Авторизация
 

Міёрскі льнозавод: ударная праца ад заснавання да нашых дзён

 У 1950 годзе ў былым маёнтку Паршалі, што размяшчаўся праз возера ад райцэнтра, пачаліся будаўнічыя работы. Першы крок да індустрыялізацыі на Міёршчыне праклала ўзвядзенне льнозавода. Загадам № 19 ад 29 снежня 1955 года пастаўлена задача ўвесці прадпрыемства ў строй 1 студзеня 1956-га.

 

Крыху гісторыі

Высокі льнозавадскі комін задыміў яшчэ з восені 1955-га: у цёплых памяшканнях ішоў мантаж абсталявання, пры гэтым многія мясцовыя будаўнікі пад кіраўніцтвам прыезджых спецыялістаў ужо асвойвалі новыя для сябе прафесіі, неабходныя на мяльна-трапальнай вытворчасці. Спатрэбіўся пэўны час і вопыт, каб, напрыклад, хутка, літаральна з першага позірку беспамылкова размеркаваць пасмы доўгага валакна ў важкія звязкі-куліткі ў залежнасці ад даўжыні, колеру і іншых паказчыкаў. Менавіта так працавала сартавальшчыца і падвязчыца Марыя Сцепулёнак, пазней узнагароджаная ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

  
Станаўленне завода і калектыву не было простым і хуткім. Але з часам наладзілі вентыляцыю – пылу ў цэху стала менш, механізавалі выдаленне кастры, якую раней выносілі насілкамі. Электрыфікацыя раёна на пачатку 60-х дазволіла абсталяваць пнеўматранспарт для кастры і валакна.

 
 У 1974 годзе на льнозаводзе прайшла вялікая рэканструкцыя. Тады з’явіліся шохі для сыравіны, з тэрыторыі зніклі шматлікія стагі і сцірты. Узведзены новы корпус для дзвюх ліній апрацоўкі трасты, яны дзейнічалі ў тры змены да верасня 1987-га. Абсталяваны пылазборнікі, бытавыя памяшканні. Прадпрыемства магло за год выпускаць да 2,5 тысячы тон ільновалакна. Дарэчы, у 1985-ым завадчане перапрацавалі 9,5 тысячы тон трасты сярэднім нумарам 0,73, атрымалі 2,3 тысячы тон валакна, з гэтай колькасці 630 тон ці 27,4 % – доўгага. Яго вагонамі адгружалі на Аршанскі льнокамбінат, экспартавалі ў Бельгію і Галандыю.

 
На той час на заводзе працавала да 180 чалавек, усе шчырыя патрыёты прадпрыемства. З’явіліся сямейныя дынастыі, ветэраны вытворчасці.

 
Сыравіна паступала з калгасаў і саўгасаў, у кожнай гаспадарцы вырошчвалі па 150 – 200 гектараў даўгунцу. Хаця ўсе работы па церабленні, рассцілцы і ўздыме трасты вяліся ўручную, нярэдка з дапамогай шэфаў, высокія ўраджаі і клапатлівыя адносіны да выканання ўсіх аперацый прыносілі добры грашовы прыбытак гаспадаркам і значны заробак для льнаводаў. Невыпадкова высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы сярод радавых работнікаў раёна прысвоена менавіта звеннявой ільнаводчага звяна калгаса імя Чапаева Леакадзіі Зімнік.

 
У канцы 80-х недахоп сыравіны прымусіў льнозавод перайсці на двухзменную работу. Давялося адольваць інфляцыю, неплацяжы і іншыя цяжкасці. У сярэдзіне 90-х калектыў складаўся са 125 чалавек. На ўсіх участках па-ранейшаму працавалі добрыя спецыялісты і добрасумленныя людзі. Прадпрыемства трымалася на галоўным механіку Уладзіміры Кандрацкім, майстрах змен Любові Цвячкоўскай і Марыі Кухаронак, большасці спецыялістаў – Ірыне Шульга, Ноне Будрэвіч, Мадэсце Ратокля, Рэгіне Качаноўскай, Леаніду Дземідзёнку, Міхаілу Сураўцу, Таццяне Кліпацкай, Леанардзе Томка, Аляксандру Канаху, Міхаілу Абдулаеву. Самую высокую ацэнку іх старанню даваў тагачасны дырэктар Мікалай Каранкевіч.

