Ураджай на зімовых кватэрах

Ураджай на зімовых кватэрах Хлебаробы Міёршчыны завяршылі ўборку збожжавых культур — якраз тая нагода, каб падрабязна расказаць пра яе вынікі. Робіць гэта госць рэдакцыі, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па раслінаводству Віктар Уладзіміравіч Гагалінскі.

 

— З вясны з трывогай сачылі за фарміраваннем ураджаю на палетках сельгасарганізацый. Майская спёка не надавала аптымізму. А што атрымалася на фінішы ўборачнай? 

— Сапраўды, сёлета для хлебаробаў былі свае асаблівасці: зерневыя з зімы загінулі на 4400 гектарах, крыжакветкавыя — на 3200 га. Па аб’ёмах выконваемых работ атрымаліся дзве пасяўныя кампаніі. Канешне, сумняваліся, ці здолеем справіцца з пастаўленымі задачамі. Аднак добрая аснашчанасць сельгасарганізацый энерганасычанай тэхнікай, вопыт кадраў, іх стараннасць садзейнічалі поспеху. На 29 жніўня ўборка зерневых культур у асноўным завершана. Намалот 60755 тон — у 1,6 раза больш мінулагодняга ці 101,4% да самага ўраджайнага 2009 года. Нагадаю, што ў 1993-ім валавы збор зерня склаў больш 68 тысяч тон. Пад увагу трэба прыняць, што тады была іншая структура пасяўных плошчаў.

 

— Якая ўраджайнасць па раёну? 

— Яна склала 29,4 цэнтнера з гектара. Для параўнання: летась гэты паказчык быў 21,2 ц/га.

 

— Зводка сведчыць, што некаторыя гаспадаркі намнога пераўзышлі суседзяў. Калі ласка, пракаменціруйце сітуацыю. 

— Сапраўды, пры роўных магчымасцях (маю на ўвазе паступленне мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін, паліва) ураджайнасць у гаспадарках розная. Лідарам з’яўляецца ААТ “Туркова”, дзе з кожнага гектара пасеваў збожжавых атрымалі па 38 цэнтнераў зерня. Парадавалі хлебаробы з “Мерыцы”, якія забяспечылі агульны намалот у 2,1 раза большы за леташні, а ўраджайнасць з гектара 35 цэнтнераў. Павелічэнне валавага збору зерня да вынікаў 2009 года 133%.

Цвёрды крок у павышэнне ўраджайнасці прадэманстравалі язненцы, забяспечыўшы на круг 29 цэнтнераў зерня—177% да мінулага года і 128% да 2009-га.

 

— Хто больш зерня засыпаў у засекі?

— Самыя большыя намалоты ў хлебаробаў з ААТ “Туркова”, “Цітова”, “Гвардзейскі”. Не ў поўную сілу спрацавалі ў “Міёрскім”. Тут валавы збор зерня 3584 т, а на круг выйшла толькі па 21,6 ц. Сёлета горш сваіх магчымасцей працавалі хлебаробы “Юбілейнага”, дзе ўраджайнасць з гектара 22,3 ц.

 

— Газета пісала пра камбайнераў-тысячнікаў, а колькі іх на завяршэнні жніва?

— Усяго 12 чалавек, па тры тысячнікі ў ААТ “Узмёнскі край” і “Цітова”. Гэта нашы маякі, заслужаныя лідары. Шчырая падзяка ім за натхнёную і высокапрадукцыйную працу. Іх вынік — арыенцір для іншых. Безумоўна, слоў падзякі заслугоўваюць усе ўдзельнікі ўборачнага канвеера, бо тут дробязяў няма. Пашчыравалі многія вадзіцелі на адвозцы збожжа, дапрацоўшчыкі зерня на таках.

— Хаця ўраджай 2011-га ўжо на зімовых кватэрах, але цяпер закладваецца падмурак будучага.

— Сапраўды, перапынку паміж жнівом і сяўбой азімых няма. Сяўба рапсу на 2200 га ўжо завершана. Цяпер асноўная ўвага на азімы клін, які павінен заняць 11000 гектараў. Сеем жыта, пшаніцу, трыцікале. Да 20 верасня з гэтым аб’ёмам павінны справіцца. Паралельна вядзецца ворыва, уносяцца мінеральныя ўгнаенні. На плошчы каля 4000 га ўнесены гліфасат.

— А як з насеннем?

— Пад яравую сяўбу трэба 5310 тон, у засеках ёсць 5645, уключаючы страхавы фонд. Такая перасцярога зусім не лішняя. Практыка паказала, што запас пасяўнога матэрыялу павінен быць. У нас дрэнна зімуе рапс. Па гэтай прычыне сёлета яго менш пасеялі.

— Некалькі слоў пра лён.

— Поўным ходам вядзецца яго ўборка. Па тэмпах атрымліваецца нядрэнна. Механізаваным спосабам траста запрасавана на 399 гектарах. Па якасці магу сказаць адно: сярэдні нумар сёлета 0,86.

 

Гутарыў Людвіг  КАСАТЫ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.