Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна

 Годнай вайсковай службы, моцнай мужчынскай дружбы жадалі хлопцам, якія хутка папоўняць рады Узброеных сіл краіны. У мінулы панядзелак, 17 красавіка, для іх ладзілі ўрачыстае мерапрыемства з цёплымі наказамі, музычнымі падарункамі, жартоўнымі забавамі.

Прызыўнікі займаюць месцы ў зале раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Пакуль яшчэ звычайныя хлопцы са сваімі клопатамі і справамі, праз некалькі дзён апрануць вайсковую форму і будуць выконваць агульную задачу – несці службу дзеля спакою і міру ў краіне. Гэта новы адметны этап у жыцці кожнага з іх.

Служыць годна і ўпэўнена жадаў прызыўнікам ваенны камісар раённага камісарыята Сяргей Пунтус. Адзначыў, што менавіта дзякуючы Узброеным сілам мы адчуваем сябе спакойна і маем магчымасць жыць сваім звычайным жыццём. Упэўнены: армія ўзмацніць пачуццё адказнасці за сябе і свой калектыў, за малую радзіму і ўсю краіну.

 Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна, нагадаў артыкул 57 Канстытуцыі намеснік старшыні райвыканкама Яўген Нікалаёнак. Падкрэсліў, што ў воінскім калектыве асабліва цэняцца дружба, узаемавыручка, сумленнасць. Гэтыя якасці ўласцівы нашым землякам, якія нясуць службу ў розных відах войск. Наказ будучым салдатам – быць на сувязі са сваімі роднымі і блізкімі.

Армія лягчэй, калі дружба мацней, прыгадаў прыказку тата прызыўніка Дзмітрый Маскаленка. Жадаў усім знайсці на службе добрых сяброў і вярнуцца дадому здаровымі, моцнымі, узмужнелымі. Яго сын Кірыл ідзе служыць у статусе сямейнага чалавека. Упэўнены, што армія неабходна мужчыну, каб абараняць сваіх блізкіх, каб атрымаць загартоўку і прайсці праз перашкоды, з якімі не сустрэнешся ў паўсядзённасці.

Бадзёры настрой прызыўнікоў падтрымлівалі музычнымі нумарамі артысты Цэнтра культуры і народнай творчасці. Прапаноўвалі конкурсныя іспыты: разабраць і сабраць аўтамат, згуляць у дартс у процівагазе, паспаборнічаць у армрэстлінгу, пачысціць бульбу на хуткасць. Гэта былі проста забавы. Наперадзе хлопцаў чакае сапраўдная служба. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий