Авторизация
 

Энтузіязм спрыяе ўраджаю: экскурсія на Міёрскі ільнозавод

 Вырошчваць лён на Міёршчыне – непарушная традыцыя. Па-першае, гэта культура найважнейшая для нашай краіны. Па-другое, для многіх жыхароў райцэнтра лепшага месца працы, як у ільнаводчай сферы, няма. Людскі энтузіязм дазваляе льнозаводу заставацца на плаву і ў далёкіх ад сучасных тэхналагічных умовах арганізоўваць поўны цыкл работы: сеяць, убіраць і перапрацоўваць даўгунец.

 

Да Міёрскага льнозавода пад’язджаем следам за вялізным аўтапрычэпам, напоўненым рулонамі трасты. Чарговая партыя сыравіны паступіла з палеткаў. Разгрузка машыны заняла не больш за дзесяць хвілін. Вадзіцель пагрузчыка Віталь Драгун умела кіруе механізмамі, здымаючы рулоны адзін за адным. Затым акуратна ярусамі ўстанаўлівае іх у шаху. Тут сыравіна будзе чакаць сваёй чаргі на апрацоўку. На тэрыторыі льнозавода тры вялікія павеці для яе захоўвання. Сёлета запоўнены дзве. На першы погляд змесціва ўсюды аднолькавае, аднак размяркоўваецца па зонах у залежнасці ад якасці.

 
Як расказаў дырэктар Аляксандр Грэцкі, пад лён сёлета было адведзена 1,1 тысячы гектараў. Сеялі яго на арэндных землях у ААТ «Пад’ельцы», «Дрыгучы», «Туркова», «Мерыца» і іншых. Вырошчвалі сіламі ўласнага мехатрада. На сыравінны склад з палеткаў  прыбываюць апошнія рулоны. Усяго нарыхтавалі 1,9 тысячы тон трасты.

 
Сёлетні ўраджай, са слоў Аляксандра Мікалаевіча, лепшы за леташні – 2 тоны з гектара. З 0,57 да 0,73 паболеў нумар якасці трасты. Вышэйшы працэнт выхаду доўгага валакна. Галоўнае, што вытворчасць загружана на сто працэнтаў. У цаху арганізавана работа дзвюх змен у адзін паток: першая заступае з 7.00 да 15.30, другая – з 15.30 да 00.00. У кожнай каля 15 чалавек. За гадзіну перапрацоўваюць прыкладна 500 кілаграмаў трасты. Больш не дазваляюць тэхнічныя магутнасці.

 
– Прыбытак льнозавода забяспечвае збыт, – тлумачыць дырэктар. – Прадаём прадукцыю па дзяржзаказе. Доўгае і кароткае валакно адгружаем на Аршанскі льнозавод, гродзенскаму тэкстыльнаму прадпрыемству «Гронітэкс» патрэбна толькі кароткае.

 
На экспарт прадаваць выгадней. У значных аб’ёмах закупляў ільновалакно Кітай, якому падыходзіць любой якасці. Аднак у сувязі з пандэміяй граніцы былі закрытыя. З-за гэтага знізіліся на 25 – 50 працэнтаў закупачныя цэны на лён. Негатыўна ўплывае і зношанае   абсталяванне. Таму завод падлічвае страты, а не прыбытак.

 
Хвалююць дырэктара і кадравыя праблемы. У калектыве 64 чалавекі. Экстранна неабходны аграном і галоўны інжынер. Па-сутнасці, гэта ключавыя спецыялісты, ад якіх залежыць вытворчы працэс. Яны вырашаюць, якія палявыя работы неабходны, у якія тэрміны іх выконваць і ў якой паслядоўнасці, адказваюць за надзейнасць тэхнікі.
Моладзь прыходзіць і сыходзіць – спачатку ў войска, а затым туды, дзе лягчэй. А каб у льнаводстве нечага дасягнуць і палюбіць справу, трэба шмат прыступак адолець.

 
На ўласным вопыце ў тым перакананы старшы кантрольны майстар Лілія Сенчанка і майстар змены Ганна Яфімава. Абедзве заняты на вытворчасці з пачатку 1990-х гадоў. Крыху меншы стаж у аператара паточнай лініі Жанны Івановай і загрузчыка сыравіны Ірыны Коласавай. Ніхто з іх не скардзіцца, хаця работу на вытворчасці лёгкай не назавеш. Шмат пылу і шумна, ад чаго хутка стамляешся. Калектыў марыць пра мадэрнізацыю. Сучаснае абсталяванне спрашчае людскую працу, але цалкам рабочыя рукі ніякія тэхналогіі не заменяць.

 
Тут засталіся адданыя сваёй справе людзі. Розныя часы перажывалі, і сыравіны не хапала, і з грашыма цяжка было, але завод не пакінулі. І дзяцей выхоўвалі, на ногі змаглі паставіць, у свет выпусцілі. Цяпер тым больш сыходзіць не збіраюцца, нават калі надыдзе пенсіённая пара. Дзякуючы такому калектыву завод не спыніць сваю дзейнасць, што б ні стала. Блакітны лён будзе квітнець на міёрскіх палетках яшчэ доўгія гады.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2021
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта