Акцыя МНС «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» прайшла на Міёршчыне

  Фіналам рэспубліканскай акцыі МНС «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» на Міёршчыне стала тэматычная пляцоўка для дзяцей, якую зладзілі ў мінулую пятніцу, 24 сакавіка, на плошчы ля раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Вадалазы-выратавальнікі, агняборцы, інспектары ДПС нагадвалі юнай аўдыторыі правілы бяспечных паводзін, знаёмілі з асаблівасцямі сваёй справы.

асядзець за рулём у пажарнай і патрульнай машыне ДПС, прымерыць міліцэйскую і выратавальную камізэлькі, патрымаць у руках рыштунак вадалазаў – усё гэта было магчыма і даступна на пляцоўцы. Завіталі сюды вучні-пачаткоўцы СШ № 2 імя М. Ізварына, маленькія дзеткі з бацькамі.

З чаго складаецца форма вадалаза, як ратуюць людзей на вадзе, як правільна апранаць выратавальную камізэльку, расказаў і паказаў дзіцячай аўдыторыі начальнік выратавальнай станцыі Алег Рубанік. Слухачы з цікавасцю разглядалі балон з паветрам, без якога вадалаз не зможа знаходзіцца на глыбіні. Здзівіла таўшчыня доўгай вяроўкі, якую называюць сігнальны канец, што вытрымлівае вагу да 800 кілаграмаў. З дапамогай гэтага прыстасавання вадалаз трымае сувязь з паверхняй і арыентуецца пад вадой. Даведаліся, што ў вадалазнай масцы шкло таўсцей, чым у звычайнай, бо тонкае можа трэснуць на вялікай глыбіні, дзе большы ціск.

 Правілы бяспечнай перавозкі маленькіх пасажыраў нагадаў старшы інспектар ДПС Валерый Валеўка. Падкрэсліў, што дзяцей да 12 гадоў абавязкова перавозіць у спецыяльных утрымлівальных прыстасаваннях, якія таксама неабходна прышпільваць рэменем бяспекі для надзейнай фіксацыі.

З інспектарам РАНС Вольгай Гіржда дзеці прыгадалі нумары тэлефонаў экстранных служб, прынцып дзеяння аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, вызначылі небяспечныя кропкі ў жыллі. Небяспеку тояць непатушаная цыгарэта, пакінуты без нагляду прас, уключаны ў разетку, ці некалькі электрапрыбораў, падключаныя ў адным месцы. Звярнулі ўвагу, што ў пад’ездах шматкватэрных дамоў не павінна быць веласіпедаў, дзіцячых калясак і іншых рэчаў, якія могуць перашкодзіць эвакуацыі ў выпадку надзвычайнага здарэння.

Такім чынам, напрыканцы трэцяй чвэрці школьнікі паўтарылі правілы бяспечных паводзін дома, на вуліцы, на вадзе. Дамашняе заданне на канікулы – прымяняць веды на практыцы.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий