Акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі" прайшла ў Дзень Канстытуцыі ў Міёрскай СШ 3
gazeta 17-03-2023, 15:35 1 325 НавіныАдметнай датай мінулага тыдня стала 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўнае свята адзначылі ўрачыстасцю ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Па традыцыі, уручылі пашпарты старшакласнікам са школ Міёршчыны.
Сімвалічна, што ў Дзень Канстытуцыі ўручаюць самы галоўны дакумент школьнікам, якія вызначаюцца поспехамі ў вучобе і спорце, актыўным удзелам у грамадскім жыцці, адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Анжэла Маляўка. Нагадала, што ўсебеларускую акцыю «Мы – грамадзяне Беларусі» БРСМ ініцыяваў у 2004 го-дзе і з таго часу штогод 15 сакавіка найлепшыя прадстаўнікі маладога пакалення ўрачыста атрымліваюць статус грамадзяніна сваёй дзяржавы.
Наша будучыня – за моладдзю. Мэтанакіраванай, крэатыўнай, адказнай. Гэтая думка лейтматывам праходзіла праз усю ўрачыстасць. Быць патрыётамі сваёй дзяржавы, рэалізаваць сябе ў прафесіі і знайсці шчасце ў асабістым жыцці жадалі юнакам і дзяўчатам прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый.
– Дзяржава шмат робіць для таго, каб маладое пакаленне развівалася, вучылася, мела магчымасць праявіць сябе ў любой сферы дзейнасці, – адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, звяртаючыся да юных землякоў. – Спадзяюся, у будучым вы зробіце нашу краіну яшчэ лепшай, а мы парадуемся вашым поспехам.
Урачыстая падзея запомніцца дзесяці старшакласнікам. Дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь атрымалі Кацярына Буда, Анастасія Сташкевіч, Максім Матэленак, Станіслаў Ражноўскі, Савелій Лукашонак, Дар’я Ладыга, Аляксандра Глебка, Ангеліна Шульга, Максім Юршэвіч, Віялета Томка.
– Гэты дзень стаў для мяне асаблівым. Трымаю ў руках галоўны свой дакумент, – падзялілася з аўдыторыяй Ангеліна Шульга. – Разам з радасцю і гордасцю адчуваю вялікую адказнасць. У першую чаргу перад сабой – за свае ідэі, думкі, учынкі і дзеянні. Адказнасць перад бацькамі за захаванне сямейных каштоўнасцяў і прадаўжэнне роду. Перад настаўнікамі – за стараннасць у вучобе. Перад продкамі – за зберажэнне гістарычнай памяці і культурных традыцый. Мне здаецца, што менавіта адказнасць вызначае галоўную грамадзянскую пазіцыю кожнага з нас. Мы павінны ўмець карыстацца сваімі правамі, добрасумленна выконваць свае абавязкі, быць працалюбівымі і клапаціцца пра тых, хто мае патрэбу ў абароне і дапамозе, адчуваць сябе значымай часткай цяперашняга і будучага нашай краіны.
Яшчэ 14 старшакласнікаў прынялі ў рады БРСМ. Перш чым атрымаць білет БРСМ, яны развіталіся з піянерскімі гальштукамі. Завяршылася ўрачыстасць экскурсіяй у школьны музей.
ГІСТАРЫЧНЫ ЭКСКУРС
Старшы навуковы супрацоўнік Міёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Вольга Пупіна азнаёміла з гісторыяй станаўлення канстытуцыйнага права ў свеце. Заўважыла, што гэтыя працэсы ідуць з самых далёкіх часоў. Дакументы, з дапамогай якіх імкнуліся ўладкаваць узаемадзеянне дзяржавы і грамадства, прымалі ў Старажытных Грэцыі і Рыме, у сярэдневяковай Еўропе і ў Новы час. Прататыпам сучасных стала Канстытуцыя ЗША 1787 года.
Беларускае заканадаўства бярэ выток са Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гадоў. Непрацяглы час дзейнічала на нашых землях Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая 3 мая 1791 года. Гэтая дзяржава знікла з палітычнай карты свету, а напамінам пра яе асноўны закон да цяперашняга часу застаецца мемарыяльная калона ў Ляпонпалі. Унікальны помнік архітэктуры ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Першая Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі была прынята 3 лютага 1919 года. 11 красавіка 1927 года прынялі Канстытуцыю БССР, якая пасля двойчы змянялася.
Асноўны закон незалежнай суверэннай Беларусі прыняты 15 сакавіка 1994 года. Ім замацавана новая форма праўлення – прэзідэнцкая рэспубліка. У 1996-м, 2004-м і 2022-м гадах у Канстытуцыю ўносілі змяненні і дапаўненні.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.