Авторизация
 

У Доме культуры ўшанавалі лаўрэатаў звання «Чалавек года Міёршчыны»

 Па добрай традыцыі напярэдадні Дня Канстытуцыі ў раённым Доме культуры ўшанавалі лаўрэатаў звання «Чалавек года Міёршчыны». Дзевяць найлепшых працаўнікоў важных сфер дзейнасці раёна, якія дасягнулі поспехаў у прафесіі, асабістымі якасцямі заслужылі павагу ў родным калектыве і грамадстве, атрымалі заслужаныя ўзнагароды па выніках за мінулы год. Разам прымалі віншаванні старанныя прадстаўнікі юнага пакалення. Ім уручылі галоўны ў жыцці дакумент – пашпарт. Новым грамадзянам наказвалі стаць дастойнымі прадаўжальнікамі добрых традыцый старэйшага пакалення, працавітасцю і стараннем услаўляць родны край, каб папаўняўся спіс заслужаных людзей.

 

На адкрыцці ўрачыстай цырымоніі старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў падкрэсліў, што на Міёршчыне важныя задачы рэалізуюцца дзякуючы прафесіяналізму, майстэрству і адказнасці яе жыхароў. Мінулы 2020 год выдаўся няпростым, але абагаціў вопытам, запомніўся значнымі вынікамі. У снежні летась здадзены ў эксплуатацыю завод па вытворчасці белай бляхі. Пуск новага прадпрыемства дазволіў значна павялічыць даходную частку бюджэту раёна, а разам з тым палепшыць інфраструктуру райцэнтра і Дзісны, падтрымаць сяло. Дзякуючы нястомнай працы аграрыяў атрымалі больш сельскагаспадарчай прадукцыі, паспяхова працавала вытворчая сфера, развівалася сацыяльная. Варта вытрымалі экзамен на трываласць медыкі раёна, якія прадэманстравалі ўменне аператыўна арганізоўвацца ў складанай сітуацыі і супрацьстаяць пандэміі.

 
У год святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі асаблівая ўвага надавалася добраўпарадкаванню воінскіх пахаванняў, усебаковай падтрымцы ветэранаў вайны, рабоце па выхаванні маладога пакалення. 2020-ы завяршыў трылогію Года малой радзімы. Пад яго эгідай работы па добраўпарадкаванні вяліся не толькі сіламі мясцовай улады. Самі жыхары праяўлялі ініцыятыву. Гэтыя памкненні – на ўсеагульны дабрабыт.
Кіраўнік раёна падзякаваў усім за адданасць роднай зямлі і актыўны ўдзел у будаўніцтве будучыні. Разам зрабілі нямала, дасягнутае трэба ўмацаваць і рухацца далей яшчэ з большай ініцыятывай і настойлівасцю, каб на міёрскай зямлі рэалізоўваліся новыя праекты, з’яўляліся вытворчасці.

 
 За сем гадоў з моманту заснавання пачэснага звання «Чалавек года Міёршчыны» яго заслужылі звыш 60 прадстаўнікоў розных прафесій. У сёлетнім спісе дастойныя людзі, адданыя сваёй справе. Трактарыст-машыніст ВУПКУ «Міёрскі» Аляксандр Баршчэўскі на працягу некалькіх апошніх гадоў трымаецца ў лідарах на абласных спаборніцтвах сярод камбайнераў па намалоце збожжа. У 2019 годзе заняў другое месца, а ў 2020 – трэцяе. Летась намалаціў 1 479 тон зерня, 228,3 тон рапсу, 7,75 тон шматгадовых траў. Добра працаваць – сямейная традыцыя. Жонка Аляксандра – Жанна, прадавец магазіна ў Ідолце, мае званне «Чалавек года Міёршчыны-2017».

 
Машыніст тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны лесапункта Дзісненскага лясгаса Алег Шупейка ў прафесіі з 1984 года. Плённы працаўнік пастаянна выконвае планавыя заданні па вывазцы драўніны. За 2020 год аб’ём тралёўкі асартыменту ў пагружаным становішчы склаў 9 581 м3.

 
34 гады Аляксандр Яблонскі заняты ў Міёрскім раёне электрычных сетак. У складзе брыгады абслугоўвае і рамантуе паветраныя лініі электраперадач. Аб’екты прымаюцца ў эксплуатацыю заўсёды з высокай адзнакай якасці. Віталь Матэленак – прадстаўнік запатрабаванай і паважанай прафесіі ў будаўнічым асяродку, ён муляр трэцяга разраду ПМК-55. Задзейнічаны на ўзвя- дзенні ўсіх жылых аб’ектаў нашага раёна, працуе на сумленне, годна спраўляецца з пастаўленымі задачамі.

 
Наталія Ладзіс – па адукацыі медыцынская сястра, шмат гадоў адпрацавала ў сістэме аховы здароўя раёна. У 2015 годзе перакваліфікавалася ў майстра манікюра і распачала сваю справу. Ад кліентаў адбою няма, што абумоўлена высокай якасцю паслуг індывідуальнага прадпрымальніка.

 
Настаўнік тэхнічнай працы Мікалай Пацеенак працуе ў Дзісненскай школе з 1989 года. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Сістэмна і вынікова працуе з высокаматываванымі і творчымі дзецьмі, дзякуючы чаму ўжо трэці год запар ёсць поспехі ў алімпіядным руху на раённых і абласных этапах. Напрыклад, у бягучым навучальным годзе адзінаццацікласнік заваяваў дыплом І ступені ў раёне і ІІІ – у вобласці.

 
 Міраслава Кунцэвіч – урач агульнай практыкі (загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі) паліклінікі ЦРБ на працягу 40 гадоў аказвае высокакваліфікаваную дапамогу пацыентам. Рашуча дзейнічае ў складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы, лечыць ад вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых каронавірусам.

 
Прыбіральшчыца службовых памяшканняў Павяцкага сельвыканкама, старэйшына населеных пунктаў Чурылава, Стрэтава, Дзехцярова, Пацава, Новы Двор, Акунёва. Марыя Юрашак заўсёды ў віры грамадскіх спраў, нераўнадушная да патрэб землякоў, натхняе іх на добрую дзейнасць. За гэта карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай у насельніцтва і кіраўніцтва раёна.

 
Майстар каўбаснага ўчастка Кацярына Грыгор’ева працуе на мясакамбінаце з 2012 года. Малады арганізатар умела нацэльвае сваіх 50 падначаленых якасна і ў тэрмін выконваць пастаўленыя задачы. За 2020 год каўбасны ўчастак выпусціў звыш тоны каўбасных вырабаў, 734 тоны паўфабрыкатаў. Распрацоўвае і паспяхова ўкараняе новыя віды мясных далікатэсаў.

 
Дасягненні дарослых – прыклад для пераймання юным. Ім трэба старацца ў вучобе цяпер, каб папоўніць пачэсны спіс заслужаных людзей Міёршчыны ў будучым. А пакуль атрымалі галоўны дакумент – пашпарт. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава нагадала хлопцам і дзяўчатам, што быць сапраўднымі грамадзянамі Беларусі – значыць мець адказнасць перад сваёй краінай. Дзе б ні быў, з годнасцю несці гэта званне, праслаўляючы справамі і ўчынкамі родны край.

 
Урачыстыя ўзнагароджанні завяршыў святочны канцэрт з удзелам найлепшых выканаўцаў, якія ўносяць істотны ўклад у стварэнне іміджу Міёршчыны як краю, багатага на таленты. У фае запрашала выстава духмянай мясцовай прадукцыі хлебазавода і мясакамбіната.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.  

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта