Свята інтэлекту і таленту ў Міёрах
gazeta 19-05-2023, 14:18 227 Навіны
Фінішная прамая навучальнага года – свята для адораных і таленавітых дзяцей «Зорны россып». Зала Цэнтра культуры і народнай творчасці сабрала выдатнікаў вучобы, пераможцаў прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Найлепшыя школьнікі раёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
-- Вы не толькі назапашваеце багаж ведаў і дасягненняў – вы праслаўляеце сваю малую радзіму, – звяртаючыся да школьнікаў, адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Уручыў узнагароды пераможцам і ўдзельнікам алімпіяд.
Дыпломы 3 ступені ў абласным этапе і на рэспубліканскай анлайн-алімпіядзе па хіміі ў скарбонцы поспехаў дзесяцікласніка СШ № 2 імя
М. Ізварына Яўгена Івашкевіча. На алімпіядзе па беларускай мове сталі пераможцамі раённага этапа і прынялі ўдзел у абласным Паліна Арлоўская з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна і Надзея Матэленак з СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза
Я. Томкі. Таксама гэтыя старшакласнікі падымаліся на сцэну, калі ўзнагароджвалі выдатнікаў вучобы.
Дзявяткі і дзясяткі ў вучняў СШ № 2 імя М. Ізварына Варвары Пяткевіч, Антона Вайсковіча, Антона Радзікі, Паліны Ашурка, Арсенія Трубача. Добра вучацца ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Аліна Хілько, Альбіна Арсоба, Мілана Шымко, Марта Кліпацкая, Надзея Матэленак, Арцём Машэй, Артур Вішнеўскі, Дар’я Матэленак, Ангеліна Шаўчонак. Высокія адзнакі ў Данііла Астукевіча, Мацвея Кураша з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна, Елізаветы Альхімовіч з Язненскай СШ, Яўгеніі Сухоўскай з Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча, Івана Лісічонка з Чапукоўскай СШ, Вікторыі Мацюк з Узмёнскай БШ.
Сакрэт паспяховай вучобы ў кожнага свой.
– Старанне, старанне і яшчэ раз старанне, – заўважае Іван Лісічонак.
– Шмат працаваць на ўроках і самастойна займацца дома, – адзначае Жэня Сухоўская. – У ліку любімых прадметаў алгебра, гісторыя. Сёлета заканчваю школу, іду на медаль. Буду паступаць у Полацкі дзяржуніверсітэт на спецыяльнасць «Графічны дызайн і мультымедыядызайн».
Асабліва доўгі пералік пераможцаў творчых конкурсаў. Некаторыя школьнікі выйшлі ў лідары адразу ў некалькіх. Дыплом 1 ступені абласнога этапа міжнароднага экалагічнага форуму «Змяненне клімату вачыма дзяцей», дыпломы 1 і 3 ступені абласнога этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!», дыплом 2 ступені абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу-выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка», дыплом 3 ступені абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу экалагічных фотаздымкаў і малюнкаў «Ствараючы, не разбурай» – усё гэта поспехі васьмікласніцы Чапукоўскай СШ Віялеты Томка.
– Трэба імкнуцца да вяршынь і не апускаць рукі, калі штосьці не атрымалася, – гаворыць школьніца. – На «Зорным россыпе» не ўпершыню. Праводзіць такія мерапрыемствы важна. Гэта дапамога дзецям і матывацыя да новых перамог.
Рада пабываць на свяце вучаніца 8 класа Туркоўскай БШ Анастасія Сташкевіч. У яе дыплом 1 ступені абласнога конкурсу творчых работ «Віцебшчына вачыма дзяцей».
– На конкурс малявала алоўкам міёрскую царкву. На перамогу не разлічвала. Галоўнае паўдзельнічаць, – сціпла ўсміхаецца дзяўчына. – Люблю вучыцца, маляваць, прымаю ўдзел у розных конкурсах. Мне гэта цікава.
Выхаванцы клуба «Дэбаты», што дзейнічае ў цэнтры дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам трэнера Наталлі Будзько, сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу рытарычнага мастацтва «Спікер года».
– Займаюся ў клубе з мінулага кастрычніка. Гэта цікава. У нас цудоўны трэнер, – расказвае ўдзельніца клуба Паліна Шук. – Свята «Зорны россып» прыемна ўразіла. Радуе, што на Міёршчыне столькі таленавітых дзяцей.
Больш падрабязна у новым выпуску раённай газеты.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.