 
 Нягледзячы на цяжкасці, на прадпрыемстве дзейнічала сталовая, добраўпарадкоўвалася тэрыторыя, нават пабудаваны шматкватэрны дом для работнікаў. У больш позні час прадпрыемства таксама славілася выдатнымі работнікамі. Напрыклад, Анатоль Мацур заняў першае месца ў абласным спаборніцтве механізатараў на камбайне ЛК-4.

 

Сённяшні дзень

– Цяпер на прадпрыемстве ў поўную сілу працуюць на адной лініі дзве змены па 14 чалавек у кожнай, сыравіны для іх хопіць да новага ўражаю, – засведчыў дырэктар Аляксандр Грэцкі ў апошні дзень 2020 года. – Яе вырошчвалі ўласнымі сіламі ў гаспадарках «Пад’ельцы», «Туркова», «Дрыгучы», «Узмёнскі край», «Павяцце», «Любінова», «Міёрскі» і на ўгоддзях райаграсэрвісу.Ми
– Калектыў у нас невялікі, але згуртаваны, усе працуюць добрасумленна, – прадоўжыў вядучы механік Міхаіл Абдулаеў. – Хаця праблем таксама нямала.

 
Вытворчасць на заводзе пачынаецца з дастаўкі сыравіны. У пераднавагодні дзень гэтым займаўся механізатар Уладзімір Савуць на двух трактарах «Беларус-82». Падганяе адзін з навясным пагрузчыкам да шахі, вяртаецца за другім з прычэпамі. Укладвае ў іх да 24 рулонаў трасты, каб хапіла на ўсю рабочую змену. Потым па адным паступова падае 250-кілаграмовыя скруткі ў сыравінны тамбур. Тут рулоны трапляюць у распараджэнне размотчыкаў. Задача Наталлі Дзямід і Паўла Дудалева – выдаліць звязачны шпагат і роўным рыхлым слоем размясціць трасту на стале загрузкі, з якой транспарцёр падае сыравіну ў сушылку. Аперацыя не надта складаная, але ж за змену трэба падрыхтаваць да перапрацоўкі да трох тон трасты, якая потым паступова рухаецца праз доўгую сушылку.

 
 Высушаную і гарачую, а таму і пыльную, яе прымаюць з транспарцёра на наступным рабочым месцы Ігар Пушкель і Вікторыя Цвячкоўская. У іх напружанне яшчэ большае, бо трэба не толькі сфарміраваць асабліва роўны слой для падачы ў загрузачнае прыстасаванне, але і сачыць за дзейнасцю абсталявання. Калі трапіць блытаніна, спыніцца мялка. Гэта здараецца не так і рэдка. Між тым транспарцёр перапрацоўчай лініі рухаецца да турбін, на якіх валакно аддзяляецца ад кастры. За гэтым працэсам са свайго паста назірае аператар Жанна Іванова. Вынік падводзіць здымальнік доўгага валакна Валянціна Угельская. Яна звязвае роўныя пасмы – да 200 кілаграмаў за змену і больш – якія вельмі чакае Аршанскі льнокамбінат.

 
Між тым кароткае валакно, а гэта ўжо кудзеля, працягвае рух далей. Яна зноў праходзіць сушылку, мялку, вытрасаючыя кастру турбіны ў «кудзельніку» – агрэгаце, які абслугоўвае Ірына Коласава. Працэс кантралююць аператар Ніна Мітрафанава і майстар Ганна Яфімава. Нарэшце, мяккая і пышная кудзеля шырокім струменем трапляе да сартыроўшчыцы Наталлі Шаўлюга. Яна запаўняе цялежкі з кароткім валакном ля прэса. Гэты агрэгат звычайна абслугоўвае Віктар Тычко, аднак цяпер яго замяняў слесар Аляксандр Сцепулёнак. Ён з веданнем справы запаўняў прасовачную ёмістасць, пасля ўшчыльнення ўвязваў кіпу кароткага валакна шпагатам. Назапасілася ўжо дастаткова такіх кіп, каб загрузіць вялікую фуру з Гродна.

 
– За месяц перапрацоўваем да 180 тон трасты, падводзіць вынік экскурсіі па вытворчай лініі дырэктар. – Імкнёмся павялічыць гэты аб’ём.
Але дзённая рабочая змена заканчваецца. Яе гатова замяніць апошняя змена 2020 года.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2021
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта