З дня трагедыі Хатыні мінула 80 гадоў
gazeta 24-03-2023, 15:22 859 Навіны
Мірная беларуская вёсачка Хатынь. 26 дамоў, крыху больш за паўтары сотні жыхароў. Яна ўвайшла ў нашу гісторыю як сімвал пакут беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, як сімвал усіх месцейкаў, знішчаных фашысцкімі карнікамі. Яна загінула ў агні 22 сакавіка 1943 года і назаўсёды засталася жыць у нашай памяці. З дня трагедыі мінула 80 гадоў.
Жалобную для Беларусі дату па ўсёй краіне прайшлі мерапрыемствы. У Міёрах прэзентавалі кнігу «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці», адбыўся мітынг.
Факты зверстваў на кніжных старонках
Кніга «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» выйшла ў канцы мінулага года. Выданне створана па матэрыялах крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і змяшчае ў тым ліку новыя і раней не вядомыя звесткі пра знішчэнне мірных грамадзян. Гэта ўжо другая кніга серыі «Генацыд беларускага народа».
Крымінальную справу аб генацыдзе беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд Генеральны пракурор узбудзіў у красавіку 2021 года. Расследаванне працягваецца, у тым ліку на Міёршчыне. Са слоў пракурора раёна Андрэя Вецюгова, запісаны расповяды больш чым 30 сведкаў. Сярод іх малалетнія вязні фашызму, некаторыя з якіх ужо пайшлі з жыцця. Знішчэнне мірнага насельніцтва было часткай плана нямецкага камандавання па ачышчэнні захопленай тэрыторыі і запалохванні яе жыхароў. Карныя акцыі праходзілі і ў нашым раёне. Калі раней лічылі, што на Міёршчыне падчас вайны было знішчана каля 40 населеных пунктаў, то ў новых дадзеных лічба перавысіла 70. Як падкрэсліў Андрэй Барысавіч, чарговая дакументальная кніга стане грунтоўным дапаможнікам у справе патрыятычнага выхавання моладзі.
Больш за 9 200 сёл і вёсак у агні
149 чалавек, з якіх 75 – дзеці да 16 гадоў – загінулі ў Хатыні. Большасць – у падпаленым фашыстамі хляве. Хто імкнуўся ўцячы, таго сустракала варожая куля.
Падзеі таго ракавога жудаснага дня ў гісторыі маленькай вёсачкі і ўсёй краіны ўзгадала падчас мітынгу старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Пупіна:
– Сакавіцкім днём беларускія партызаны з брыгады дзядзькі Васі вырашылі спыніцца на начлег у лясах на ўскрайку вёскі, пашкодзілі лінію сувязі і арганізавалі там засаду. Для аднаўлення лініі выехалі два ўзводы 118-га украінскага батальёна ахоўнай паліцыі і былі абстраляны партызанамі. Падчас перастрэлкі загінула некалькі паліцаяў, а таксама нямецкі афіцэр. Партызаны схаваліся ў лесе, а гітлераўцы выклікалі падмогу. Прачэсваючы мясцовасць у пошуках стралкоў, карнікі расстралялі 26 чалавек з бліжэйшай вёскі, якія збіралі дровы ў лесе. Па свежых слядах прыйшлі ў Хатынь. Вёску палічылі галоўным штабам партызанскага руху. Усё мірнае насельніцтва абвінавацілі ў дапамозе дыверсантам. Лёс месцейка быў прадвызначаны.
Выжылі ў тым пекле толькі некалькі дзяцей, якіх закрылі сваім целам іх маці, і мясцовы каваль Іосіф Камінскі. Сярод загінулых аднавяскоўцаў ён убачыў свайго сына Адама, апаленага агнём і з куляй у жываце. Бацька з мёртвым сынам на руках – цэнтральная скульптура мемарыяльнага комплексу «Хатынь», заснаванага на месцы спаленай вёскі ў 1969 годзе.
Адзін з мемарыяльных элементаў комплексу – Дрэва жыцця, на галінах якога размешчаны назвы 433 спаленых разам з жыхарамі беларускіх вёсак, што былі адноўлены пасля вайны. Сярод іх – наша Сухавержжа. Падчас карнай аперацыі «Фрыц» у 1943 годзе тут спалілі каля 30 дамоў і знішчылі 60 з 86 жыхароў. Усяго падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі фашысты спалілі больш за 9 200 сёл і вёсак.
Памяць ахвяр фашызму ўшанавалі хвілінай маўчання. Усклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям Міёр і скульптурнай кампазіцыі «Дзеці міру – дзецям вайны».
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.