Прафесія — вадзіцель

30 кастрычніка — Дзень аўтамабіліста і дарожніка

 

Прафесія — вадзіцель
У калектыве аўтапарка №15 шмат спрактыкаваных вадзіцеляў. Кіраўніцтва параіла сустрэцца з Мікалаем Фёдаравічам Кукуцём і Францам Браніслававічам Богушам.

—   Абодва вопытныя, працуюць дзесяткі гадоў, класныя спецыялісты, — так характарызавалі гэтых працаўнікоў.

Мікалай Фёдаравіч закончыў 8 класаў Міёрскай СШ №2 і пайшоў у Відзаўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча.

 

— Цягнула да тэхнікі, — коратка ахарактарызаваў ён свой выбар.

Пасля заканчэння вучобы ўладкаваўся на працу ў аўтапарк. Працаваў на старэнькім аўтамабілі “ГАЗ-51”. Свае першыя рэйсы памятае і цяпер. Потым была служба ў арміі. Праходзіў яе ў Казахстане. Зноў круціў баранку па цалінных прасторах.

 

М. Ф. Кукуць лічыць, што прафесія вадзіцеля запатрабавана. Аўтамабільным транспартам ажыццяўляецца шмат перавозак. Вадзіцель павінен быць уважлівым, бо дарога заўсёды трымае ў напружанні.

 

Прафесія — вадзіцель Цяпер Мікалай Фёдаравіч працуе на МАЗе. Прывозіў зерне з розных рэгіёнаў Беларусі на камбікормавы завод. У апошні час дастаўляе соль з Салігорска. Камунальная служба выкарыстае яе ў зімовы перыяд.

У Франца Браніслававіча Богуша іншая спецыялізацыя. Ужо 40 гадоў як ён за баранкай аўтобуса.

 

— З’ездзіў два ЛАЗы, столькі ж ПАЗаў, цяпер пяты год на “Радзімічы”.

Маршруты прыгарадныя. Гэтага чалавека можна ўбачыць у розных месцах Міёршчыны. Вадзіцель першага класа. Узнагароджаны шматлікімі граматамі, значкамі Міністэрства першай і другой ступеняў за работу без аварый.

Са святам вас, аўтамабілісты і дарожнікі! Няхай праца будзе ў радасць, не падводзяць здароўе і тэхніка.

 

Людвіг КАСАТЫ.

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.