны памятныя падарункі.

 

 

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.