Міёрскі металапракатны завод цяпер дзяржаўнае прадпрыемства. Без банкруцтва і антыкрызісных упраўляючых. Паўнапраўным кіраўніком будзе прызначаны намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Уладзімір Дзьяканаў. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў працоўнаму калектыву металургаў пры сустрэчы 8 жніўня.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў: калі прымалася рашэнне аб будаўніцтве ў Міёрах завода з удзелам прыватнага інвестара, дзяржава праект падтрымала. Такое прадпрыемства павінна было пасадзейнічаць развіццю раёна. Але ўласнікі дапусцілі як эканамічныя пралікі, так і пэўныя элементы дзелавой нядобрасумленнасці. Раней паведамлялася, што інвестар уклаў у прадпрыемства каля 400 мільёнаў еўра. Для гэтага банкі выдалі беспрэцэдэнтныя крэдыты.
– Завод гэты столькі каштаваць не можа. Гэта мы бачым пры першым набліжэнні. Значыць тыя, хто абяцаў пабудаваць завод, узялі крэдыты ў банках, заказалі, прывезлі абсталяванне, пабудавалі. Дорага. Дзе грошы? Гэта галоўнае пытанне да тых, хто сёння знаходзіцца ў следчым ізалятары, адзначыў Прэзідэнт. З яго слоў, яны павінны кампенсаваць нанесеную дзяржаве і людзям шкоду. У сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі свае абавязацельствы, завод быў адабраны. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе даўгі, якія назапасіла прадпрыемства, дзяржава бярэ на сябе. Завод таксама становіцца дзяржаўным.
– Вы сёння функцыянуеце як беларускі завод у Міёрах. З гэтага моманту ў вас ёсць генеральны дырэктар. Юрыдычна гэта будзе аформлена на працягу двух дзён. Ніякія вы не банкруты, – яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт. – Цудоўная вытворчасць, суперпрадпрыемства. Тут проста трэба закасаць рукавы і вырабляць прадукцыю, збываць яе. Кіраўнік дзяржавы заўважыў завадчанам: «Не дадзём вас у крыўду. Завод будзе працаваць менавіта так, як мы калісьці думалі. Вось мэта майго візіту. Я хачу, каб вы працавалі, бо вы – гэта ўвесь Міёрскі край. Завод будзе дзейнічаць, што пацягне ўвесь край уверх.