З 20 лістапада мінулага года ўступіў у сілу ўказ №366 “Аб некаторых пытаннях натарыяльнай дзейнасці”. Ён накіраваны на ўдасканаленне парадку задавальнення бясспрэчных патрабаванняў грамадзян і юрыдычных асоб шляхам здзяйснення выканаўчых надпісаў натарыусамі. Яшчэ адна мэта дакумента — паменшыць нагрузку на суддзяў і павысіць эфектыўнасць правасуддзя.
Указ істотна пашырае ў п. 1 пералік бясспрэчных патрабаванняў, вырашэнне якіх будзе ажыццяўляцца ў пазасудовым парадку пры звароце грамадзян і юрыдычных асоб за здзяйсненнем выканаўчага надпісу. У яго ўвайшлі патрабаванні аб спагнанні грашовых сум (запазычанасці), якія раней разглядаліся агульнымі судамі ў парадку загаднай вытворчасці. Цяпер натарыусы будуць здзяйсняць выканаўчыя надпісы аб спагнанні з фізічных асоб падаткаў, збораў (пошлін) і пені, запазычанасці па абавязковых плацяжах у ФСАН; налічанай, але не выплачанай работніку зарплаты; з фізічных асоб — страхавых узносаў (страхавых прэмій) па дагаварах абавязковага страхавання ў выпадку адмовы ад іх уплаты, запазычанасці па іх, штрафу, пені; запазычанасці фізічных асоб па аплаце камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, паслуг па тэхнічным абслугоўванні жылля, карыстанні жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, па адлічэнні на камунальны рамонт дамоў, няўстойкі (штрафу, пені) у сувязі з такой запазычанасцю, а таксама па некаторых іншых падставах.