У мінулым годзе справіла наваселле аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. На новым месцы споўнілася агульная мара супрацоўнікаў і наведвальнікаў пра сацыяльную кухню. Для кулінарных спроб адвялі асобны пакой, дзе гатуюць розныя стравы з даступных прадуктаў. У майстар-класе па прыгатаванні ласункаў на святочны стол паўдзельнічала карэспандэнт газеты.
Кулінарыя – адзін з накірункаў гуртка «Акадэмія дамаводства». Вядзе заняткі Вікторыя Ракіцкая. Вучыць наведвальнікаў рамантаваць адзенне, майстраваць неабходныя для быту рэчы з падручных матэрыялаў, гатаваць простыя і смачныя стравы і шмат чаму іншаму. Спецформу для кухні – касынкі і фартухі – таксама пашылі самі. Такі камплект разам з гумовымі пальчаткамі (у пару пандэміі без іх ніяк) прапанавалі апрануць і мне, калі, вымыўшы рукі, была гатова прыступіць да справы.
Салаты наразаюцца
У святочным меню два пункты: салата «Яловыя шышкі» і закуска «Снежкі». Рэцэпты Вікторыя Антонаўна знайшла ў інтэрнэце. Ці будзе смачна, хутка даведаемся.
На кухні ажыўлена і весела, хоць мы тут учатырох. Складаная эпідсітуацыя выключае масавасць. Наведвальнік аддзялення Максім Жугар наразае курыцу для салаты, валанцёр Анастасія Кулянок націрае на тарцы вараныя яйкі, якія спатрэбяцца ў абедзве стравы. Мне даюць заданне наразаць кружкамі агуркі, што будуць у аснове закускі. Затым месца на донцы займаюць кансерваваныя ананасы для салаты. Вікторыя Антонаўна курыруе працэс і прымае ў ім актыўны ўдзел. Смачны водар плыве з кухні ў калідор і спакушае супрацоўнікаў аддзялення паназіраць з парога, што тут дзеецца.
Разам гатаваць весела і хутка. Не прайшло і пятнаццаці хвілін, як талерку запоўнілі сытныя снежкі. Заставалася аформіць выкладзеную ў форме шышак салату лускавінкамі, для якіх выбралі несалодкія кукурузныя шматкі. Можна выкарыстоўваць міндальныя арэхі, але гэты варыянт больш затратны.
Стол сервіруецца
У гасцёўні сямейная пара Генадзя і Наталлі Дубікаў сервіруе святочны стол. Ім дапамагае гаспадыня творчай майстэрні «Лаўка цудаў» Алена Плехтан. У цэнтры стала – зялёны дожджык для дэкору, на талерках – папяровыя сурвэткі ў выглядзе елачак. Арыгінальныя сталовыя ўпрыгожанні атрымаліся з паўлітровага слоіка і бакала. З лёгкіх рук Алены Анатольеўны і яе выхаванцаў звычайныя рэчы ператварыліся ў сімпатычных снегавічкоў.
Дэкор дабаўляецца
Побач завяршаюць афармленне фотазоны з камінам Васіль Кайнараў і Максім Жугар, што ўжо паспеў справіцца на кухні. Упрыгожваюць фон пышнымі сняжынкамі і мяшочкамі ў форме боцікаў. Іх, дарэчы, вязала Вікторыя Ракіцкая.
– Работа напярэдадні зімовых святаў у майстэрнях кіпела. Выразалі выцінанкі, якімі аздобілі вокны. Майстравалі камін для фотазоны. Практыкаваліся ў сервіроўцы святочнага стала, – расказвае загадчык аддзялення Таццяна Шульга. – Яшчэ паўдзельнічалі ў дыстанцыйным відэаконкурсе навагодніх віншаванняў сярод тэрытарыяльных цэнтраў. Першы вопыт відэапрывітанняў спадабаўся ўсім удзельнікам.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотарэпартаж аўтара.