Традыцыйная цырымонія ўзнагароджання «Жанчын года Міёршчыны» прайшла ў Цэнтры культуры і народнай творчасці

 Традыцыйная цырымонія ўзнагароджання «Жанчын года Міёршчыны» прайшла 7 сакавіка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. У раённым летапісе ўладальніц пачэснага звання ўжо звыш сотні імёнаў зямлячак, якія працоўнымі дасягненнямі, найлепшымі асабістымі якасцямі заслужылі павагу і прызнанне не толькі ў сваіх калектывах.

Сёлета гэту кагорту папоўнілі загадчык малочнатаварнай фермы «Цвеціна» СУП «Цітова» Людміла Станкевіч, загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ала Федарэц, рэжысёр узорнага тэатра авангарднай моды аддзела па рабоце з дзецьмі ЦКіНТ Марына Дзям’янава, прадавец магазіна «Каласок» у Новым Пагосце Юлія Сухоўская, галоўны бухгалтар Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Наталля Лявіцкая.

Яркую ўрачыстую цырымонію распачаў кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў, які павіншаваў лаўрэатаў пачэснага звання «Жанчына года Міёршчыны» з заслужаным прызнаннем. Заўважыў, што кожная з іх дасягае вышынь у прафесіі і паспявае заставацца добрай маці і клапатлівай гаспадыняй. На Міёршчыне ганарацца жанчынамі, у якіх нераўнадушныя сэрцы і вялікае жаданне рабіць усё, каб жыццё ў раёне было разнастайным, цікавым, развівалася эканоміка. Пад апладысменты залы Ігар Валер’евіч уручыў памятны дыплом і букет галоўным гераіням свята: Людміле Станкевіч, Але Федарэц, Марыне Дзям’янавай, Юліі Сухоўскай, Наталлі Лявіцкай.

Пра дасягненні, за якія найлепшыя жанчыны ўдастоены пачэснага звання, коратка паведамлялі ў раённай газеце. Падрабязней пра ўсіх раскажам у наступных публікацыях. Пакуль толькі некалькі эмацыянальных штрышкоў. Лаўрэатам прыемна самім такая ўзнагарода, ганарацца імі калегі, на сёмым небе ад шчасця родныя. Напрыклад, у групе падтрымкі Людмілы Станкевіч тры дачушкі і муж. Выбеглі на сцэну да Алы Федарэц муж і сярэдні сынок з траіх яе крывіначак. За Наталлю Лявіцкую далёка ад Міёр радаваліся два сыны.

Падрабязней у новым выпуску раённай газеты.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий