Авторизация
 

У Беларусі скароцяць дэкрэтны адпачынак. Што пра гэта думаюць міярчанкі?

  Тры гады ў нашай краіне мамы могуць прысвячаць выключна выхаванню свайго дзіцяці. Гэта адзін з самых вялікіх аплочваемых дэкрэтных адпачынкаў у свеце. Аднак разглядаецца магчымасць яго скарачэння. Спыталі, што на гэты конт думаюць матулі Міёршчыны.

 

Алена КЛІМЕНЦЬЕВА, мама дачушкі:
– Пасля двух гадоў знаходжання дома я ўжо хацела з’яўляцца на людзях, не хапала стасункаў. У дэкрэце шмат часу прысвячала дачушцы, але мой творчы пачатак патрабаваў выхаду. Калі ёсць хобі, бізнес ці іншая справа па душы, час ляціць незаўважна. Вось і я занялася валяннем з поўсці. Аддала малую ў садок у два з паловай гадкі, пасля паўтара месяца адпачывала. Гэты перыяд неабходны не толькі дзіцяці, але і маці, бо прывыканне да новага калектыву і ўмоў – стрэс для абодвух. Нам пашанцавала: на сацыяльную адаптацыю не паўплывалі сезонныя захворванні, – гэта было летам. На работу пайшла як на свята. Лічу, што крыху скараціць дэкрэтны адпачынак можна, і ў гэтым ёсць сэнс. Толькі паступова: спачатку на паўгода, потым, калі ўзнікне патрэба – на год.

 

Вольга КОРСАК, выхоўвае сына:
– Усё індывідуальна. Хтосьці хоча аддаць дзіця ў сад у год, а іншы скажа, што і ў чатыры яшчэ рана. Думаю, што тры гады – той мінімум, калі маленькі чалавечак будзе гатовы да самастойнай дзейнасці: сам есць, апранаецца, мые рукі, гуляе. Да таго ж, калі ў масавым парадку будзем вадзіць у сад дзяцей з двух гадоў, узрасце нагрузка на выхавацеляў дашкольных устаноў. Іх работа і так мае на ўвазе поўную самааддачу і высокую адказнасць за маленькіх. Дадайце да гэтага яшчэ і абавязкі накарміць з лыжачкі, апрануць… Магчыма, вопытная мама скажа, што лепш пачаць прывыкаць да садка раней. Можа быць, праз паўгода і я памяняю сваё меркаванне. Аднак майму сыну амаль паўтара года, і лічу, што маральна ён не будзе гатовы знаёміцца з новым калектывам у два гады.

 

Тамара Данілаўна НІКІФАРАВА, маці трох дачок і двух сыноў:
– Даўно выраслі мае дзеці, унукі падарылі праўнукаў. У наш час дэкрэтнага адпачынку не было наогул. Некалькі тыдняў пабыў дома – і зноў за работу. Глядзець за малымі было некаму. Цяжэй давялося са старэйшым сынам, ніхто не дапамагаў. А пасля няньчылі адзін аднаго. Хвалявалася, калі пакідала адных дома. Прывяжу вяровачку за нагу – і да ложка, каб з дому не збеглі, пасаджу на печ, а сама перажываю, каб нічога не здарылася. Так што ў параўнанні з часамі маёй маладосці нават два гады дэкрэтнага адпачынку – ужо падарунак ад дзяржавы. У гэтым узросце дзеці ўжо больш-менш самастойныя.

 

Зінаіда Дзмітрыеўна ФЕДАРЭНКА, вырасціла сына і дачку:
– Наш з мужам першынец нарадзіўся ў 1979 годзе. Тады дэкрэтны адпачынак быў усяго год. Нясу сына ў яслі, а ён плача, і ў мяне душа баліць. Нашым дзецям пашчасціла, што з малымі можна сядзець тры гады. Лепш і не прыдумаеш. Любая маці хоча даўжэй пабыць са сваім дзіцём, і гэта цудоўна, што ў іх ёсць такая магчымасць. Мая дачка аддавала дачушку ў садок у два з паловай гадкі. Два, можа, і малавата, але ж яны цяпер такія развітыя! Не веру, калі гавораць, што за тры гады спецыяліст губляе кваліфікацыю. Сапраўдны майстар сваёй справы заўсёды будзе запатрабаваны. А месца маленькага дзіцяці – побач з маці.

 

У кожнага свая жыццёвая сітуацыя. Дачушцы было ўсяго сем месяцаў, калі мне прапанавалі працаваць у рэдакцыі. Тады пра дэкрэтны адпачынак, падзелены паміж татам і маці, ніхто і не чуў. Аднак амаль да двух гадоў з малой сядзеў муж. А ў мяне і цяпер згрызоты сумлення, што не была побач, калі дзіцяці спазнавала свет. З сыночкам нават думкі не ўзнікала выйсці на працу раней. Сумавала па рабоце і калегах, але разумела, што там усё яшчэ паспею, а маленства роднага чалавечка не паўторыцца. Шкада будзе, калі ў нас заберуць такую магчымасць.

 

Алена ВАРОНІНА.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 июня 2021
Александр, Алексей, Иван, Кирилл, Рафаил, Мария, Марфа, Марианна, Фекла

Именины 21 июня 2021
Василий, Константин, Павел, Федор, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта