Адкрыццё Дошкі гонару прайшло ў Мёрах

 Напярэдадні Свята працы на плошчы ля Цэнтра культуры і народнай творчасці ўрачыста адкрылі раённую Дошку гонару. Па выніках работы за 2022 год у летапіс Міёршчыны ўпісаны дзесяць калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, чатырнаццаць супрацоўнікаў розных сфер дзейнасці. 1 Мая – свята тых, хто стараннай працай здабывае дабрабыт сваёй сям’і, роднага краю, дзяржавы. Ім – пашана, удзячнасць, шчырыя віншаванні.

Жыхары Міёршчыны заўсёды славіліся працавітасцю, адказнасцю і ўменнем шчыраваць з поўнай самааддачай, заўважыў кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў. Павіншаваў усіх са Святам працы:

– Год міру і стварэння паказвае, што мірная праца на дабрабыт роднай зямлі яднае беларусаў і натхняе на ратныя подзвігі. Гонар і пашана ўсім, чые партрэты занесены на Дошку гонару. Дзякуй за адданасць і любоў да роднага краю тым, хто па доўгу службы знаходзіцца на рабочым месцы: у полі, на вытворчасці, на аб’ектах сацыяльнай сферы. Дабра, міру і дабрабыту вам і вашым сем’ям.

Найлепшыя калектывы і працаўнікоў віталі гучнымі апладысментамі іх калегі і родныя. У групе падтрымкі галоўнага бухгалтара Міёрскага ПМС Аксаны Усціновіч пяць чалавек – тыя, з кім дзеліць працоўныя будні. Рада, што калегі адзначылі яе заслугі, а кіраўніцтва раёна падтрымала. Падкрэсліла: высокая ўзнагарода – вынік стараннай працы ўсяго калектыву.

Загадчык гаража ВУПКУ «Міёрскі» Віктар Друз упершыню на раённай Дошцы гонару. Падчас корманарыхтоўкі сядае за руль касілкі, тры гады запар у лідарах па гаспадарцы і ў раёне.

Яго стараннямі ў засекі штогод адпраўляецца звыш 20 тысяч тон зялёнай масы. Падтрымлівае калегу галоўны эканаміст і намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце.

Рады за сына, бацьку і дзядзьку родныя трэнера-выкладчыка ДЮСШ Сяргея Алісеенкі. Таксама ў групе падтрымкі калегі. Найлепшая ўзнагарода для спартсмена – высокія вынікі яго вучняў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

Напярэдадні 1 Мая адзначыла юбілей дырэктар Прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Міёрскім раёне Ірына Крук. З нашым краем звязана ўсё яе працоўнае жыццё. Мудры кіраўнік, актыўны дэпутат адзначаны граматай раённага Савета.

 Прафсаюзныя ўзнагароды за актыўную работу па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных атрымалі галоўная медсястра, старшыня пярвічкі цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Карпеза і начальнік планава-вытворчага сектара, старшыня пярвічкі ДРБУ-203 Павел Янушкевіч.

Цёплы канцэрт падрыхтавалі дзісненскія гурты «Спатканне» і «Дзісенчукі» і міёрскія салісты Ганна Мацукова і Сяргей Ішчук. Кожная нотка была прасякнута любоўю да Радзімы, да стваральнай працы, да жыцця, квітнеючай вясны, блакітных валошак і залацістага жыта. 

Алена ВАРОНІНА.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий