Да 85-годдзя санітарнай службы
Візітка кіраўніка
Рамуальд Уладзіміравіч Маліноўскі — галоўны санітарны ўрач раёна. Нарадзіўся 3 чэрвеня 1951 года ў в. Пазёмкава Мядзельскага раёна. У 1974-ым закончыў медінстытут у Мінску і быў накіраваны на працу ў Міёрскую санэпідэмстанцыю, дзе напачатку выконваў абавязкі ўрача-эпідэміёлага. 23 кастрычніка 1975-га прызначаны выконваючым абавязкі галоўнага санітарнага ўрача, а з 12 красавіка 1976-га ён заняў пасаду кіраўніка ўстановы, на якой працуе да сённяшняга часу. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ўрача-арганізатара. Узнагароджаны знакам «Выдатнік аховы здароўя». Па выніках работы РЦГЭ за 2006 год і за асабісты ўклад адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. А сёлета ўзнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Жанаты. Дарэчы, яго «палавінка» — Зінаіда Мікалаеўна — таксама працуе ў РЦГЭ, загадвае санітарна-гігіенічнай лабараторыяй. У сям’і двое дзяцей. Старэйшы сын Віктар — урач. А малодшы Павел закончыў юрыдычны факультэт.
Санітарна-эпідэміялагічная служба Рэспублікі Беларусь 23 верасня 2011 года адзначыла 85-годдзе, прайшоўшы складаны шлях ад малалікіх пачаткавых элементаў грамадскай прафілактыкі да адзінай дзяржаўнай санітарна-эпідэміялагічнай арганізацыі.
Першыя даведкі аб стварэнні Міёрскай райсанэпідстанцыі знойдзены ў дакументах раённага аддзела аховы здароўя за 1944 год. У штаце тады было ўсяго 12 чалавек. Служба вяла санітарны нагляд у асноўным за аб’ектамі харчавання і прафілактычную работу па барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі. Аснашчанасць санэпідстанцыі была небагатай — адна сухажаравая камера і тэрмастат, які ацяпляўся дрывамі, адна транспартная адзінка — конь. Мясцілася служба ў трох кабінетах. Фінансаванне вялося праз раённы аддзел аховы здароўя, якім тады кіраваў А.Н. Скрабатун, былы фельчар санслужбы. На жаль, няма даведак, хто ў першыя пасляваенныя гады кіраваў санэпідстанцыяй. А з 1953 да 1954 года гэту пасаду займаў П.А. Кукушкін, з 1954 да 1957 — І. В. Морхат, з 1957 да 1958 — С.В. Піклун, з 1958 да 1963 — М. А. Жалязніцкі.
У пяцідзесятыя гады ў раёне насельніцтва хварэла на сыпны і брушны тыф, дызентырыю, шкарлятыну, дыфтэрыю, каросту. Шырока распаўсюджаны быў педыкулёз. Санслужба паспяхова выконвала свае функцыі, што дазволіла хутка ліквідаваць шэраг сур’ёзных інфекцыйных захворванняў.
У 1963 годзе санслужба мела некалькі лабараторый — паразіталогіі, бактэрыялагічную і хімічную, прафдэзаддзел і аператыўны — размяшчаліся ўсе ў аднапавярховым драўляным будынку па вуліцы Кастрычніцкай.
З моманту ўтварэння і да 1968 года санітарная служба абслугоўвала два раёны — Міёрскі і Шаркаўшчынскі.
У 1970-ым санітарна-эпідэміялагічны аддзел, які дзейнічаў пры райбальніцы, адасобіўся — была створана санітарна-эпідэміялагічная станцыя. З 1963 да 1975 года мясцовую санітарную службу ўзначальваў Аляксандр Іванавіч Ганаза, які меў вышэйшую адукацыю (у пасляваенныя гады гэтую пасаду нярэдка займалі работнікі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — фельчары).
У 1974 годзе ў Міёрах па вуліцы Камуністычнай пачалося будаўніцтва новага тыпавога будынка санстанцыі і ў 1977-ым адбылося яго засяленне. Менавіта ў гэты перыяд, з 1975 года, даверылі мне заняць пасаду галоўнага санітарнага ўрача раёна.
З 1990 года санслужба выйшла з падпарадкавання галоўнага ўрача Міёрскай ЦРБ і стала самастойнай структурнай адзінкай.
Цяпер у РЦГЭ працуе 39 чалавек, у тым ліку 7 урачоў і 17 работнікаў малодшага і сярэдняга медперсаналу. У структуры ўстановы тры аддзелы — прафілактычны, эпідэміялагічны і гігіены, тры акрэдытаваныя лабараторыі — мікрабіялагічная, санітарна-гігіенічная, радыёлагічная, якія аснашчаны сучасным абсталяваннем. Занальная санітарна-гігіенічная лабараторыя, якая створана ў 1982 годзе, вядзе кантроль не толькі за мясцовымі аб’ектамі, але і ў Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Браслаўскім і Глыбоцкім раёнах.
Санслужба ажыццяўляе нагляд за санітарнымі ўмовамі працы работнікаў устаноў і прадпрыемстваў, вучобы дзяцей ў школах і знаходжання ў дзіцячых садках. Падкантрольныя ёй установы харчавання і гандлёвыя аб’екты. Пад пільнай увагай забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой, санітарны стан тэрыторый. Сумесна з лячэбнай сеткай раёна санслужба здзяйсняе цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва, зніжэнне агульнай і інфекцыйнай захворваемасці.
На працягу многіх гадоў спецыялісты санітарна-гігіенічнай службы вядуць карпатлівую, не заўсёды прыкметную для іншых, але вельмі патрэбную ўсім работу. Выкананне імі службовых абавязкаў патрабуе высокай прафесійнай кваліфікацыі, умення кантактаваць з людзьмі, і яны не падводзяць. Словы асаблівай падзякі найперш адрасую тым, хто ўнёс немалы ўклад у важную справу і цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Урач-бактэрыёлаг Надзея Андрэеўна Сямыга адпрацавала ў санслужбе 31 год. Яшчэ большы стаж, 40-гадовы, мае Уладзімір Сцяпанавіч Матэленак, які працаўладкаваўся ў санстанцыю ў 1952 годзе. Пешшу, на веласіпедзе, лыжах ён дабіраўся ў самыя аддаленыя вёскі Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. З 1964 да 2001-га працаваў у СЭС Мікалай Іосіфавіч Міхайлоўскі. Мікалай Паўлавіч Леановіч прысвяціў санслужбе 38 гадоў, Соф’я Вікенцьеўна Ядрэўская і Ядвіга Антонаўна Свяцкая — па 33, Валянціна Іванаўна Лавішак і Зінаіда Юльянаўна Буда — па 32, Раіса Мікалаеўна Леановіч і Святлана Серафімаўна Кандрацьева — па 26, Галіна Альбертаўна Гайбовіч і Рамуальда Альдэфонсаўна Маляўка — па 25.
Сярод ветэранаў, якія цяпер працуюць у санслужбе і паказваюць станоўчы прыклад маладзейшым, урач-гігіеніст па гігіене харчавання Галіна Валер’еўна Федуковіч, мікрабіёлаг Святлана Міхайлаўна Скавародка, памочнік урача-гігіеніста Вячаслава Францаўна Мароз, фельчары-лабаранты Таіса Мартынаўна Чмыхава і Вера Браніславаўна Мароз. А ўвогуле можна адзначыць руплівасць кожнага нашага работніка, бо дзякуючы іх агульнаму ўкладу дасягнута ў раёне зніжэнне інфекцыйнай захворваемасці насельніцтва, палепшаны санітарныя ўмовы жыцця і працы людзей, сталі больш упарадкаванымі населеныя пункты. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый дзякую за разуменне важнасці прад’яўляемых санслужбай патрабаванняў і іх выкананне. Паспяховаму ажыццяўленню многіх праводзімых РЦГЭ мерапрыемстваў спрыяе пастаянная падтрымка ўсіх важных спраў райвыканкам.
Шчыра віншую работнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з прафесійным святам. Дзякую за сумленную працу і шчодрасць душы. Зычу ўсяго найлепшага.
На здымках: галоўны санітарны ўрач раёна Р. У. Маліноўскі; урачы санслужбы на “планёрцы” ў кіраўніка.
Р. МАЛІНОЎСКІ,
галоўны санітарны ўрач раёна.