ААТ «Туркова» – лідары жніва

 Першага тысячніка на адвозцы збожжа і рапсу на Міёршчыне ўшанавалі на мінулым тыдні. На рахунку Івана САВУЦЯ з ААТ «Туркова» было каля 1,33 тысячы тон. Гэты дзень у гаспадарцы супаў яшчэ з адной важнай падзеяй – заканчэннем уборкі зерневых культур. Заставаўся на полі толькі яравы рапс.

Павіншаваць аграрыяў ва ўрочышча Буракова адправіліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прафсаюзаў. Падзякаваў за работу старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў і заўважыў, што ў сёлетніх умовах хлеб вырас-

ціць няпроста, а тысячны рубеж намалоту і перавозкі збожжа – дастойны павагі. Свой ураджай туркоўцы справілі, цяпер ёсць магчымасць дапамагчы іншым сельгаспрадпрыемствам.

Важны ўнёсак хлебаробаў ААТ «Туркова» ў агульную справу адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба:

– Зярнятка да зярнятка, кілаграм да кілаграма – і атрымліваецца тысяча тон, а ў цэлым па краіне – мільёны. З такіх момантаў складваецца наша жыццё, наша харчовая бяспека. Дзякуючы такім правітым людзям, як вы, яна будзе забяспечана.

Прамежкавыя вынікі работы калектыву на жніве – 2023 падвёў дырэктар Іван Юрашак: першымі ў раёне набралі тысячу тон збожжа, затым перасягнулі двухтысячны рубеж, першым з’явіўся тысячнік, першыя спраўляюць «Дажынкі».

  Перадавіку жніва – 2023 уручылі падарункі, апранулі яго ў лідарскія зялёныя кепку і майку. Іван Савуць хваліцца асабістымі працоўнымі поспехамі не прывык. Між тым кожны перыяд свайго жыцця ўспрымае як каштоўны вопыт і робіць для сябе высновы. У сельскай гаспадарцы заняты з той пары, як вярнуўся са службы ў Афганістане ў роднае Павяцце. І ўвесь час за рулём. Па сямейных абставінах калісьці давялося пераехаць у Цвеціна. Ужо шосты год як працуе механізатарам у ААТ «Туркова».

На адвозцы збожжа Іван Альфрэдавіч заняты кожную ўборачную, аднак упершыню дасягнуў такога значнага выніку. Рабіў свой унёсак і ў нарыхтоўку кармоў, калі шчыраваў на КВК-800.

– Па-мойму нядрэнны ўра-джай сёлета. І справіліся хутка. Лепш за ўсё ўрадзілі азімыя рапс і пшаніца, – заўважае аграрый.

Па яго словах, тысячны рубеж – заслуга ўсяго дружнага калектыву. На працу хлебаробы прыходзяць раненька, а пакуль сыдзе раса – абслугоўваюць камбайны і трактары. У Івана Альфрэдавіча давераны аўтапарк амаль новы – трохгадовы МТЗ-1221 і прычэп, якому яшчэ і года няма. Таму пры неабходнасці дапамагае калегам, каму дэталь памяняць, каму штосьці падказаць. І астатнія заўсёды гатовы прыйсці на выручку адзін аднаму. Працоўны дзень заканчваецца пасля 22.00.

 – Як ваша лета праходзіць? Выхадныя бываюць? – пытаемся. На што суразмоўнік адказвае, што адпачываюць у дождж. Між тым і ў непагоду каманда не губляе час дарэмна – займаецца рамонтам тэхнікі ў мехмайстэрні. Паўнацэнныя два выхадныя выдаліся, калі ішлі праліўныя дажджы. Напэўна, была магчымасць з’ездзіць у госці ці прыняць іх у сябе?

– А якія госці, калі мне трэба ў полі быць, – здзіўляецца Іван Савуць. – Падчас уборачнай родныя асабліва не прыязджаюць – ведаюць, што мне некалі. Сын у Жлобіне, наведваецца раз на год – восенню. Жонка працавала даяркай, цяпер на пенсіі. У яе часу больш. Кабанчыка гадуем.

Штораніцы сяльчанін спяшаецца на работу з добрым настроем. Адчувае сваю адказнасць за важную справу фарміравання хлебнага караваю Міёршчыны. Па яго словах, мясцовыя аграрыі змагаліся за кожны каласок, убіралі самыя цяжкія ўчасткі. Вынік не прымусіў сябе чакаць.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий