Павяцкай СШ прысвоена імя Віктара Аляксеевіча БАБІЧА

 Звыш 11 700 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза за подзвігі ў Вялікай Айчыннай вайне. У іх ліку – Віктар Аляксеевіч БАБІЧАЎ, чыё імя цяпер носіць Павяцкая сярэдняя школа. На мінулым тыдні з гэтай нагоды адбылася ўрачыстасць.

Мірны залп

Вёсачка Тычкі. Сонечна, цёпла, ціха. Толькі залп з трох адначасовых стрэлаў парушыў спакой, калі да мемарыяльнага знака Героя Савецкага Саюза Віктара Бабічава ўскладалі гірлянды і кветкі.

– Гэтае месца – сімвал цвёрдасці і трываласці савецкага салдата, – адзначыў раённы ваенны камісар Сяргей Пунтус і нагадаў пра подзвіг, які 5 ліпеня 1944 года здзейсніў тут камандзір гарматы Віктар Бабічаў.

Праціўнік, што адступаў з Міёр у накірунку Друі, пайшоў у контратаку. Пад- раздзяленне старшыны Бабічава аказалася акружаным і ўступіла ў няроўны бой. Калі скончыліся снарады, здавалася, выйсця няма. Бабічаў павёў асабовы састаў у атаку. Цяжка паранены, ён заставаўся на полі бою да поўнага адбіцця контратакі.

Памяць у матэрыяльным адлюстраванні

Павяцкая СШ. На пляцоўцы ля школы святочная, прыемна ўзрушаная атмасфера. Раздзяліць радасць урачыстай падзеі з вучнямі і настаўнікамі прыйшлі мясцовыя жыхары, прыехалі выпускнікі ўстановы, прадстаўнікі ўлады. Мірнага неба і дабрабыту жадаў удзельнікам урачыстасці дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, генеральны дырэктар ААТ «Інвет» Сяргей Грамадка. Быць адказнымі за памяць пра тых, хто падарыў нам свабоду, нагадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба.

– Тая вайна мела на мэце не толькі захоп тэрыторый. Ставілася пытанне пра знішчэнне славян. Наша Перамога – гэта бітвы пад Сталінградам і на Курскай дузе, аперацыя «Баграціён». Разам з тым гэта Перамога складалася з подзвігаў, падобных таму, што здзейсніў у баі ля вёскі Тычкі Віктар Бабічаў. Такіх герояў шмат, – гаварыў Валерый Анатольевіч. – Цяпер памагатыя нацызму ўсімі сіламі імкнуцца сцерці памяць. На Захадзе вырасла цэлае пакаленне, якое не мае ўяўлення пра тую вайну. Зносяць помнікі і абеліскі воінам-вызваліцелям. А мы памятаем герояў і ахвяры, пакладзеныя на алтар Перамогі. Наша памяць знаходзіць сваё матэрыяльнае адлюстраванне. Імёнамі герояў названы вуліцы, школы. Гэта да многага абавязвае.

Словы ўдзячнасці за ўвекавечанне памяці свайго продка даслалі сваякі Віктара Бабічава з горада Ахтубінска Астраханскай вобласці. У прывітальным пісьме значыцца: «Віктар Аляксеевіч ніколі не расказваў пра вайну, быў вельмі сціплым чалавекам, шмат працаваў, выхоўваў сыноў і ўнукаў, дапамагаў сёстрам. Для нас ён быў проста дзядулем, добрым і мудрым. Мы заўсёды ведалі, што ён – герой. Заўжды гэтым ганарыліся. Яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Астраханскай вобласці, Савецкага Саюза, Расіі, Беларусі».

Урачысты момант – адкрыццё на тэрыторыі школы мемарыяльнага знака ў гонар Героя Савецкага Саюза Віктара Бабічава. Яшчэ адно матэрыяльнае ўвасабленне памяці, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Завяршылася ўрачыстасць канцэртам «Ганарымся подзвігам тваім!» з удзелам вучняў і выпускнікоў школы, ваеннага аркеста Полацкага пагранічнага атрада. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий