Яркi лiстападам ляцелi вiншаваннi
gazeta 3-10-2022, 16:37 1 892 Навіны / Адукацыя і выхаваннеЁсць у календары дата, калі кожны з нас, незалежна ад узросту, роду дзейнасці і сацыяльнага статуса, узгадвае школьныя ўрокі і тых, хто іх выкладаў. Так бывае ў першую нядзелю кастрычніка – у Дзень настаўніка. Падарункам да прафесійнага свята для педагогаў раёна стаў канцэрт «Лістапад віншаванняў» у Міёрскім цэнтры культуры і народнай творчасці.
прыгожылі ўрачыстасць пышныя кветкавыя кампазіцыі, што размясціліся ў фае. Кожная ўстанова адукацыі падрыхтавала свой асенні букет – яркі, цёплы, непаўторны. Дадавалі ўтульнасці радасныя ўсмешкі і цёплыя абдымкі. Перадсвяточная ўрачыстасць для настаўнікаў – гэта прыемныя стасункі з калегамі і магчымасць на некаторы час забыцца пра бясконцыя школьныя клопаты.
Звініць званок. Гучна, працягла. На белым экране плаўна змяняюць адзін аднаго асеннія пейзажы. Яркія, разнастайныя, чароўныя, яны заварожваюць позіркі і ствараюць асаблівы настрой. Рамантычны пачатак канцэрта для настаўнікаў меў працяг у цёплых словах удзячнасці за іх важную, каштоўную працу.
– Прафесійных святаў у календары шмат, аднак Дзень настаўніка – асаблівы. У вашых руках будучыня нашай краіны, – заўважыў педагогам старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.
На свята кіраўнік раёна завітаў з узнагародамі. Уручыў Ганаровую грамату намесніку дырэктара Дзісненскай СШ Святлане Яленскай. Аб’явіў падзяку метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ірыне Грыгор’евай і Аляксандры Валынец, настаўніцы замежнай мовы Дзісненскай СШ Вікторыі Ляшкевіч. Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны дырэктар Туркоўскай БШ Святлана Максіменка і настаўнік працоўнага навучання Дзісненскай школы Мікалай Пацеенак.
Старанне, дабрыня, строгасць, высакароднасць, невычэрпная энергія, каласальная цярплівасць і, канешне, любоў да дзяцей. Такімі якасцямі, на думку начальніка аддзела па адукацыі Аляксандра Жука, валодае сапраўдны педагог. І такіх шмат у школах Міёршчыны. Іх працу заўважаюць не толькі на раённым узроўні. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначаны настаўнікі замежнай мовы Павяцкай СШ Марына Астукевіч і СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Алена Жабёнак, выхавацель групы падоўжанага дня Дзісненскай СШ Марына Расанец, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 Вера Сушко, метадыст раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Вераніка Шамінка, дырэктары Чапукоўскай СШ Уладзімір Кляўцоў і Сіцькоўскай БШ Аксана Шараг.
Шэраг педагогаў атрымаў узнагароды ад аддзела па адукацыі райвыканкама і па прафсаюзнай лініі. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Юлія Ліманоўская жадала калегам любіць сваю работу, ісці ў нагу з часам, атрымліваць задавальненне ад абранай справы.
Як заўважылі падчас урачыстасці, настаўнік – прафесія ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі ад настаўніка. Якой сцяжынкай ідуць у педагогі? Пра свае крытэрыі выбару прафесіі ў відэафільме расказалі настаўнікі са школ райцэнтра. За кампанію з сяброўкай, па парадзе бацькоў, па прыкладзе старэйшай сястры… Розныя прычыны аб’ядноўвае адна – добры прыклад настаўніка перад вачыма. Абраны шлях для ўсіх стаў справай жыцця, асветленай дзіцячымі ўсмешкамі.
Дарылі добры настрой і радавалі талентамі педагогаў іх вучні – большасць мастацкіх нумароў падрыхтавалі дзеці – і артысты раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Нібы яркае лісце з дрэў ляцелі ў залу прывітальныя віншаванні ў вершах, танцах і песнях.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фоторепортаж Казимира БЛАЖЕВИЧА
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.