Рытм будаўніцтва
gazeta 12-09-2011, 10:21 1 879 НавіныУ раёне ўзвядзеннем жылля, аб’ектаў вытворчасці, сацкультбыту і інжынерна-транспартнай інфраструктуры займаюцца ПМК-55, Міёрскае і Язненскае ПМС, “Міёрскі рамонтнік” і ДРБУ-203. Яны выканалі за 7 месяцаў падрадных работ на 10,9 млрд. рублёў, прычым тэмпы збавіў толькі “Рамонтнік”.
На Міёршчыне сёлета трэба ўвесці ў эксплуатацыю 12000 квадратных метраў жылля. За студзень-ліпень за кошт усіх крыніц фінансавання ўзведзена 36 дамоў, што складае 31% гадавога задання. Работнікі сельгасарганізацый атрымалі 17 сядзіб у ААТ “Пад’ельцы”, “Чэрасы”, “Мікалаёўскі”, “Райграсервісе” і УП “Міёрскі”, а гэта 70% намечанага на сёлета. Жыллё для сваіх работнікаў узводзілі лясгас, меліяратары, камбікормавы завод.
На рахунку індывідуальных забудоўшчыкаў 14 дамоў.
Цяпер у Міёрах узводзяцца два 40-кватэрныя дамы па вул. Ягора Томкі, пачата будаўніцтва 9-кватэрнага ў Дзісне. За кошт бюджэту ў іх атрымае жыллё 13 ільготнікаў, 10 грамадзян пераселяцца з памяшканняў, якія прызнаны непрыгоднымі для жыцця.
Ільготныя крэдыты і аднаразовыя субсідыі дазволілі ўзвесці кватэры шасці мнагадзетным сем’ям, адна сям’я гэтай катэгорыі палепшыла жыллёвыя ўмовы шляхам індывідуальнага будаўніцтва.
На ўзвядзенне жылля выкарыстана 11,7 млрд. рублёў банкаўскіх крэдытаў. Гэта дазволіла выканаць заданне па ўводу агульнай плошчы дамоў крыху больш чым на 50% гадавога задання. Сітуацыя палепшыцца з уводам шматкватэрнага жылля, што запланавана на другое паўгоддзе. 8,2 мільярда рублёў капітальных укладанняў асвоена на ўзвядзенні малочнатаварнай фермы “Карпачова” з водазаборнымі збудаваннямі ў ААТ “Пад’ельцы”.
Карэкціруецца праектна-каштарысная дакументацыя для заканчэння работ на цэнтральнай раённай бальніцы.
Праблемы для будаўнікоў стварае нерытмічнае фінансаванне. Для выпраўлення сітуацыі давядзецца арганізаваць работы на шматкватэрных жылых дамах у дзве змены ў выхадныя і святочныя дні. Іх якасць кантралюе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Служба якасці ПМК-55 ацэньвае паступаючыя канструкцыі, вырабы і матэрыялы, выкананыя работы. Аднак і гэтага недастаткова, бо органы дзяржбуднагляду ў выніку 37 праверак выявілі 56 дэфектаў і парушэнняў. Яны тычацца ўстройства дахаў, устаноўкі аконных блокаў, пракладкі інжынерных сетак. Найбольш аператыўна рэагуе на заўвагі УП “Міёрскае ПМС”.
Трэба сказаць, што нізкая якасць работ і несвоечасовае выпраўленне заўваг выклікаюць абгрунтаваныя звароты жыхароў і павялічваюць кошт работ. Хаця варта адзначыць паляпшэнне аддзелкі памяшканняў, што звязана з выкарыстаннем новых тэхналогій і матэрыялаў.
Сёлета павінна быць уведзена ў эксплуатацыю шматкватэрнае жыллё ў гарадах і 24 дамы на вёсцы (раней планавалася 35). Аднак агульнае заданне для раёна засталося ранейшым, яго магчыма выканаць толькі за кошт індывідуальных забудоўшчыкаў. Праблем з выдзяленнем ім зямельных участкаў няма. Цяпер ўзводзіцца 170 індывідуальных сядзіб, сёлета на будаўніцтва выдадзена 18 дазволаў. Сярод перспектыўных тэрыторых для індывідуальнай забудовы вызначаны новы раён “Сосны” ля вуліц Дружбы і Партызанскай. Тут з’явіцца 50 катэджаў, угоддзі для іх ужо выдзяляюцца.
Праектуецца індывідуальная забудова і ў сельскай мясцовасці.
Скарачаецца колькасць аб’ектаў звышнарматыўнага незакончанага будаўніцтва. За паўгоддзе іх стала менш на дзевяць, гэта інжынерныя сеткі ў сельгасарганізацыях. Аднак на 1 жніўня заставалася яшчэ 20 незакончаных будоўляў. Так што спраў у гэтым напрамку яшчэ шмат.
Цяпер будаўнічая галіна працуе ў асабліва напружаным рэжыме, што патрабуе пастаяннай мабілізацыі кіраўнічага апарата, лепшай каардынацыі ўсіх звёнаў.
Л. ЛЯСОВІЧ,
намеснік старшыні
райвыканкама.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.