Авторизация
 

А што ў Беларусі цікавага? Раскажуць падарожнікі з Міёр!

 Велічны касцёл у Гервятах, сядзіба Міхаіла Агінскага ў Залессі, замак у вёсцы Крэва і яго мініяцюрная рукатворная копія ў суседніх Чухнах, былы палацава-паркавы комплекс у Лынтупах, возера Нарач… Пералік цікавых месцаў Беларусі, якія за два гады наведалі падарожнікі-аматары Алена ШАНГІНА і Аляксей ГАЙДЗЕЛЬ, доўгі і разнастайны. Вядомыя і забытыя адметнасці роднага краю натхняюць завесці аўтамабіль і скіравацца за дзясяткі-сотні кіламетраў ад дома.

 

А што ў Беларусі цікавага?

Падарожжы – агульны інтарэс сямейнай пары і калег-культработнікаў Алены Шангіной і Аляксея Гайдзеля. Пабывалі ў Турцыі, Егіпце, Шры-Ланцы. Прыхільнікі актыўнага і пазнавальнага адпачынку заўсёды выбіралі туры з максімумам экскурсій, каб больш даведацца пра замежныя краіны, іх адметнасці, гісторыю і культуру. Дадому вярталіся з мноствам уражанняў і аднойчы злавілі сябе на думцы: «А што цікавага можна пабачыць у Беларусі?» Сталі «завісаць» на турыстычных сайтах, адзначаць прывабныя для сябе кропкі, складаць маршруты і ў вольныя выхадныя выпраўляцца ў шлях.

 
– Першай была паездка ў вёску Сар’я Верхнядзвінскага раёна. Кампанію склала дачка Кацярына. Любаваліся прыгожай царквой, гулялі па падвясным мосце, – расказвае Алена. – Пасля двойчы наведваліся туды з Аляксеем і сябрамі.

 
Удваіх і разам са знаёмымі, якім перадаецца захапленне падарожнікаў-аматараў, Аляксей і Алена пакаталіся па цікавых мясцінах Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Пастаўскага, Докшыцкага, Бешанковіцкага, Шумілінскага, Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці,пабывалі на Гродзеншчыне.

 
 – Уразілі руіны Гальшанскага і Крэўскага замкаў. Запомнілася ашмянская Галгофа – узвышша ў горадзе, на якім штогод у Вербную нядзелю ўстанаўліваюць крыж, што нясуць з касцёла, – пералічвае мясціны, якія найбольш спадабаліся, Аляксей.
– Назваць любімыя месцы не магу. Для мяне кожнае па-свойму адметнае і запамінальнае. Шмат такіх, куды хочацца вярнуцца, – гаворыць Алена. – У запасе заўсёды некалькі маршрутаў, па якіх можна скіравацца.

 

Маршрут на хаду дапаўняецца

Распрацоўка маршрута пачынаецца з вывучэння на турыстычных сайтах рэгіёнаў, іх архітэктурных і прыродных адметнасцяў. Затым выбраныя пункты наносяцца на гугл-карту, з улікам іх аддаленасці адзін ад другога складаецца кампактны шлях. Як адзначае Алена, гэты занятак затратны па часе, але вынік таго варты.

 
 Падчас падарожжаў здаралася, што загадзя прадуманы маршрут па шчаслівай выпадковасці дапаўнялі новыя пункты. Напрыклад, з берага Нарачы навігатар завёў у агратурыстычны комплекс «Наносы», дзе перад вачыма паўсталі рэальныя карціны сельскага быту 19 стагоддзя. Драўляныя дамы з аўтэнтычным дэкорам, вадзяны і ветраны млыны, міні-палетак сланечнікаў і іншыя маляўнічыя куточкі. Трымаючы курс на вёску Гервяты, дзе знаходзіцца неверагоднай прыгажосці касцёл Святой Троіцы, праязджалі праз Міхалішкі і вырашылі прайсціся па тэрыторыі касцёла Святога Міхаіла Архангела. Ксёндз заўважыў кампанію падарожнікаў і правёў для іх цікавую экскурсію.

 
Іншымі вачыма Аляксей і Алена паглядзелі на родны Міёрскі раён. У захапленні ад прагулкі па вёсачцы Крычава, дзе старыя высокія дрэвы адлюстроўваюцца ў маляўнічых сажалках з бетонным дном. Нядаўна гулялі па аграгарадку Мікалаёва, любуючыся руінамі касцёла Святога Антонія. Адкрыццём стаў разбураны вадзяны млын, на які натрапілі ў вёсцы Курылавічы Язненскага сельсавета.

