Аўтапрабег «Дарогамі вайны – дарогамі Перамогі» прайшоў 1 мая. Маршрут пралягаў па тэрыторыі Міёрскага і Браслаўскага раёнаў ад хутара Дзісненскі рубеж да гарадскога пасёлка Друя праз Дзісну, Міёры і вёску Тычкі.
Калона ваеннай тэхнікі і сучасных аўто рухалася тымі дарогамі, якімі ішлі ў 1941 і 1944 гадах воіны 302-га стралковага палка 29-й стралковай Полацкай дывізіі. На кожным прыпынку ўдзельнікаў аўтапрабега віталі мясцовыя жыхары. Падчас мітынгаў ускладалі кветкі да памятных знакаў і брацкіх магіл, хвілінай маўчання шанавалі памяць тых, хто загінуў за нашу свабоду.