Праграма «Памяць» заўсёды ў ліку прыярытэтных накірункаў Беларускага фонду міру

 Праграма «Памяць» заўсёды ў ліку прыярытэтных накірункаў Беларускага фонду міру. З яе ўвасабленнем у жыццё на Міёршчыне азнаёміліся ўдзельнікі семінару – старшыні раённых, гарадскіх арганізацый Віцебскага абласнога аддзялення. Памятны знак у гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і скульптура «Дзеці міру – дзецям вайны» – агульны вынік старанняў кіраўніцтва раёна і нераўнадушных жыхароў пры садзейнічанні Фонду міру. 

Перш-наперш госці Міёршчыны скіраваліся на плошчу Леніна. Тут экскурс у гісторыю правяла навуковы супрацоўнік гісторыка-этнаграфічнага музея Кацярына Рачыцкая. Памятны знак у гонар воінаў і партызан, якія прымалі ўдзел у вызваленні Міёр у ліпені 1944-га ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у скверы побач быў усталяваны яшчэ ў 1964 годзе. У 2011-м яго абнавілі. А праз дзесяцігоддзе вырашылі, што помнік, які мае не толькі выхаваўчае, але і патрыятычнае значэнне, павінен вярнуць свой ранейшы выгляд, але ў сучасным варыянце. Ініцыятыва зыходзіла ад былой старшыні раённага аб’яднання Алы Смерцьевай. Яна звярнулася за падтрымкай да кіраўніцтва райвыканкама і Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.

Дзякуючы агульным намаганням усё атрымалася. Сучасны памятны знак выкананы ў форме ратонды. На падкупальнай прасторы размешчана карт-схема Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», а на сценах знутры – звесткі пра воінскія часткі, якія прынялі ўдзел у вызваленні Міёр 4 ліпеня 1944 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: 4-я Беларуская партызанская брыгада, імя Калініна, Кастрычнік, 9-я гвардзейская стралковая дывізія.

Часці дывізіі пад камандаваннем гвардыі палкоўніка Якава Вербава пачалі займаць Міёры 3 ліпеня, а ўжо раніцай наступнага дня перайшлі ў наступленне. За дзень да пачатку баёў вызвалілі горад, знішчыўшы асноўныя сілы праціўніка.

Падзеі, якія разгарнуліся ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, назаўсёды застаюцца ў памяці народнай, а дзякуючы Фонду міру знак у гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр стаў сімвалам гэтай памяці.

Значную ролю грамадскіх арганізацый у жыцці грамадства адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба:

– Сродкі на ўвасабленне праекта збіралі ўсім светам. Пэўную суму выдзеліў Беларускі фонд міру. Затым згуртаваліся на добрую справу жыхары і арганізацыі раёна. Агульны кошт аб’екта склаў 100 тысяч рублёў. Урачыстае адкрыццё адбылося ў 2022 годзе. Сёння гэтае месца вельмі важнае для жыхароў Міёршчыны. Тут гуля- юць маладыя сем’і з дзецьмі, аддаюць даніну павагі загінулым пажылыя людзі.

 Скульптура «Дзеці міру – дзецям вайны» таксама з’явілася ў райцэнтры пры садзейнічанні Фонду міру і была ініцыятывай удзельнікаў клуба ЮНЕСКА «Адраджэнне», што дзейнічае пры СШ  № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі, і Алы Смерцьевай. Урачыстае адкрыццё адбылося 9 мая 2019 года. Помнік – удзячнасць сучаснікаў ваеннаму пакаленню за волю і мірнае неба і зноў жа прыклад яднання ў імя добрай справы.

Усклаўшы кветкі да памятнага знаку, удзельнікі семінару накіраваліся ў раённы выканаўчы камітэт. Пазнаёміў гасцей з нашым краем кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў. Падкрэсліў, што ў Міёрах дзейнічае ўнікальны завод па вытворчасці белай бляхі. Пасля мадэрнізацыі мясакамбінат стане самым сучасным у Беларусі. Славіцца ўласнай прадукцыяй хлебазавод – пернікі «Шакаладнікі» зай- маюць прызавыя месцы ў профільных конкурсах. Але самае галоўнае багацце рэгіёна – людзі. Працавітыя, таленавітыя, адданыя свайму краю. У многім дзякуючы ім рэалізуюцца карысныя і цікавыя праекты. Спадзяецца Ігар Валер’евіч і на далейшае супрацоўніцтва з Фондам міру.

– Фонд аб’ядноўвае лю-дзей, якія сумеснымі справамі спрыяюць рэалізацыі праграм міру і спакою на нашай зямлі. Тым самым з’яўляецца надзейным партнёрам дзяржавы. Калі ёсць узаемаразуменне паміж грамадскай арганізацыяй і органамі ўлады – мы ўвасабляем у жыццё ўсе добрыя ідэі, – падкрэсліла старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Таццяна Туманава і падзякавала кіраўніцтву раёна за сумесныя праекты і за клопат пра людзей.

Таццяна Уладзіміраўна перадала кіраўніцтву раёна сувенір – выданне, у якое ўвайшлі творы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Мір у душы – мір у краіне». Сярод іх і верш нашай зямлячкі Ксеніі Яленскай. Уласнага карэспандэнта газеты «Віцебскія весці» Тамару Пашкевіч адзначыла медалём Фонду міру за асвятленне яго дзейнасці.

Пасля абмеркавання надзённых пытанняў аб’яднання ўдзельнікі семінару адправіліся на экскурсію на экалагічную сцежку. У падтрыманні яе ў спраўным стане таксама вялікі ўнёсак нераўнадушных грамадзян.

ДАРЭЧЫ

У перыяд з 1 кастрычніка 2021 года па сённяшні дзень вынікі работы Фонду міру ў Віцебскай вобласці наступныя: адчынена пяць школ міру і 17 палат для ветэранаў; набыта мэбля медыцынскага прызначэння для ўстаноў аховы здароўя на 1,4 тысячы рублёў, а таксама вырабаў медыцынскага прызначэння на 800 рублёў; уручаны падарункі маладым маці, якія нарадзілі дзяцей у Дзень горада Орша, на 360 рублёў; арганізаваны інфармацыйныя стэнды; адноўлена 15 помнікаў, у ліку якіх і памятны знак у гонар воінаў-вызваліцеляў Міёр ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий