На пресс-конференции

На прэс-канферэнцыі

У мінулую пятніцу ўся рэспубліка больш чым на чатыры гадзіны затрымалася ля тэлевізараў, пакуль кіраўнік дзяржавы ў пераднавагоднім інтэрв’ю адказваў на самыя актуальныя пытанні аб нашым сённяшнім жыцці. Мне давялося быць сярод 400 прадстаўнікоў СМІ непасрэдна ў зале Нацыянальнай бібліятэкі разам з прадстаўнікамі газет, тэлестудый і радыё Віцебшчыны. Да чатырох мікрафонаў падышло 46 журналістаў, беларускіх і замежных, пытанняў было яшчэ больш, на кожнае А. Р. Лукашэнка даў адказ. Нямала яго выказванняў самі прасіліся ў блакнот. Вось яны.

 

Гэта быў вельмі складаны год, — адзначыў прэзідэнт. — Я не хацеў бы, каб ён яшчэ раз паўтарыўся. Не хапіла грошай на сыравіну і матэрыялы па высокіх цэнах. Былі перахлёсты і памылкі, праблемы з увозам аўтамабіляў... Але тое, што адбываецца цяпер, дае надзеі на лепшае ў будучым. Мы будзем мець прыкладна 107% росту УВП.

 

2011-ты застанецца ў гісторыі як год вялікіх урокаў. Жыць трэба па сродках. Калі хочам добра жыць, трэба больш працаваць.

Прэзідэнту з сёлетняга года найбольш запомніліся тэракт у метро, прарыў ў інтэграцыі — стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы, прыём Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (хаця гэта і не акажа хуткага ўплыву ні на РФ, ні на Беларусь), “арабская вясна”. Ідзе жорсткая барацьба за будучыню.

Больш істотна паўплывае і на нас правал перамоў РФ і ЗША па ПРА.

Сярод станоўчага — паляпшэнне апошнім часам тэндэнцыі па гандлёваму балансу, рост тавараабароту з ЕС.

 

Калі ствараць належныя ўмовы для працы, тады нашы людзі не будуць выязджаць за межы краіны. 3 1 студзеня больш жорсткімі стануць патрабаванні да кіраўнікоў будаўнічых арганізацый па пошуку падрадных работ для сваіх калектываў.

Гарадам-спадарожнікам Мінска — быць.

Рэгуляванне цэн будзе перш за ўсё эканамічнымі метадамі. Вялікай эмісіі не дапусцім. Грошы трэба зарабляць. Будзе захоўвацца эканамічны закон аб суадносінах росту заработнай платы і прадукцыйнасці працы.

Урад абяцаў інфляцыю ў 18-19% у наступным годзе.

З будаўніцтвам АЭС Астравец стане сучасным горадам. Але адначасова трэба развіваць перапрацоўку і сельскую гаспадарку.

 

Размовы аб тым, што губляем суверэнітэт, незалежнась — бязглуздзіца. Продаж “Белтрансгазу” вельмі выгадная здзелка. Для нас была непамерная цана ў 300 долараў за 1000 кубаметраў газу, цяпер — 165 долараў.

Стала модным выкарыстоўваць тэхналогіі «арабскай дугі». Гэта вельмі падобна на сітуацыю ў нас 19 снежня.

 

У наступным годзе будзе абнародавана праграма падтрымкі дзяцей, бо дэмаграфічная сітуацыя складаная. Таму дзяржава падтрымае сем’і, дапаможа тым, якія жадаюць мець дзяцей. Бацькі, якія кідаюць сваіх дзяцей, — горшыя за звяроў.

Які парламент абярэ народ, такі і будзе. Прэзідэнт не баіцца апазіцыі ў ім.

Палітычныя рэформы будуць, прычым у бліжэйшы час.

 

Крэдыты калі і будзем браць, то пад 1-2%, а не пад 10%.

Адступлення ад сацыяльна арыентаванай эканомікі не будзе.

У нас невысокія пенсіі, але пры большых мы развалімся. Пакуль прэзідэнта ніхто не пераканаў, што пенсійны ўзрост трэба павышаць.

Не спыняюся на многіх іншых пытаннях з надзеяй, што сачылі за прэс-канферэнцыяй па тэлебачанні, чыталі справаздачы ў “вялікіх” газетах. А вось зарад аптымізму хачу вам перадаць.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.