В Миорах прошёл торжественный митинг посвященный Дню защитников Отечества и 105-летию Вооруженных Сил Республики Беларусь

 Ля Вечнага агню на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў у райцэнтры адбыўся  ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і 105-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, сілавых ведамстваў, дэпутаты, моладзь, школьнікі ўсклалі кветкі да брацкай магілы і памятнага знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ушанавалі хвілінай маўчання памяць герояў. Іх подзвіг служыць яркім прыкладам выключнай стойкасці, беззапаветнай мужнасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Сучаснае пакаленне павінна быць дастойным воінскай славы пераможцаў.

105 гадоў Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь служаць міру на роднай зямлі. Як неад’емная частка дзяржавы наша армія забяспечвае свабоду і незалежнасць краіны, застаецца надзейным гарантам суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, магутным фактарам стабільнасці і бяспекі, заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба.

З яго слоў, 23 лютага – Дзень мужных і моцных духам людзей. Стаяць на варце законнасці і правапарадку – высакародная, адказная місія перад народам і краінай. Людзі ў пагонах заўсёды былі прыкладам самаадданасці, вернасці доўгу і прысязе, гатоўнасці прыйсці на дапамогу ўсім, хто апынуўся ў бядзе.

На ўрачыстым мітынгу ўзгадалі землякоў, якія ў розныя гістарычныя эпохі мужна абаранялі зямлю продкаў ад ворага. Падзякавалі героям Вялікай Айчыннай вайны і тым, хто адрадзіў краіну з попелу. Дастойнай зменай ветэранам стала пакаленне ваеннаслужачых, якія годна выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак на афганскай зямлі. Памяць пра пяцярых загінулых жыхароў Міёршчыны назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

– Мы мірныя людзі. Няма большай радасці, чым спакойна жыць і ствараць на роднай зямлі. Служыць міру і абараняць Радзіму – пачэсны і святы абавязак кожнага грамадзяніна краіны, – звярнуў увагу Валерый Драба і падзякаваў землякам за плённую працу на дабрабыт малой радзімы і сваёй сям’і.

 Найважнейшым прынцыпам дзяржаўнай палітыкі застаецца прэстыж воінскай службы і глыбокая павага да абаронцаў Айчыны. Як адзначыў ваенны камісар Міёрскага раёна Сяргей Пунтус, звыш 180 ураджэнцаў Міёршчыны служаць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь – па кантракце на пасадах ад салдата да афіцэра, праходзяць тэрміновую ваенную службу. Многія сталі курсантамі Ваеннай Акадэміі і ваенных факультэтаў вну, кадэцкіх вучылішч. Усе яны добрасумленна спасцігаюць школу ваеннага майстэрства, патрыятызму, фізічнай і маральнай загартоўкі.

Прадстаўнікі сучаснага пакалення бачаць сваю будучыню ў свабоднай, незалежнай краіне. Ад іх імя прадстаўніца Маладзёжнай палаты, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Елізавета Зінчанка запэўніла, што і ў Год міру і стварэння спадарожнікамі для ўсіх стануць згода, вернасць традыцыям і маральным каштоўнасцям. Моладзь імкнецца, каб іх парыванні і справы спрыялі развіццю міёрскага краю і росквіту Беларусі.

На прыкладах высокага патрыятызму абаронцаў Айчыны выхоўваецца юнае пакаленне. Вучні СШ № 2 імя гвардыі капітана М. Ізварына пацвердзілі сваю пашану да гістарычнага мінулага, подзвігу герояў у вершаваных віншаваннях з нагоды святочнага дня.


Наталія СТАНКЕВІЧ. 
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий