На заседании райисполкома рассмотрен ряд актуальных вопросов, среди них - зимний период в животноводстве
gazeta 5-10-2020, 10:56 539 Навіны / Афіцыйна / Вясковае жыццё
На мінулым пасяджэнні райвыканкама разгледзелі шэраг актуальных пытанняў жыццядзейнасці раёна. Першы з вынесеных на парадак дня – «Аб ходзе падрыхтоўкі сельгасарганізацый да зімовага стойлавага перыяду буйной рагатай жывёлы». З асноўным дакладам выступіў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй Батура. У абмеркаваннях прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай выбарчай акрузе № 28, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Мікалай Шаўчук, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра. Ходам пасяджэння кіраваў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.
Зімаваць у камфорце і сытымі
Як адзначыў Андрэй Батура, пераход на зімова-стойлавы перыяд такі ж адказны, як і летне-пашавае ўтрыманне кароў. Усё неабходна арганізаваць так, каб атрымліваць здаровы прыплод і нарошчваць вытворчасць малака. Пакуль жывёла пасвіцца на волі, у гаспадарках рамантуюць і прыводзяць у парадак памяшканні, убіраюць прылеглыя тэрыторыі, выдаляюць гной. Для знішчэння ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб праводзяцца дэзынфекцыя і пабелка.
У сельгасарганізацыях раёна 79 ферм, у тым ліку 47 малочнатаварных. Усяго 177 памяшканняў, у тым ліку 69 – для ўтрымання дойнага статка. Тут будуць зімаваць 33 133 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 11 055 кароў, з якіх 10 825 – малочныя і 230 – мясныя. Ва УП «Цітова», ААТ «Туркова», «Узмёнскі край», УП «Чэрасы», райаграсэрвісе памяшканні адрамантавалі, пачысцілі, прадэзынфіцыравалі і пабялілі. У ААТ «Дрыгучы», «Любінова», «Мерыца», ВУПКУ «Міёрскі», філіяле «Павяцце» УП «Чэрасы» марнавалі час, таму кароўнікі і цялятнікі яшчэ не ў парадку. Ёсць прэтэнзіі да дэзатрада ветстанцыі, які няякасна праводзіў сваю работу ў шэрагу гаспадарак раёна.
Для вырошчвання нованароджанага маладняку ў сельгасарганізацыях 39 плёначнікаў і 27 прафілакторыяў. За рамонтныя работы не браліся ААТ «Дрыгучы», «Мікалаёўскі» і ВУПКУ «Міёрскі». З 49 раздатчыкаў травяністых кармоў, якія ёсць у раёне, да работы гатовы 30.
Пры пераводзе жывёлы з пашавага на стойлавае ўтрыманне галоўная ўмова – забяспечыць дастатковай колькасцю кармоў і паступова прывучыць да новых пасля травяністых.
Для паўнацэннага рацыёну сельгасарганізацыям раёна неабходна было засыпаць 22 671 тону зернефуражу. Пад поўную патрэбу яго маюць толькі ў філіяле «Павяцце» УП «Чэрасы», «Чэрасы» і ВУПКУ «Міёрскі», дзе назапасілі 212 %, 126 % і 111 % адпаведна. Звыш 90 % у ААТ «Туркова» і «Мерыца». У астатніх няма і паловы, а ў некаторых напружваліся яшчэ менш. Аналагічная сітуацыя і па забеспячэнні бялковай сыравінай для вытворчасці камбікорму. Рапс убралі, грошы патрацілі, а пра тое, што наперадзе зіма і трэба даіць, практычна ніхто не думаў. У выніку закупіць шрот могуць дазволіць сабе толькі ва УП «Чэрасы», КУП «Язна», філіяле «Павяцце» УП Чэрасы і ААТ «Мерыца», астатнія ўвесь зімова-стойлавы перыяд будуць прыдумваць прычыны, чаму няма малака.
Ёсць праблема з ветэрынарнымі спецыялістамі. Яны асабліва неабходны ва УП «Цітова», «Папшулі», «Любінова», «Мерыца», «Узмёнскі край», «Мікалаёўскі», ВУПКУ «Міёрскі», райаграсэрвісе. Усяго на 40 % ад патрэбы ўкамплектаваны штат райветстанцыі. Заатэхнічная служба больш шматлікая ў раёне.
Усе выяўленыя парушэнні старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў запатрабаваў выправіць у кароткія тэрміны. У абмеркаваннях заўважана, што на большасць недапрацовак у сельгасвытворчай галіне знаходзяцца абгрунтаваныя прычыны, аднак нярэдка пад імі маскіруецца грубае парушэнне тэхналагічнага рэгламенту, безадказ- насць і банальнае нежаданне працаваць.
Жывёлагадоўля – асноўная галіна сельгасвытворчасці, якая дае рэальны прыбытак, значыць, забяспечваць яе работу павінны адказныя і добрасумленныя людзі. Завабіць такіх магчыма пры належнай арганізацыі ўмоў працы і вартым заробку. Забяспечваць гэта неабходна практычна ў кожным калектыве.
Да халадоў гатовы
Да ацяпляльнага перыяду 2020 – 2021 года гатовы. Пра гэта праінфармавала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вераніка Вішнеўская. Для ўстойлівай работы аб’ектаў ЖКГ у халодны сезон і зніжэння рызыкі аварыйнасці правялі агляд, мадэрнізацыю і рамонт кацельнага абсталявання і жыллёвага фонду. 1,743 км (108,9 % ад плана) зношаных цеплавых сетак замянілі на энергаэфектыўныя, папярэдне ізаляваныя трубы ў Міёрах і аграгарадку Язна. Акрамя гэтага, адрамантаваны 37,1 км цеплавых сетак, 150 м2 дахаў жылых дамоў і 17 пад’ездаў за кошт саміх жыльцоў. Прайшлі праверку і гідраўлічнае выпрабаванне ўнутраныя сістэмы ацяплення. 21 кацельня належала прафілактычнаму рамонту, тры з іх абсталявалі прыборамі ўліку цеплавой энергіі.
Да пачатку ацяпляльнага сезона запас паліва УП ЖКГ складаў 4,05 тысячы м3 дроў і 6,7 тысячы м3 шчапы. Усяго спатрэбіцца 9 тысяч м3 і 7,2 тысяч м3 адпаведна. За восем месяцаў райпаліўзбыт рэалізаваў 2 137 тон торфабрыкету, з іх 117 тон – арганізацыям, астатнія 2 020 – насельніцтву, яму ж і 4 800 м3 дроў. Згодна спісаў, якія прадастаўлялі сельвыканкамы ў пачатку года, неабходна забяспечыць палівам яшчэ 126 з 274-х грамадзян льготнай катэгорыі па Міёрскім раёне.
Злачынствы спыняць на карані
На пасяджэнні прааналізавалі эфектыўнасць мер па папярэджанні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя, у стане алкагольнага ап’янення і рэцыдыўнай злачыннасці на Міёршчыне. Часова выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Святаслаў Паніч заўважыў, што за сем месяцаў з пачатку года аператыўная абстаноўка ўскладнілася. Прычынай таму – алкагалізацыя насельніцтва. З агульнай колькасці расследаваных злачынстваў 24 учынілі нецвярозыя асобы. Як і 19 па лініі крымінальнага вышуку. У параўнанні з 2019-ым паменела забойстваў: з 2 да 1, крадзяжоў з 7 да 5. У той жа час зарэгістраваны разбой, два выпадкі згону транспартных сродкаў, чаго не было летась. На мінулагоднім узроўні колькасць учыненых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, аднак яны з вялікім грамадскім рэзанансам.
Звернута ўвага на актывізацыю дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі. Менавіта агульнымі намаганнямі магчыма своечасова выяўляць асоб, схільных да супрацьпраўных паводзін, злоўжывання алкаголем, а таксама своечасова рэагаваць на сямейны недабрабыт, дзе ўчыняюцца гвалтоўныя дзеянні. За такія факты трэба прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці, аднак нярэдка хатнім тыранам усё сыходзіць з рук. Сумеснымі намаганнямі трэба актыўней спрыяць лячэнню залежных ад алкаголю ў працоўных прафілакторыях. Гэта дапаможа пазбегнуць цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя насельніцтва раёна.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