 
 – Кароткую інфармацыю пра яго выпадкова знайшла ў інтэрнэце. Вядома, захацелі пабачыць. Дзіўнае месца: масіўны будынак з чырвонай цэглы, побач прыемна бурліць вада, а навокал ціха-ціха, – гаворыць Алена. – Звесткамі пра млын падзяліўся з намі краязнаўца Вітольд Ермалёнак, за што вельмі яму ўдзячны. Даслаў выпуск выдання «Міёрская даўніна».

 
 Адтуль зацікаўленыя падарожнікі даведаліся, што млын на рацэ Ісьціца пабудаваў у 1884 годзе немец Гапэ. Пасля яго выкупіў уладальнік Курылавічаў Мурашоў. Першым млынаром быў Глебка Сямён Вікенцьевіч, прадаўжалі справу яго сын Мікалай і ўнук Леў. Яшчэ пры першым гаспадары на млыне ўстанавілі паравы рухавік нямецкай фірмы «Блэндэр». Жорны круціліся да 1982 года і малолі зерне на муку розных гатункаў.

 

Публікацый у «Інстаграм» дабаўляецца

Падарожжы па розных куточках Беларусі натхнілі Алену весці блог у «Інстаграм». Заводзіла старонку для рэкламы сваіх паслуг вясельнай фота- і відэаздымкі. Аднак найбольшую частку публікацый складаюць фота (у тым ліку з квадракоптара, які першапачаткова набывала для прадпрымальніцкай дзейнасці) мясцін з расповядамі пра іх месцазнаходжанне і гісторыю. Аўдыторыя падпісчыкаў, сярод якіх шмат аднадумцаў, налічвае больш за 600 чалавек.

 
Часам не ўсе разумеюць імкненне Аляксея і Алены выпраўляцца ў далёкія паездкі дзеля таго, каб пабачыць руіны мала каму вядомых касцёлаў, цэркваў, палацаў. На гэта ў адным са сваіх пастоў у «Інстаграм» Алена напісала: «Сярод старых руін ёсць нейкая свая асаблівая атмасфера. Гэта атмасфера свабоды і настальгіі, спакою і адасобленасці… Гэта своеасаблівая машына часу. Хадзіць там, дзе раней было жыццё, дзе людзі былі шчаслівымі, стаць часцінкай мінулага. Убачыць прыгажосць закінутасці і паспрабаваць аднавіць карцінку таго, што было раней. Закінутыя мясціны не мёртвыя, у іх адчуваецца наслаенне жыцця і энергетыкі тых, хто там жыў… Побач з намі мінулае. Яно да гэтай пары тут. У гэтым будынку. І мы ў гэты момант можам яго адчуць… »

 

 Працяг будзе… Далучайцеся!

Знаёмствы з новымі мясцінамі дораць моцны энергетычны зарад, нягледзячы на тое, што часам увесь дзень Алена за рулём, а Аляксей у пасажырскім крэсле.
– Мне падабаецца быць у дарозе, – заўважае Алена.
– Люблю далёкія паездкі, хоць у прынцыпе доўгі час знаходзіцца ў аўтамабілі мне некамфортна, – гаворыць Аляксей. – Лепш за ўсё ехаць кампаніяй, за размовамі час ляціць незаўважна. Плюс відавочная для ўсіх эканомія: скінуліся на паліва максімум рублёў па 20 – і атрымалі безліч неацэнных уражанняў.

 
Чым больш аматары-падарожнікі катаюцца па Беларусі, тым больш хочацца спазнаваць свой край зноў і зноў, далей і далей. У планах пазнаёміцца з Брэстчынай, паглядзець на Нясвіжскі, Мірскі і Навагрудскі замкі, пабываць у Ружанах, Косава, Сынкавічах, вывучыць адметнасці Аршанскага рэгіёна. Спіс будучых паездак далёка не поўны.

 
Аляксей і Алена спадзяюцца, што кола падарожнікаў- аматараў пашырыцца. Разам весялей не толькі крочыць, але і ехаць па прасторах роднага краю, любавацца непаўторнымі краявідамі, рукой і сэрцам дакранацца да цяперашняга і мінулага.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з асабістага архіва Алена ШАНГІНОЙ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 2 марта 2021
Михаил, Николай, Павел, Порфирий, Роман, Федор, Анна, Мария, Марианна

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Госці краін

free counters
Партнеры сайта