В Миорах прошёл митинг в честь Дня памяти воинов-интернационалистов

 Амаль на працягу дзесяцігоддзя для сем’яў ваеннаслужачых не было слова страшней, чым «Афганістан». За гэты перыяд у чужой краіне загінулі 15 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў, 789 з якіх былі беларусамі. Сярод іх нашы землякі: Сяргей Закрэўскі, Пётр Брынкевіч, Уладзімір Мяцеліца, Сяргей Станкевіч, Сяргей Шляпаў.


Памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанавалі 15 лютага. У гэты дзень па традыцыі сабраліся ля памятнага знака «Чорныя цюльпаны» ўдзельнікі баявых дзеянняў, прадстаўнікі органаў улады і сілавых структур, дэпутацкага корпусу і грамадскіх аб’яднанняў. Абавязкова моладзь, для якой воіны-інтэрнацыяналісты – прыклад самаадданага служэння Айчыне, няхай і не на роднай зямлі. 34 гады мінула з той пары, калі савецкія войскі вывелі з Афганістана, аднак цяжкія ўспаміны, боль старых раненняў і горыч страт дагэтуль вярэдзяць душу кожнага. Няма тэрміну даўнасці ў бацькоўскага гора Баляслава Іосіфавіча і Аліны Пятроўны Закрэўскіх, якія жывуць успамінамі пра сына Сяргея.

У Афганістане нашы маладыя хлопцы паказалі прыклад мужнасці, вернасці воінскаму абавязку. Пяцёра нашых землякоў не вярнуліся дадому. Пакуль памятаем пра іх, яны будуць вечна жывыя, адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба.

15 лютага – гэта не толькі даніна памяці і смутку пра ўсіх загінулых, але і выказванне прыязнасці ўсім, хто вярнуўся дадому, ведае цану міру, згоды і дружбы між народамі. Ветэраны вайны ў Афганістане назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю як сапраўдныя патрыёты, героі свайго часу. І сёння яны займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, захоўваюць вернасць баявому брацтву, з’яўляюцца прыкладам для воінскай доблесці і патрыятызму. У прыклад дырэктар філіяла «Міёрскі камбікормавы завод» Сяргей Мацвееў і слесар-рамонтнік «Металапракатнай кампаніі» Іван Юхно, якія добрасумленнай працай і ў сувязі са 105-годдзем утварэння Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь удастоены Ганаровай граматы райсавета дэпутатаў.

 Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур звярнуў увагу, наколькі неспакойны і нестабільны свет. Як Украіна стала апорай адраджэння неанацызму, як імкнуцца ачарніць подзвігі савецкіх воінаў, аддаць забыццю памяць іншыя краіны. Толькі  такому ўплыву немагчыма паддацца. Праўда на баку салдат і афіцэраў, якія з гонарам выканалі свой воінскі абавязак. Наша дзяржава ўсё робіць для таго, каб не дапусціць войнаў. Кожны на сваім месцы старанна працуе, дзякуючы чаму яднаецца народ, а значыць, пануе згода і заўсёды будзе мір.

Не забывае пра подзвігі герояў і расце ўдзячным сучаснае пакаленне, запэўнівала вучаніца Павяцкай школы Арыяна Мілашэвіч. У Год міру і стварэння дзеці асабліва стараюцца, каб свяціла сонейка і мы былі шчаслівыя. Воін-афганец Васіль Сушко прысвяціў таварышам па службе і міру на зямлі свой чарговы верш.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра загінулых у Афганістане і тых, каго не стала ў мірны час. Ад удзячных землякоў да памятнага знака «Чорныя цюльпаны» леглі жывыя кветкі. Сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня заснавання гэтага мемарыялу, тады ён з’явіўся першы ў вобласці. Яго аўтар і ініцыятар – мастак, кіраўнік раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Вячаслаў Стома. Ён выказаў грамадскасці падзяку за павагу да воінаў-інтэрнацыяналістаў і захаванне памяці.


Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

0 комментариев

Добавить комментарий