Авторизация
 

Жэня СУХОЎСКАЯ і Маша ТРУБІЛА з Новага Пагоста: самаразвіццё спрыяе росту

 У раскладзе дня старшакласніц Новапагосцкай школы Жэні СУХОЎСКАЙ і Машы ТРУБІЛА акрамя ўрокаў значнае месца адводзіцца самападрыхтоўцы і заняткам для душы. Жэню вабяць маляванне і рукадзелле. Маша з захапленнем вывучае гісторыю і чытае мастацкую літаратуру.

 

Скетчбук з сабой

На ўроках дзевяцікласніца Жэня Сухоўская (злева) атрымлівае «9»-кі і «10»-кі. Яна адзіная дзяўчына ў класе з шасці чалавек. У хлапечым калектыве адчувае сябе камфортна і задае тон у вучобе аднакласнікам. У мінулым навучальным годзе ў конкурсе «75 дзясятак – гэта мая перамога», што праводзіўся ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі, Жэня хутчэй за ўсіх атрымала вызначаную колькасць высокіх адзнак.

 
– Складана быць выдатніцай? – цікаўлюся ў вучаніцы.
– Ды не, – сціпла ўсміхаючыся, адказвае дзяўчына. – Вучоба лёгка даецца. Памяць у мяне добрая. Нават не скажу, які прадмет самы любімы. Больш цікавіць матэматыка. Разам з тым падабаюцца мовы і літаратура, асабліва паэзія.

 
Актыўнічае Жэня не толькі на ўроках. Выступае вядучай на школьных мерапрыемствах, удзельнічае ў конкурсах «Буслік», «Кенгуру», «Журавлик» і іншых спаборніцтвах па прадметах, спрабуе свае сілы на школьных этапах алімпіяд па хіміі, біялогіі, матэматыцы. Прадстаўляла школу на раённым этапе алімпіяды па абслугоўваючай працы. Рыхтавалася да іспытаў разам з настаўніцай Вяславай Кісель.

 
– Гэта цікава, хоць і даволі складана. Выконвалі тэсты і практычнае заданне – шылі пакетніцу, – дзеліцца ўражаннямі. – Мне падабаецца займацца рукадзеллем на ўроках. Вышываю, вяжу. Аднак мой самы любімы занятак – маляваць.

 
У Жэні часта з сабой скетчбук, у якім робіць накіды малюнкаў. Захапляюць пейзажы, сюжэты якіх прыдумвае сама ці пераймае з іншых выяў. З дапамогай інтэрнэт-урокаў вучыцца маляваць партрэты. Дома некаторыя работы афармляе ў рамкі і размяшчае на сценах. Натхнення юная мастачка не чакае. Для любімай справы ёй патрэбны толькі вольны час, папера, фарбы ці алоўкі. Хобі Жэня марыць зрабіць сваёй прафесіяй.
 
Чым далей у часе, тым цікавей

– Я вырашыла звязаць жыццё з гісторыяй. Буду паступаць на гістарычны факультэт БДУ, – гаворыць адзінаццацікласніца Марыя Трубіла. – Трэба здаваць тэсты па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, беларускай ці рускай мове. Рыхтуюся да выпрабаванняў на ўроках і факультатывах, самастойна і разам з настаўніцай Наталіяй Віктараўнай Самсановіч. Па магчымасці вечарамі выходзім на сувязь праз інтэрнэт і займаемся.

 
Пад кіраўніцтвам педагога Марыя піша эсэ і даследчыя працы. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе на раённы этап рэспубліканскай акцыі «Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі» рыхтавала работу ў намінацыі «Мае родныя ў Вялікай Айчыннай вайне». Адзінаццаты клас у Новапагосцкай школе педагагічнага профілю. У праграму ўключаны факультатыў «Увядзенне ў педагагічную прафесію», дзе вучні знаёмяцца з асновамі педагогікі і псіхалогіі, спрабуюць сябе ў ролі настаўнікаў.

 
– Праводзіць урокі ў іншых класах вельмі цікава, – гаворыць Марыя. – Выпускнікі гістфака БДУ таксама атрымліваюць права выкладаць. Яшчэ дыплом дае магчымасць працаваць у турыстычнай і музейнай сферы, займацца археалогіяй. Апошняе для мяне найбольш прывабна. Далёкая гісторыя асабліва цікавіць.

 
У студэнцкае жыццё Маша адправіцца з добрымі фінансавымі ведамі. Двойчы ўдзельнічала ў алімпіядзе па фінансавай граматнасці. Прадмет, якога няма ў школьнай праграме, асвойвае таксама з настаўніцай Наталіяй Самсановіч.

 
– Вывучаем сутнасць грошай і магчымасці іх прымяннення: уклады, зберажэнні, фінансавыя працэсы, уплыў інфляцыі на эканоміку, – расказвае школьніца. – Ёсць такое паняцце як бяспека асабістых сродкаў. Яно ўключае ў сябе навыкі разумнага абыходжанні з фінансамі. Усё наша жыццё звязана з грашыма, таму атрыманыя веды мне спатрэбяцца ў будучым.

 
Вольнага часу, па словах Марыі, у яе няшмат. Удзень у школе, вечары заняты падрыхтоўкай да ўрокаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Цяпер галоўная мэта – паступіць ва ўніверсітэт. Штодня робіць да яе настойлівыя крокі. Адпачыць дзяўчына любіць за кнігай. Аддае перавагу рускай класіцы, у прыватнасці творам Ф. Дастаеўскага і А. Купрына. Падабаецца жанр антыўтопіі, прачытала раманы Т. Талстой «Кысь» і О. Хакслі «О дивный новый мир». У планах – «Мы» Я. Замяціна і «1984» Дж. Оруэла.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта