Авторизация
 

Урачыстасць з нагоды Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі прайшла у Здраўнёве

1
Урачыстасць з нагоды Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі прайшла сёлета не ў аблвыканкаме, што было даўняй традыцыяй, а на беразе маляўнічай Заходняй Дзвіны – у Здраўнёве. Гасцей прымаў музей-сядзіба знакамітага рускага мастака Ільі Рэпіна, якую ён набыў у 1892 годзе за грошы ад продажу карціны «Запарожскія казакі пішуць пісьмо турэцкаму султану». Пра гэта даведаліся падчас экскурсіі па турыстычным комплексе. Бадай, найлепшае месца для рэлаксацыі і творчага ўздыму. Не дзіўна, што за восем летніх сезонаў жыцця ў Здраўнёве Ілья Рэпін стварыў звыш 40 работ, многія з якіх увайшлі ў скарбніцу сусветнага выяўленчага мастацтва. 

Экскурсія па свецкіх сцяжынках мінулага прывяла на сучасную выставу, якую арганізавалі СМІ, паліграфічныя прадпрыемствы і арганізацыі сувязі. Так, абласная газета «Віцебскія весці» прэзентавала лагатып-пераможцу рэспубліканскага конкурсу «Год гістарычнай памяці», які распрацаваў вядучы рэдактар інтэрнэт-рэсурса Пётр Чымкоўскі. Віцебскі філіял РУП «Белпошта» пазнаёміў з Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмай, з праграмным комплексам «Мабільны паштальён», работай паштамата. Філіял «Белтэлекам» прадставіў праект «Мой горад», распрацаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі». Гэта платформа заклікана аб’яднаць самыя запатрабаваныя гарадскія паслугі ў адзіную экасістэму і прадставіць да іх зручны доступ. 
Затым інтэрактыўная пляцоўка змянілася дыялогавай. З прадстаўнікамі СМІ вобласці сустрэўся старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён падзякаваў журналістам за аб’ектыўнасць і неперадузятасць у падачы інфармацыі і паразважаў на агучаныя імі актуальныя тэмы. 

ПРА САНКЦЫІ

У прыватнасці, адно з важных пытанняў ад журналістаў, – павышэнне імунітэта эканомікі да санкцыённага ціску. Аляксандр Субоцін адзначыў, што штабы па вывучэнні сітуацыі на прадпрыемствах працуюць на ўрадавым, абласным і раённых узроўнях. Штодзень інфармацыя аналізуецца, прымаюцца рашэнні для мінімізацыі негатыўнага ўплыву. Гэта работа не публічная, бо за мяжой ёсць структуры, якія адсочваюць нашы дзеянні. У цэлым пераадоленне санкцыённага ціску патрабуе вялікіх намаганняў, пакуль усё атрымліваецца. На думку кіраўніка вобласці, увядзенне абмежаванняў на гандаль з Беларуссю з боку Захаду – гэта барацьба за рынкі. У сусветным маштабе ў нашай маленькай краіны вельмі высокі паказчык па вытворчасці прадуктаў харчавання: трэцяе месца – па маслу і сухім малаку, чацвёртае – па абястлушчаным, пятае – па сырах. Амаль трэцюю частку сусветнага рынку займаем па выпуску вялікагрузных аўтамабіляў і калійных угнаенняў.

КУДЫ ПАПЛЫВЕ КАРАБЕЛЬ АПК

Дзякуючы ўказу № 70 па развіцці АПК у Віцебскай вобласці з’явіліся інтэграцыйныя аграрныя структуры. Аляксандр Субоцін канстатаваў, што іх стварэнне было адзіным правільным крокам, каб выратаваць многія  сельгаспрадпрыемствы ад банкруцтва. Яны даюць вынік, але пакуль не той, на які разлічвалі. У планах – чарговыя пераўтварэнні. Будзе гэта адна буйная структура ці з’явяцца новыя, пакажа час. Ужо цяпер Віцебская бройлерная птушкафабрыка паказвае добрыя вынікі і, магчыма, увойдзе ў сістэму кластараў як новы самастойны аб’ект, але загадваць пакуль рана. Зараз за справу бяруцца не толькі аграрыі, але і эканамісты: яны будуць разлічваць, куды павярнуць гэты карабель, каб ён упэўнена плыў наперад.  

як ЗАВАБІЦЬ У ГЛЫБІНКУ

«Лічу, што для павышэння прывабнасці жыцця ў невялікіх рэгіёнах неабходна наяўнасць трох галоўных кампанентаў: высокі заробак, прыстойная адукацыя дзяцей, каб атрымліваць якаснае выхаванне і творчае развіццё на месцы, бесперашкодны доступ да аператыўнай і максімальна якаснай медыцынскай дапамогі, – адзначыў старшыня аблвыканкама. – На якасць жыцця ў глыбінцы ўплывае таксама развітая інфраструктура, што значна павышае і турыстычную прывабнасць. Важней за ўсё транспартная, энергетычная, а таксама бесперашкодны хуткасны інтэрнэт, доступ да безнаяўнага разліку. Камфорт і жыццё ў экалагічна спрыяльных умовах, як правіла, прывабліваюць. Менавіта гэта дасць новы імпульс развіцця вёскам, аграгарадкам, а не толькі райцэнтрам. Да гэтага трэба імкнуцца супольна, усім разам.  

ДАРОГАМ – РАМОНТ

Віцебшчына займае другое месца ў рэспубліцы па агульнай працягласці дарог, а гэта звыш 16 тысяч кіламетраў. Са слоў старшыні аблвыканкама, на якасны рамонт транспартных артэрый апошнія некалькі сезонаў дастаткова сродкаў не выдаткоўвалася, таму шматлікія ўчасткі сталі немагчымі для камфортнага перамяшчэння. Сёлета з усіх крыніц фінансавання запланавана патраціць на іх паляпшэнне амаль 60 мільёнаў рублёў. З далучэннем заходніх крэдытаў меркавалі мадэрнізаваць дарогі рэспубліканскага значэння ад Віцебска да Оршы, ад Лепеля да Полацка, завяршыць абход абласнога цэнтра, але праграмы звернуты праз санкцыі. Планы дапаможа рэалізаваць Еўразійскі банк развіцця ці кітайская фінансавая структура.
АБЛАСНОЙ БАЛЬНІЦЫ – 
НОВЫ ФАРМАТ

Адна з задач, якую ставіў новаму кіраўніку Віцебскай вобласці Прэзідэнт, – мадэрнізацыя абласной клінічнай бальніцы. Патрабавалася прадумаць праект, каб установа адказвала сучасным патрабаванням аказання паслуг.
Старшыня аблвыканкама расказаў журналістам, што была задумка пераўтварыць аперацыйны блок, але спецыялісты сутыкнуліся з праблемай – дзе працаваць хірургам, калі цалкам вывесці з работы іх корпус. Тады прынялі рашэнне будаваць асобны аперацыйна-рэанімацыйны модуль і паступова праводзіць капрамонт і мадэрнізацыю іншых корпусаў. 
Як паведаміў Аляксандр Субоцін, праект рыхтавалі ў паскораным рэжыме, ён амаль гатовы. Па папярэдніх падліках, на рэалізацыю задуманага неабходна каля 400 мільёнаў рублёў. Сума значная, сваімі сіламі не справіцца, таму праект мяркуюць уключыць у рэспубліканскую інвестпраграму. 
– Хацелася б злучыць усе звёны аднаго ланцужка сферы аховы здароўя, уключаючы медыцынскія ўстановы адукацыі – універсітэт і каледж, і стварыць на базе абласной бальніцы лячэбна-вучэбна-вытворчы кластар. Дзякуючы гэтаму можна будзе не толькі аказваць якасныя паслугі, але і вучыцца, а таксама развіваць медыцынскія тэхналогіі, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. 

РУЛЯЦЬ КРЭАТЫЎНЫЯ КАДРЫ

Пры падборы кіраўнічых кадраў для старшыні аблвыканкама ў першую чаргу важныя: адукацыя, веданне сваёй справы, водгукі пра работу, якую будзе выконваць на новай пасадзе. 
– Лічу, што гэта павінны быць прафесіяналы. Няхай яны часам задаюць нязручныя пытанні, не заўсёды, у добрым сэнсе, кіруемыя, але гэта людзі крэатыўныя, якія прапануюць штосьці новае, адстойваюць свой пункт погляду, што неабходна для руху наперад, – адзначыў Аляксандр Субоцін. 

...І КРЫХУ ПРА АСАБІСТАЕ

Старшыня аблвыканкама прызнаўся, што ў яго няма старонкі ў сацсетках. Аднак абавязкова праглядае афіцыйныя, неабходныя для работы Тelegram-каналы. Цікавіцца міжнароднымі і эканамічнымі навінамі. Аляксандр Міхайлавіч любіць чытаць, калі было больш вольнага часу, яго паглынаў свет гістарычных кніг. Сябруе са спортам: шмат гадоў займаецца барацьбой, гэтай зімой упершыню стаў на лыжы і паспяхова – каманда Віцебскага аблвыканкама заняла першае месца ў біятлоннай эстафетнай гонцы ў «Мінскай лыжні».
***
Завяршылася прэс-канферэнцыя цырымоніяй узнагароджання пераможцаў конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый вобласці. У намінацыі «Найлепшы фотарэпарцёр рэгіянальных друкаваных СМІ» галоўны герой – Казімір Блажэвіч (на фота зверху). Гэта другая перамога нашага калегі-фатографа, што пацвярджае яго прафесіяналізм. Дзякуючы яго ўменню творча мысліць і выконваць сваю работу якасна і самааддана раённая газета мае сваё яркае адметнае аблічча. Прыемна, што гэта заўважаецца і цэніцца на вышэйшым узроўні.

Наталія СТАНКЕВІЧ. 
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 мая 2022
Адриан, Арсений, Иван

Именины 20 мая 2022
Антон, Давид, Иван, Иосиф, Михаил, Степан, Фаддей, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта