Авторизация
 

Аляксандр КУЧЫНСКІ з Мікалаёва: фота на памяць з зоны адчужэння

 Свой адбітак Чарнобыльская катастрофа пакінула ў жыцці соцень тысяч людзей. Застаўся яе след у біяграфіі жыхара аграгарадка Мікалаёва Аляксандра КУЧЫНСКАГА. Паўгода сяльчанін правёў у зоне адчужэння, дапамагаючы ліквідоўваць наступствы аварыі.

 

Павестка ў зону адчужэння

Восень 1986 года для Аляксандра Кучынскага аказалася багатай на паездкі. Не паспеў вярнуцца з Казахстана, куды маладога камбайнера накіравалі на дапамогу ва ўборачнай кампаніі, як прыйшла павестка з ваенкамата.

 
– Паехаў у Міёры, у той жа дзень прайшоў там медагляд, назаўтра ўжо быў у Мінску. Там выдалі ваенную форму, – успамінае Аляксандр Іванавіч. – Спачатку нават не здагадваўся, куды і для чаго еду. Калі даведаліся, што канчатковы прыпынак – Хойніцкі раён, усё стала зразумела.

 
На дварэ стаяў кастрычнік. Лагер размясцілі паблізу вёскі Рудакоў. Сабралі тут ваеннаабавязаных з розных краін Савецкага Саюза.
– Жылі ў палатках. У кожнай стаяла печка-«буржуйка», якую самі цеплілі, – расказвае субяседнік. – Кармілі нас сытна. У меню пастаянна былі свежыя фрукты. Яшчэ запомніў кітайскую тушонку, вырабленую ў год майго нараджэння – 1958-ы. Штодня бралі з пальца кроў на аналіз, з вены – два разы на тыдзень. Усе рукі былі паколатыя.

 
Займаліся маладыя мужчыны, якія зноў сталі салдатамі, уборкай забруджаных тэрыторый. Зграбалі апалае лісце, прыбіралі смецце. Раніцай за імі прыязджалі грузавыя машыны ці прыляталі верталёты, каб даставіць да месца работ. Чатыры разы Аляксандру Кучынскаму давялося працаваць на самой станцыі. Абавязковымі складнікамі рабочай формы ліквідатараў былі ахоўныя маскі, якія яны называлі «маскі-пялёсткі», і супрацьрадыяцыйныя свінцовыя камізэлькі вагой у 25 кілаграмаў. Дні ў зоне адчужэння здаваліся Аляксандру Іванавічу вельмі доўгімі. Сумаваў па доме, дзе яго чакала жонка Вера Пятроўна з маленькімі дачушкай і сынком.

 

 Звыклыя клопаты

Па вяртанні ў вёску жыццё ўвайшло ў свой звычайны рытм. Сямейныя клопаты, хатнія справы, работа ў калгасе. Працаваў на трактары, падчас уборачнай кампаніі перасаджваўся на камбайн. Калі падраслі дзеці, сталі пастаяннымі памочнікамі ў барацьбе за ўраджай. Спачатку Таня замест таго, каб прысвяціць апошні месяц летніх канікул забавам, з ранку да цёмнага была з татам на камбайне. Затым пераняў эстаферу Юра.

 
Пасля выхаду на пенсію Аляксандр Іванавіч яшчэ шэсць гадоў не выпускаў з рук баранку трактара. Год таму вырашыў пайсці на адпачынак канчаткова. Цяпер заняты хатняй гаспадаркай і любімым хобі – рыбалкай. Чакаюць у госці дарослых дзяцей. Таццяна ў таты з мамай бывае часцей. Яна жыве ў Віцебску, працуе аграномам у ААТ «Рудакова». На гэтым жа прадпрыемстве быў заняты Юрый, пасля пераехаў у Расію. Цяпер ён у Стаўрапольскім краі, штолета наведвае бацькоўскі дом. У Аляксандра Іванавіча і Веры Пятроўны трое ўнукаў. Яўген і Ягор – школьнікі. Крысціна ўжо стварыла сваю сям’ю. Дзядуля і бабуля мараць дачакацца праўнукаў.

 

Сярод тых, хто разам з Аляксандрам Кучынскім знаходзіўся на зборах у зоне адчужэння, шмат каго ўжо няма. Многія пасля зведалі праблемы са здароўем. Аляксандр Іванавіч на самадчуванне не скардзіцца. Пра той час нагадваюць толькі ўспаміны. А яшчэ дзве граматы і фотаздымкі, якія захоўваюцца ў сямейным архіве.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з асабістага архіва Аляксандра КУЧЫНСКАГА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта