Дэлегацыя раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 80-й гадавіне вызвалення Аленінскага раёна Расійскай Федэрацыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтымі мясцінамі жыхароў Міёршчыны звязвае імя Міхаіла Кузьміна.
Ураджэнец Аленінскага раёна Міхаіл Кузьмін удастоены звання Героя Савецкага Саюза за праяўленую мужнасць пры вызваленні Дзісны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Па запрашэнні адміністрацыі на мерапрыемствы скіраваліся старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба, начальнікі аддзелаў – ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – Аляксандр Тронькін і па адукацыі – Аляксандр Жук.
– Гэта даніна памяці герою, які вызваляў ад навалы дзісненскую зямлю. Наведалі Алею Славы Герояў Савецкага Саюза, дзе ўвекавечана і імя Міхаіла Кузьміна. Прынялі ўдзел у мітынгу, усклалі вянок і кветкі да абеліска. На Міёршчыне таксама шануюць памяць героя. Яго імем названы вуліца і сярэдняя школа ў Дзісне, – заўважыў Валерый Драба.
Беражліва захоўваюць гістарычную памяць у Аленінскім раёне. Наша дэлегацыя азнаёмілася з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў школах. Пасля аддалі даніну памяці савецкім салдатам ля мемарыяла ў Ржэве.