Лёгкаатлетычная эстафета сярод школ раёна, прысвечаная Дню Перамогі, прайшла ў Міёрах 3 мая. Удзел прынялі спартсмены з сямі ўстаноў адукацыі.
Спаборнічалі ў дзвюх узроставых групах. Малодшыя каманды з чатырох чалавек чакала дыстанцыя ў 800 метраў. Гэта два кругі па гарадскім стадыёне.
Адзін удзельнік, прабегшы 200 метраў, перадаваў эстафету наступнаму. Пераможцаў вызначаў секундамер. Найлепшы вынік – 2 хвіліны 13 секунд 9 мілісекунд – у каманды СШ № 2 імя М. Ізварына. Другое месца з часам 2 хвіліны 15 секунд занялі спартсмены з Дзісны. Другая малодшая каманда з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна адолела эстафету за 2 хвіліны 18 секунд 1 мілісекунду і завяршыла тройку лідараў.
У старэйшых камандах па шэсць удзельнікаў. Агульная дыстанцыя – 2 400, на кожнага – 400 метраў. Старт і фініш на вуліцы Камуністычнай паблізу цэнтра культуры і народнай творчасці. Маршрут пралягаў праз вуліцы Кірава і Леніна. Тут суддзі на час не арыентаваліся. Першым фінішаваў бягун з Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна, чым прынёс перамогу сваёй камандзе. Другое месца ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі, на трэцяй пазіцыі СШ № 2 імя М. Ізварына.